Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС камэнтуе магчымае пазбаўленьне Беларусі гандлёвых прэфэрэнцыяў


Уладзімер Глод, Менск Сёньня прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў выказаў стаўленьне афіцыйных уладаў да магчымага пазбаўленьня тарыфных прэфэрэнцыяў у гандлі з краінамі Эўразьвязу. Прэс-сакратар МЗС заявіў, што Беларусь па-ранейшаму гатовая працягваць перамовы на гэты конт.

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных справаў пракамэнтаваў праблему пазбаўленьня Беларусі прэфэрэнцыяў у гандлі з Эўразьвязам:

“Мы заўжды падкрэсьлівалі, што мы не варажэі, не прадказальнікі будучыні. Вельмі складана спэкуляваць наконт намеру нашых эўрапейскіх партнэраў. Цяпер мяч цалкам на іхным баку. Але калі такое рашэньне адбудзецца, дык яно стане самастойным палітычным крокам Эўрапейскага Зьвязу.

Мы лічым такое рашэньне абсалютна неабгрунтаваным, абсалютна контрапрадуктыўным і, не пабаюся гэтага слова, абсалютна антынародным у сваёй сутнасьці. Паколькі такое рашэньне (калі яно адбудзецца) будзе наўпрост біць і па простых беларускіх грамадзянах, пра дабрабыт якіх нібыта хвалюецца Эўразьвяз, і па інтарэсах іх уласных вытворцаў”.

Усё можа вырашыцца заўтра

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук упэўнены: у справе прэфэрэнцыяў многае вырашыцца ўжо заўтра, калі МАП на агульным паседжаньні канчаткова зацьвердзіць уключэньне Беларусі ў спэцпараграф.

Прафсаюзны лідэр лічыць: такое рашэньне стане дадатковым аргумэнтам Эўразьвязу для скасаваньня льготаў Беларусі:

“Эўразьвяз пацьвярджаў, што свае канчатковыя высновы ён можа зрабіць толькі на падставе выкананьня рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы ды ліквідацыі парушэньняў правоў прафсаюзаў у нашай краіне.

Да гэтага часу ў Эўразьвязу не было падставаў перагледзець сваё рашэньне аб скасаваньні льготаў ад 20 сьнежня 2006 году, якое ўступае ў дзеяньне праз паўгоду, лічачы ад гэтай даты. Няма дадатковых матываў, каб паставіць пад сумнеў сваё рашэньне”.

Між тым, сёньня ў прэсавага сакратара МЗС журналісты спыталіся: ці будзе афіцыйны Менск працягваць перамовы з Эўразьвязам дзеля захаваньня прэфэрэнцыяў?

“Мы адкрытыя да абмеркаваньня гэтых пытаньняў, – адказаў Андрэй Папоў. – І калі нашы эўрапейскія партнэры таксама да гэтага гатовыя, дык, я думаю, гэта паслужыць дадатковым каналам, каб знайсьці ўзаемапрымальнае рашэньне. І не даводзіць справу да нейкіх непажаданых крокаў і наступстваў”.

• Беларусь набліжаецца да страты гандлёвых прэфэрэнцыяў , 12.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG