Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч і Процька – пра выключэньне Беларусі з чорнага сьпісу ААН


Алег Грузьдзіловіч, Менск Прадстаўнік міністра замежных справаў у дачыненьнях з эўрапейскімі структурамі, дэпутат беларускага парлямэнту Сяргей Гайдукевіч вітае рашэньне Рады ААН у правах чалавека выключыць Беларусь з чорнага сьпісу краінаў, дзе сытуацыя з правамі чалавека лічыцца найгоршай. А вось старшыню Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяну Процьку гэтае рашэньне насьцярожыла.

Сяргей Гайдукевіч заявіў:

“Рашэньне Рады ААН у правах чалавека я ўспрымаю як нармальную зьяву. Яшчэ раз даецца шанец і беларускаму боку, які сёньня паводзіць сябе адпаведна сытуацыі і адкрыты для правядзеньня палітыкі, да якой мы імкнемся.

Няма дасканалых краінаў. Гэта я цытую міністра замежных справаў Японіі, які сказаў, што трэба быць паблажлівей да краінаў, якія толькі сталі на шлях разьвіцьця дэмакратыі. Калі краіна да гэтага імкнецца, просіць магчымасьці рухацца наперад, гатовая ісьці гэтым цяжкім шляхам, такую краіну трэба падтрымліваць. Вось гэткі падыход я вітаю”.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька мяркуе гэтак:

“Аб’ектыўна — гэта паказчык удалай працы Міністэрства замежных справаў. Там сядзяць людзі кваліфікаваныя, якія разумеюць, што праца ў галіне правоў чалавека, увогуле праваабарончая тэматыка ёсьць і прадметам, і сродкам міжнародных зносін.

Але — праца добрых чыноўнікаў, калі яна не адпавядае рэчаіснасьці, заўсёды вылезе бокам. Так, сёньня дзяржава атрымала пэўныя прэфэрэнцыі з боку міжнароднай супольнасьці — а як яны будуць выкарыстаныя? Бо праблемы, пра якія мы кажам у сваіх маніторынгах, засталіся.

Калі дзяржава ня толькі даб’ецца выключэньня з чорнага сьпісу, але нешта выправіць унутры краіны — гэта адна сытуацыя. Але калі гэта зроблена толькі дзеля паказухі, зноў будуць у сьпісе”.

Гл. таксама:

Рада ААН скасавала пасады спэцдакладчыкаў для Беларусі і Кубы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG