Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі каштуе беражлівасьць па-беларуску?


Ігар Карней, Менск Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дырэктыву №3 “Эканомія і беражлівасьць – галоўныя фактары эканамічнай бясьпекі краіны”. У дакумэнце – заклікі ашчадна ставіцца да энэргарэсурсаў і гарантаваць энэргетычную бясьпеку краіны. Да 1 жніўня ўрад павінны стварыць міжведамасную камісію ў кантролі за выкарыстаньнем паліўных і матэрыяльных рэсурсаў, стварыць галіновыя абласныя, гарадзкія і раённыя камісіі, а таксама пасады пазаштатных інспэктараў у наглядзе за эфэктыўным выкарыстаньнем рэсурсаў.

Аляксандар Лукашэнка даручыў Савету Міністраў да 1 верасьня ўсталяваць залежнасьць аплаты працы кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый у залежнасьці ад выкананьня паказьнікаў эканоміі рэсурсаў і пераарыентацыі на мясцовыя віды паліва. Адпаведныя структуры мусяць падаць прапановы аб адказнасьці кіраўнікоў дзяржворганаў за невыкананьне Дырэктывы на эканомію рэсурсаў.

Дырэктыва як “уладны піяр”

Валянцін Лопан, памочнік генэральнага дырэктара ў сувязях з грамадзкасьцю аднаго з буйнейшых прадпрыемстваў, Менскага аўтамабільнага заводу, кажа, што рэжым эканоміі для МАЗу – зьява звыклая. А што да магчымых санкцый у адносінах да адміністрацыі?

“Строга кажучы, юрыдычна – па Канстытуцыі і па законах, нельга прыцягнуць да адказнасьці за парушэньне якогасьці пункту Дырэктывы. Таму што няма такога нарматыўнага дакумэнта ў нашай сыстэме заканадаўства як Дырэктыва.

Я больш бачу ў гэтых дырэктывах піяр на ўзроўні ўлады, які ўсіх мабілізуе. То бок, выкарыстаньне аўтарытэту ўлады: маўляў, давайце ў гэтым кірунку зараз усе дружна возьмемся за працу. І пачынаюць: хто са страху, хто з разуменьня, хто з чаго, але ўсе “грабуць” у адным кірунку. Ад гэтага атрымліваецца вынік. І гэта добра, напэўна. Але, шчыра кажучы, што да гэтага падаражаньня ад Новага году, то ў нас доля затратаў на ўсе віды энэргіі ў сабекошце ня вырасла. За кошт таго, што перадусім каньюнктура добрая, кошты на нашу прадукцыю вырасьлі на ўсіх рынках. Таму мы кампэнсавалі гэта ўсё”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка кажа, што насамрэч усясьветнае падвышэньне коштаў на энэргарэсурсы станоўча адбіваецца на такіх прадпрыемствах як МАЗ ці БелАЗ:

“У прынцыпе, Беларусь выйграла з-за таго, што ў выніку росту коштаў на энэргарэсурсы расьце кошт на той жа вугаль. Падвысіўся попыт на БелАЗы, кар’ерныя самазвалы. То бок, гэта проста адлюстраванае ўзьдзеяньне коштаў на нафту. І мы ў гэтым выйгралі, пачалі пашыраць вытворчасьць БелАЗаў, навокал кажуць пра неверагодныя дасягненьні нашай кар’ернай тэхнікі. Асобныя эфэкты, канечне, ёсьць. А калі трэба праглынуць пілюлю, зьвязаную з тым, што аўтаматычна растуць кошты на газ, то тут мы ўжо пачынаем рабіць выгляд, што нічога страшнага не адбылося. Ды не, адбылося, і кошты будуць падвышацца”.

За беражлівасьць адкажуць бізнэсоўцы?

Адказнасьць за выкананьне Дырэктывы Лукашэнка ўсклаў на прэм’ер-міністра і іншых дзяржаўных чыноўнікаў. Выкананьне Дырэктывы будуць кантраляваць сілавыя ведамствы. Праверкі будзе ажыцьцяўляць Камітэт дзяржкантролю. Ён жа ўпаўнаважаны прыцягваць да адказнасьці кіраўнікоў прадпрыемстваў, вінаватых ў нанясеньні ўрону дзяржаве. МУС, КДБ, Генпракуратура будуць (цытую) “рашуча спыняць факты безгаспадарчасьці, парушэньня дысцыпліны, неабгрунтаванага расходаваньня матэрыяльных і грашовых сродкаў”.

Кіраўнік Менскага саюзу прадпрымальнікаў і арандатараў Уладзімер Карагін перакананы, што Дырэктыва хоць наўпрост і ня тычыцца бізнэс-структураў, але адказваць давядзецца ў тым ліку і прыватнікам:

“Натуральна, гэта ўскосны ўдар і па бізнэсе. Таму што калі ў дзяржавы не хапае дзесьці грошай, значыць, скарачаюцца разнастайныя праграмы, узмацняюцца спробы дзяржавы падвысіць падаткі, штрафныя санкцыі, абадраць прадпрыемствы, бо гэта наш традыцыйны спосаб латаньня розных эканамічных дзірак. Што нас, канечне ж, вельмі трывожыць”.

Не эканомія, а рэструктурызацыя

Органам дзяржаўнага кіраваньня даручана забясьпечыць правядзеньне ў падпарадкаваных арганізацыях рэгулярных праверак па эканоміі і беражлівасьці. Старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік пакуль ня ведае, як навіну пра новы віток беражлівасьці ўспрынялі ў рэгіёнах, але бачыць, да чаго можа прывесьці ігнараваньне дакумэнту:

“Ня ведаю я, якая рэакцыя будзе на гэта. Хоць, шчыра кажучы, ужо бачу пэўную рэакцыю і з аднаго боку, і з другога. Але ў выпадку невыкананьня распараджэньня, натуральна, што прадпрыемствы ў выніку меней атрымаюць грошай. У іх, магчыма, пагоршыцца сацыяльны стан працоўных, заробная плата. Я кажу “магчыма”, бо дзяржава, канечне, будзе рабіць усё, каб не дапусьціць такога. Але навошта нам нават у тэорыі губляць гэтыя грошы?”

Эканаміст Міхал Залескі лічыць, што дырэктывамі беларускай эканоміцы дапаможаш ня шмат. Тут патрэбныя зусім іншыя ініцыятывы:

“Натуральна, спадзявацца, што нам зноў пачнуць даваць штосьці бясплатна, ужо не выпадае. Але глядзець перадусім трэба на тое, што робяць палякі, славакі, якія маюць абсалютная такія ж у тэхнічным пляне заводы. Найлепей, канечне, было б гэтую галіну рэструктурызаваць з удзелам тых, хто гэта ўмее рабіць рэальна. Вось так было б аптымальна. Гэта бадай, усё, што можна выцягнуць з такой камбінацыі. Бо справа нават не ў ашчаднасьці, а ў тым, што ўвесь час трэба пераабсталёўвацца, увесь час трэба тэхнічна ўдасканальвацца”.

Лукашэнка даручыў стварыць структуры па кантролі за эканоміяй 15.06.2007 Сачыць за выкананьнем Дырэктывы № 3 будзе ў тым ліку і КДБ 15.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG