Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ды расейскія правыя будуць супрацоўнічаць


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Маскве лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі й расейскага “Саюзу правых сілаў” падпісалі міжпартыйную дамову аб супрацоўніцтве. Гэтыя дзьве правыя партыі афіцыйна супрацоўнічаюць з 2002 году.

У інтэрвію Радыё Свабода старшыня “Саюзу правых сілаў” Мікіта Бялых сказаў:

“Аб’яднаная грамадзянская партыя зьяўляецца нашым ідэалягічным і стратэгічным партнэрам у Беларусі ўжо некалькі гадоў. Для нас вельмі важна, што мы аднолькава разумеем тыя праблемы, што існуюць у нашых дзяржавах. І мы аднолькава разумеем, як павінны разьвівацца беларуска-расейскія дачыненьні. І гэта і ёсьць аснова для заключэньня нашай дамовы”.

Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ацэньвае пэрспэктывы наступным чынам:

“Ідзе час, нешта мяняецца. І трэба ўносіць карэктывы. Мы, так бы мовіць, правялі эўрарамонт пагадненьня, якое падпісалі з СПС яшчэ ў 2002 годзе. І вось што цікава — сёньня пераважная бальшыня расейскіх палітыкаў, незалежна ад іх палітычнай арыентацыі, гавораць літаральна тэзамі ды сказамі з таго пагадненьня.

Я думаю, што і новае пагадненьне ўсё ж такі будзе пэрспэктыўным і будзе апярэджваць мэнтальнасьць ды дзейнасьць многіх расейскіх палітыкаў”.

Падчас падпісаньня пагадненьня неаднойчы згадвалі ўчорашнюю беларуска-расейскую канфэрэнцыю, на якой абмяркоўвалі альтэрнатыўную ўладнай канцэпцыю супрацоўніцтва Масквы і Менску.

Удзельнік канфэрэнцыі Аляксандар Дабравольскі на пытаньне, чым гэты дакумэнт прынцыпова адрозьніваецца ад праграмы ўладаў, адказаў так:

“Калі сказаць самае галоўнае, дык гэта пераход ад заклінаньняў ды лёзунгаў у палітыцы паміж Беларусьсю і Расеяй на рацыянальную аснову. Там ёсьць канкрэтныя пункты, што трэба зрабіць, каб грамадзяне абедзьвюх краінаў ад гэтага выйгралі.

Крызыс паміж дзяржавамі — у канцэпцыі ёсьць такая характарыстыка — разьвіваецца таму, што, па-першае, урады прынялі не адпаведную ўзаемным інтарэсам стратэгію інтэграцыі. Па-другое, і ў Беларусі, і ў Расеі існуе востры дэфіцыт дэмакратыі, палітычнай і эканамічнай свабоды.

Трэцяе, назіраецца востры дэфіцыт свабоды слова ды сходаў. І чацьвертае — грамадзянская супольнасьць пазбаўленая магчымасьці вызначаць мэханізмы і формы супрацоўніцтва ды стратэгічнага партнэрства”.

Спадар Дабравольскі таксама паведаміў: пасьля ўнясеньня некаторых заўвагаў, што прагучалі падчас канфэрэнцыі, дакумэнт будзе выстаўлены на афіцыйным сайце АГП.



Гл. таксама:

Беларускія і расейскія дэмакраты шукаюць альтэрнатыву

Расея пераходзіць на рынкавыя дачыненьні. З усімі

Л.Сініцын: Далучэньне Беларусі да Расеі — гэта “зайчык у матрошцы”

У.Парфяновіч: Пуцін будзе вучыць беларускую мову
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG