Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Дранчук: “Я ня веру ў дзяржаву, якую стварыў Лукашэнка”


Вольга Караткевіч, Прага Госьць “Начной Свабоды” Валер Дранчук, – вядомы журналіст, эколяг, грамадзкі дзеяч, – нарадзіўся ў 1951 г. на хутары Гавязна, які месьціцца на стаўпецка-нясьвіскім памежжы на Меншчыне. Скончыў журфак, працаваў у раённай газэце, газэце “Звязда”, быў дарадцам у сакратарыяце Вяхоўнага савету і апараце Савету міністраў. Рэдагаваў часопіс "Родная прырода" і адзін з аддзелаў часопісу "Беларусь". У 1995 годзе заснаваў экалягічную газэту “Белавеская пушча”. Валер Дранчук таксама пісьменьнік, аўтар двух паэтычных зборнікаў, кнігі экалягічнай публіцыстыкі і зборніка апавяданьняў для малых "Кажу дзецям".

Караткевіч: У вашым эсэ "Ў што я веру", напісаным для "Свабоды", вы пералічылі галоўныя каштоўнасьці чалавека: вера ў Бога, слова, блізкіх, краіну, праўду. Я зьвярнула ўвагу на вельмі аптымістычную фразу: "Я веру ў краіну, якую будую сам". Што вы мелі на ўвазе?"

Дранчук: “Вы ведаеце, гэтая фраза не прэтэндуе на аптымістычную, можа нават тут больш пэсымізму. Па-першае, за гэтай фразай стаіць тое, што я абсалютна расчараваны ў той краіне, якую мы сёньня маем, якую нам навязаў Аляксандар Рыгоравіч і ў якую ён у рэшце рэшт загнаў наш беларускі народ. Таму "я будую" – гэта пазыцыя нейкай пабочнасьці, я як бы будую збоку, я не магу ўдзельнічаць у той краіне, у дзяржавастваральнай працы...”

“Чым больш асабістых дасягненьняў ува ўсіх нас, тым лепш для нацыі”

Караткевіч: “Але я мела на ўвазе краіну, якую ВЫ будуеце... Як можа быць вера без аптымізму?”

Дранчук: “Гэта зьнітавана. Гэта маё выйсьце, я ня маю магчымасьці будаваць тую краіну, якую б хацеў будаваць – я будую асобна”.

Караткевіч: “На шляху вашага будаўніцтва той краіны, якую вы будуеце – чаго было больш, расчараваньняў ці ўсё-ткі дасягненьняў?”

Дранчук: “Дасягненьні – перш-напеш асабістыя. Я лічу, чым больш асабістых дасягненьняў ува ўсіх нас, тым лепш для дзяржавы, для народа, для нацыі, для разьвіцьця, для нашай агульнай падужнасьці. І вось тут я бачу аптымізм, менавіта на гэта павінны быць скіраваныя нашы намаганьні сёньня – я маю на ўвазе дэмакратычную грамадзкасьць, супольнасьць, якая выбрала і выбірае – кажучы пра новае пакаленьне – новыя арыенціры, новыя каштоўнасьці, зь якімі мы павінны прыйсьці ў новы сьвет, новую Эўропу”.

“Я не зусім вясковец, я хутаранец”

Караткевіч: “Скажыце, тое, што вы – хутаранін, паўплывала на ваш характар?”

Дранчук: “Несумненна, самым істотным чынам. Я заўсёды так і кажу, што я не зусім вясковец, я хутаранец. Паўплывала, хоць і на нашым хутары было шмат людзей – і радня, і шмат знаёмых, з таго ж Нясьвіжа, з ваколіцаў, блізкія людзі майго дзеда, у якога я гадаваўся... Я гадаваўся ў цішыні, у гэтых шатах, сярод дрэў – гэта самыя векавыя дрэвы, якія ёсьць у ваколіцы, у радыюсе дзесяці кілямэтраў няма такіх дрэў. Таму прырода мяне выхоўвала, і я вельмі ўдзячны лёсу, што ён склаўся менавіта такім чынам, што я рос на хутары”.

Караткевіч: “А які лёс вашага хутару цяпер?”

Дранчук: “Лёс ня самы лепшы, бо хата не захавалася – яна была вельмі вялікая, прасторная, на тры сям''і месца, але мясцовы крымінал у 1997 годзе туды залез і ўсё гэта выпаліў. Я не злучаю гэта зь нейкай сваёй публікацыяй, але гэта здарылася літаральна 10 дзён пасьля рэзкай, вострай публікацыі ў газэце “Свободные новости”. Я гэта не злучаю, але і не выключаю, што гэта магло быць наступства гэтай публікацыі”.

Караткевіч: “А пра што была публікацыя?”

Дранчук: “Публікацыя называлася "Перад пастом" – яна была прысьвечана прыходу Лукашэнкі і тым наступствам, якія мы ўсе адчулі, я ў тым ліку, і гэта была рэакцыя публіцыста на тое, што я бачыў, адчуваў – выніковы артыкул майго роздуму за папярэднія два гады”.

“У гэтую ўладу я не пайшоў бы”

Караткевіч: “Якая ваша функцыя была ў органах улады, дарадцам у якіх пытаньнях вы былі?”

Дранчук: “Практычна па ўсіх пытаньнях – гэта была вельмі шчыльная школа дзяржаўнага жыцьця. Я быў дарадцам па пытаньнях, якія рыхтаваліся да Прэзыдыюму Вярхоўнага савету, паседжаньняў Савета міністраў... Старшыня саўміну заўсёды ўдзельнічаў у бюро ЦК, езьдзіў у дом на Карла Маркса, і паводле гэтых пытаньняў трэба было рыхтаваць для яго нейкія эканамічныя, сацыяльныя выкладкі, каб ён арыентаваўся ў тым, што там абмяркоўваецца. Я прыцягваў з аддзелу людзей, яны ўсе гэтыя нататкі падавалі на стол мне, а пасьля я гэта ў такім кароткім выкладзе падаваў старшыні, каб ён напярэдадні ва ўсё гэта ўчытаўся і мог прэзэнтаваць пазыцыю Савету міністраў на такіх паседжаньнях”.

Караткевіч: “А цяпер вы пайшлі б дарадцам, калі б вас запрасілі?”

Дранчук: “Напэўна, не, па той жа прычыне, што я ня веру ў тую дзяржаву, якую стварыў Лукашэнка. Гэта нейкая хімэрызацыя дзяржаўнасьці – у нас няма дзяржавы, у нас ёсьць антыдзяржава, анты-Беларусь, і таму ў гэтую ўладу я не пайшоў бы”.

“Нашая сьвядомасьць таксама закідваецца сьмецьцем псэўдакаштоўнасьцяў”

Караткевіч: “Якія самыя галоўныя экалягічныя праблемы ў сёньняшняй Беларусі?”

Дранчук: “Тут цяжка вылучыць самыя-самыя. Мне здаецца, што прабллема адкідаў – самая балючая, самая цяжкавырашальная. Калі іншыя неяк вырашаюцца, на іх неяк улады рэагуюць, грамадзкасьць рэагуе, то тут – не, а яшчэ і нашая сьвядомасьць таксама закідваецца нейкім хламудзьдзём псэўдакаштоўнасьцяў.

Сёньня я быў, напрыклад, у гастраноме, і зьвярнуў увагу, што ўсё сёньня мае сваю ўпакоўку. Сёньня ўжо нават паперы няма – а куды гэта ўсё дзяецца? Гэта ўсё агрэсіўныя матэрыялы, новыя матэрыялы, якія ня хутка зьнікнуць з навакольнага асяродзьдзя. Яны трапляюць у нашыя лясы, асабліва ў сельскай мясцовасьці гэтая праблема вельмі і вельмі вострая. У горадзе ёсьць сыстэма прыбіраньня сьмецьця – а ў сельскай мясцовасьці ўсе афіцыйныя сьмецьцезвалкі патрабуюць зьмены месца, каб было прыбранае гэтае месца. Яны гадоў па 25-30, некаторыя і больш існуюць. Часам – на берагах рэк, пры лясах, усё гэта расьцягваецца ці зьвярхём, ці птушкамі... Мы не навучыліся ўтылізаваць адкіды. У Беларусі няма ніводнага завода, які перапрацоўвае сьмецьце, і на аднаго чалавека ў год прыходзіцца чатыры тоны адкідаў”.

Караткевіч: “У нашым апытаньні ў Менску на вуліцы Веры Харужай людзі скардзіліся на стому, на санлівасьць... Як вы гэта пракамэнтуеце?”

Дранчук: “Цяжка гэта неяк камэнтаваць, я ім веру, што яны адчуваюць, і думаю, што гэта несумненна зьвязана з гарадзкім навакольным асяродзьдзем, але я яшчэ хацеў бы сказаць пра больш глябальнае назіраньне. Часам на ўсіх высокіх паседжаньнях гавораць, што ў нас ёсьць “рост вытворчасьці”. Ці гучыць на гэтым высокім узроўні, за кошт чаго гэты рост? Мне здаецца, што на пэўным этапе, які ў Беларусі ўжо даўно настаў, трэба спыніцца і ўдасканальваць тэналёгіі, а не нарошчваць вытворчасьць. А калі так – то, зноў-такі, за кошт высокіх тэхналёгій, няшкодных для навакольнага асяродзьдзя, а гэта далёка не заўсёды так. Гэта якраз коштам чалавечага здароўя, бадзёрасьці, жыцьцястойкасьці...”

“Гэта вельмі цікавая зьява жыцьця, калі чалавек становіцца на ногі”

Караткевіч: “Ваш унук Платон нядаўна пачаў хадзіць. Што вы гаворыце яму, з чаго пачалося выхаваньне Платона?”

Дранчук: “Да выхаваньня мы далучаны вельмі часткова – дарэчы, сёньня ён тут, у нас на кватэры, і нават нам даверылі бацькі, каб ён тут начаваў – безумоўна, гэта шчасьлівыя хвіліны нашых стасункаў, але пакуль што нашыя стасункі такія сузіральніцкія. Я сачу за кожным яго крокам, рухам – гэта ня толькі вельмі цікава, я зь любоўю гэта раблю, і я шчасьлівы тым, што ў мяне ёсьць такая магчымасьць, назіраць за чалавекам – не таму, што гэта твая крывінка, а таму што гэта проста вельмі цікавая зьява жыцьця, калі чалавек становіцца на ногі. Часам мы перад нейкай карцінай стаім, я яму распавядаю, што гэта... Я гавару па-беларуску, ён вельмі ўважліва слухае, услухоўваецца ў гукі, склады, бачу разумнае адлюстраваньне на ягоным твары... Пакуль што я жыву такім сузіраньнем. Гэта вельмі глыбокае пачуцьцё, я перажываю вельмі высокую любоў і пяшчоту ў адносінах да яго”.

“Людзі хочуць паказаць Беларусь прыгожай”

Караткевіч: “На "Радыё Свабода" вы вядзеце фатаконкурс "Мая Беларусь". Здымкі якой тэматыкі найчасьцей дасылаюць?”

Дранчук: “Краявіды – гэта абсалютна відавочна. Напачатку думалася, што будзе больш гістарычных сьведчаньняў, на што арыентавалі арганізатары конкурсу, думалі, што людзі будуць актыўна пераглядаць свае альбомы, дасылаць сваіх бабулек, апранутых у такія нацыянальныя строі, але высьветлілася, што людзі адгукнуліся крышку на іншае – яны хочуць паказаць Беларусь прыгожай, цудоўнай, гэта таксама памкненьне, вартае ўхвалы і падтрымкі.

Той, хто глядзіць старонкі нашай фотагасьцёўні на сайце “Свабоды” тыдзень за тыднем, думаю, адчуў, што пераважна краявіды там зьяўляюцца. А хацелася б, каб дадалося этнаграфічнага – гэта яшчэ наперадзе, я буду арыентаваць з кожным тыднем у сваіх камэнтарах, каб усё ж такі рэтра-сьвятло на нашых конкурсных старонках зьяўлялася”.
XS
SM
MD
LG