Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буш параўноўвае камунізм і тэрарызм


Аляксей Знаткевіч, Прага 12 чэрвеня ў сталіцы ЗША Вашынгтоне адкрылі мэмарыял, прысьвечаны ахвярам камунізму ва ўсім сьвеце. Амэрыканскі прэзыдэнт Джордж Буш, які якраз скончыў візыт у былыя камуністычныя краіны – Чэхію, Польшчу, Баўгарыю і Альбанію, узяў удзел у адкрыцьці мэмарыялу. У сваёй прамове Буш правёў паралелі паміж камунізмам і тэрарызмам.

Сярод тых, хто прыйшоў на адкрыцьцё мэмарыялу, былі людзі, якія жылі ў камуністычных краінах у найбольш змрочныя часы, калі Савецкім Саюзам кіраваў Іосіф Сталін. Тыну Вандэрэр праехаў тры гадзіны са штату Нью-Джэрзі, каб наведаць цырымонію. Перад прыходам ў Эстонію савецкіх войскаў разам з бацькамі, братамі і сястрой ён пакінуў краіну, а потым ягоная сям''я перабралася ў Злучаныя Штаты.

"Гэты быў цуд, што мы здолелі сесьці на цягнік у Таліне, а потым на карабель у Нямеччыну".

Усталяваная ў Вашынгтоне бронзавая багіня з паходняй у руках – дакладная копія 10-мэтровай статуі ў гонар дэмакратыі, якую ў 1989 годзе усталявалі кітайскія студэнты падчас пратэстаў на плошчы Цяньаньмынь у Пэкіне. Тую статую зрабілі з гіпсу студэнты пэкінскай мастацкай школы.

Вашынгтон, 12.06.2007. Адкрыцьцё мэмарыялу памяці ахвяраў камунізму

Лі Эдвардз, які быў ініцыятарам стварэньня мэмарыялу, падчас цырымоніі нагадаў, што роўна 20 гадоў таму прэзыдэнт ЗША Роналд Рэйган заклікаў савецкага кіраўніка Міхаіла Гарбачова зьнесьці Бэрлінскі мур.

"Дваццаць гадоў таму прэзыдэнт Рэйган стаяў каля Брандэнбурскай брамы ў Бэрліне і сказаў: "Спадар Гарбачоў, разбурыце гэты мур!” Цынікі тады сьмяяліся са словаў прэзыдэнта Рэйгана, але праз два гады Бэрлінскі мур разваліўся, і ў хуткім часе "імпэрыя зла" скончыла сваё існаваньне.

Прэзыдэнт Буш у сваёй прамове сказаў, што камунізм адказны за сьмерць каля ста мільёнаў нявінных людзей у Савецкім Саюзе, Кітаі, іншых краінах Азіі, ва Ўсходняй Эўропе ды ў іншых рэгіёнах сьвету. Сярод іншага Буш казаў пра ўшанаваньне памяці мільёнаў ахвяраў, чые імёны назаўжды застануцца невядомымі:

"Сярод іх бязьвінныя ўкраінцы, якія памерлі ад голаду падчас сталінскага Галадамору, расейцы, якія загінулі ў сталінскіх чыстках, літоўцы, латышы і эстонцы, якіх грузілі ў вагоны для быдла і дэпартавалі ў паўночныя лягеры сьмерці савецкага камунізму".

У сваёй прамове Буш правёў паралелі паміж камунізмам і радыкальным ісламізмам ды тэрарызмам. Паводле амэрыканскага прэзыдэнта, тэракты 11 верасьня 2001 году пацьвердзілі, што свабоду нельга ўспрымаць як дадзенасьць і што са злом трэба змагацца:

"Як і камуністы, тыя тэрарысты і радыкалы, што напалі на нашу краіну, гэта пасьлядоўнікі забойчай ідэалёгіі, якая пагарджае свабодай, зьнішчае ўсіх нязгодных, мае амбіцыі для пашырэньня і перасьледуе таталітарныя мэты. Як і камуністы, нашы новыя ворагі вераць, што можна забіваць бязьвінных дзеля сваіх радыкальных праектаў. Як і камуністы, нашы новыя ворагі пагарджаюць свабоднымі народамі, сьцьвярджаючы, што тыя, хто жыве ў свабодзе, слабыя і ня маюць моцы, каб абараніць наш свабодны лад жыцьця. І як і камуністы, пасьлядоўнікі гвалтоўнага ісламскага радыкалізму асуджаныя на правал".

• Прадстаўнікі Рады БНР удзельнічалі ў адкрыцьці помніка ахвярам камунізму ў Вашынгтоне, 13.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG