Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 19 чэрвеня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту

На форумах парталу гавораць пра магчымае закрыцьцё ў Менску камэрцыйных шапікаў. Санітарныя службы сталіцы лічыць гэта неабходным, бо прылеглыя да шапікаў тэрыторыі знаходзяцца ў нездавальняючым стане. Меркаваньні ўдзельнікаў форумаў:

“Скрайне непапулярны захад. Давайце яшчэ рукі-ногі ўсім паадрываем – кідаць сьмецьце ня будзе чым. Бо ж таксама эфэктыўна. Хоць і непапулярны захад”.

“Вы верыце ў тое, што санітарныя лекары могуць штрафаваць прыватнікаў за парушэньні да страты пульсу? Я ня веру. А вось у тое, што дадзеныя кароткія тэрміны для ліквідацыі ворага, а іншых нагодаў не прыдумалі – цалкам магчыма...”

“Шапікі – гэта ўвогуле гадзючнік для бамжоў”.

“Гадзяць не прадпрымальнікі, а людзі, якія карыстаюцца іхнымі паслугамі. То бок, ня трэба на люстэрка наракаць, калі пыса крывая”.

Сярод іншых абмеркаваньняў актуальных падзеяў – галінка Камэнтары:

“Мінус 400 мільёнаў даляраў”

“На нармальным бізнэсе гэта ніяк не адаб’ецца, затое цяпер легпрам ляжа, калій пойдзе затанна ў Індыю й Кітай, абвальваючы рынкі”.

“Увесь гэты час Эўразьвязу нішто не замінала набываць у Беларусі танныя нафтапрадукты, схавана падтрымліваючы цяперашнюю ўладу! А тут згадалі пра правы чалавека!

“Няцяжка прадбачыць рэакцыю нашых мэдыяў: пра Эўропу пачнуць казаць як пра гняздо распусты (што можа быць не зусім зьвязана з тэматыкай праблемы парушэньня правоў работнікаў згодна з прадпісаньнямі Міжнароднай арганізайцыі працы), пра антыгуманнасьць, пра ліпавую дэмакратыю. Толькі ці дапаможа ўся гэтая дэмагогія нашай краіне?”

На форумах сайту разважаюць на тэму “Мова і ўлада”.

Ritter піша: “Становішча з ужываньнем беларускай мовы вельмі лёгка зьмяніць. Ня трэба нікога прымушаць на ёй размаўляць. Дастаткова ўцяміць у грамадзкую сьвядомасць, што ўжываньне яе зь цягам часу будзе пашырацца, што гэта мова будучага. І усё, гэтага дастаткова. Людзі самі пачнуць вучыць дзяцей беларускай мове. С кожным годам жадаючыя будуць памнажацца. Больш можна нічога не рабіць. А дзеля гэтага някепска было б зьмяніць яе статус, але нават гэта неабавязкова рабіць, асабліва адразу. Ды, яшчэ каб прэзыдэнт не дэманстраваў сваё нежаданьне размаўляць на ёй, было б добра. Яго палеміка яму толькі замінае, хай чытае спачатку тэкст на прыгожай мове, звычайна выступы прэзыдэнта і ягоныя прамовы ўсё адно рыхтуюцца. Але, відаць, гэта будзе рабіць ужо іншы прэзыдэнт».

Up_paradox у суполцы Жывога журналу разважае, чаму ў Беларусі высакакваліфікаваныя спэцыялісты бягуць з высокааплатнай працы ў прыбытковых фірмах. “Чаму, запытаецеся вы, кіраўніцтва ня робіць захадаў дзеля ўтрыманьня добрых супрацоўнікаў і не выганяе кепскіх? Адгадайце з трох разоў. Бо занадта ўжо шмат у іх сваякоў, сяброў, каханак і г.д., якіх трэба некуды “прыладзіць”... не заўсёды страшна, калі ўладкоўваюць “дзетак” – у сучаснай моладзі хоць навыкі працы з кампутарамі ёсьць, дый унураюцца яны, я лічу, нашмат хутчэй ды ахвотней... але гора той канторы, на якой жывуць ЦЁТКІ – гэтакія дамы бальзакаўскага веку, поўныя нулі ў сучасных тэхналёгіях, дый у працы таксама, якіх усё жыцьцё трымаюць на працы толькі дзякуючы сувязям іхных мужоў. Затое ў звадах і інтрыгах гэтыя бабы разьбіраюцца лепей за кардынала Рышэлье”.

У новай суполцы Жывога Журналу можна ўбачыць фотаздымкі беларускіх блогераў. Там ужо ёсьць фота rudy_de, litota_, papa_bo, chipa, buslovskas.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG