Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэя Клімава вярнулі ў сьледчы ізалятар


Алег Грузьдзіловіч, Менск Палітыка Андрэя Клімава выпісалі з турэмнага шпіталю з дыягназам “стэнакардыя” і зноў зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар. Паводле турэмных дактароў, Андрэй Клімаў пачуваецца лепш, але павінен лячыцца далей.

Маці палітыка Ала Клімава атрымала ад сына чарговы ліст. Клімаў піша, што яго перавялі са шпіталю зноў у сьледчы ізалятар. Ала Пятроўна зачытала дасланы сынам ліст:

“Дарагая матулечка. Закончыўся мой “адпачынак” у рэспубліканскай бальніцы. Я зноў у турме. Працягваю курс лячэньня ў бальнічным стацыянары. Умовы здавальняючыя, без заўзятых курцоў. Беражы сябе. Цалую. Андрэй. 10.06.07”.

Доктарка з рэспубліканскай турэмнай бальніцы, якая выходзіць да наведнікаў расказаць пра здароўе хворых зьняволеных, паведаміла: Андрэй Клімаў быў выпісаны яшчэ ў мінулы чацьвер, 7 чэрвеня. У шпіталі Клімаву паставілі дыягназ — стэнакардыя.

“Я ўсё патлумачыла самому Клімаву, ягонай жонцы, а жонка ўсё напісала для маці, якая дрэнна чуе. Збольшага ўсё тое самае, што і дзевяць гадоў таму. Стэнакардыя. Гэта такая хранічная хвароба сэрца”, — расказала доктарка.

Сваякі Клімава заўважылі, што апошні раз сустракаліся з гэтай самай лекаркай у мінулую сераду, 6 чэрвеня. Атрымалася, ужо празь дзень Андрэя Клімава выпісалі, але доктарка пра гэта не папярэдзіла.

Сёньня турэмны мэдык патлумачыла сваякам: казаць, што вязьня заўтра выпішуць, яна ня мела права. Такі парадак. Лекі, якія мінулы раз яна прыняла ад сваякоў для Клімава, да яго дайшлі, запэўніла лекарка.

Нагадаю, Андрэй Клімаў трапіў у турэмны шпіталь у другой палове траўня. Ён скардзіўся на сардэчныя прыступы і недахоп паветра. У камэры, дзе палітык на той момант правёў болей за паўтара месяца, усе зьняволеныя палілі.

Неўзабаве Аб’яднаная грамадзянская партыя, сябрам якой ёсьць Андрэй Клімаў, выступіла з патрабаваньнем тэрмінова вызваліць Клімава, каб уратаваць ягонае жыцьцё.

Якое лячэньне атрымлівае Андрэй Клімаў цяпер, калі яго вярнулі ў сьледчы ізалятар, невядома.

Былога дэпутата Андрэя Клімава арыштавалі 3 траўня паводле абвінавачаньня ў распаўсюдзе праз інтэрнэт заклікаў скінуць дзейную ўладу. Вінаватым сябе Клімаў не прызнае і адмаўляецца ўдзельнічаць у сьледчых дзеяньнях. Палітыку пагражае да 3 гадоў зьняволеньня. Раней Клімаў двойчы адбываў пакараньне — зьняволеньнем і абмежаваньнем волі.


• “Гэта спроба палітычнага забойства няўгоднага палітыка Андрэя Клімава”, 6.06.2007 • Пра стан здароўя шпіталізаванага Андрэя Клімава нічога невядома, 25.05.2007 • Тэрмін арышту Андрэя Клімава працягнулі яшчэ на тры месяцы, 31.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG