Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў сельскай гаспадарцы Беларусі не перавяліся прыпіскі?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Амаль у палове правераных сельскіх гаспадарак Менскай вобласьці знайшлі прыпіскі ў статыстычных справаздачах. Чаму дагэтуль жыве завядзёнка савецкіх часоў “маляваць” патрэбныя лічбы?

“Няўжо камусьці хочацца сесьці ў турму за хлусьню?”,– запытаў пазаўчора Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў Менскім аблвыканкаме. Кіраўнік дзяржавы прадстаўляў новага старшыню аблвыканкаму – Леаніда Крупца. Былога старшыню, Мікалая Дамашкевіча, адправілі ў адстаўку за стыль кіраваньня, які не адпавядае часу”. Экс-міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў мяркуе, што прэтэнзіі да Дамашкевіча іншыя. У тым ліку за “прыпіскі”:

“З большага ён дакладна выконваў указаньні зьверху, а колькі там Дзяржкантроль знаходзіў прыпісак, гэта ўжо іншае пытаньне”.

Паводле дадзеных Дзяржканролю, амаль палова з правераных гаспадарак вобласьці займалася прыпіскамі надояў малака. Ці зьменіцца сытуацыя пры новым старшыні аблвыканкаму?

Журналіст Анатоль Гуляеў больш за 30 гадоў піша пра сельскую гаспадарку. Паводле яго, прыпіскі былі і застаюцца прыкметай калгаснага гаспадараньня, прычым апошнім часам гэтая “хвароба” абвастрылася.

“Нядаўна я ў Шклоўскім раёне размаўляў з чалавекам зь мясцовай статыстычнай управы. Ён сказаў, што зараз наўпрост з раёну тэлефануюць ў калгас – цяпер яны завуцца СПК – і кажуць: ураджайнасьць у вас мусіць быць гэткая. І тыя ў сябе пішуць, што гэткая ўраджайнасьць. А чыноўнік са статыстычнай ўправы, каб падстрахавацца, патрабуе ад іх паперу. І тыя яму дасылаюць, што такія і такія паказчыкі. І ўсё, пасьля гэтага ён спакойны”.

Паводле Анатоля Гуляева, у плянавай гаспадарцы, дзе селянін ня мае зямлі і фінансаў, а цалкам залежыць ад волі начальства, без прыпісак не абысьціся. А тое, што час ад часу гэтую праблему абмяркоўваюць на прэзыдэнцкім узроўні, нічога не мяняе.

“Калі ўжо нават той, хто сваёй палітыкай спараджае прыпіскі, кажа, што яны і тут, ў Менскай вобласьці, то трэба разумець, што сапраўды справа зайшла далёка”.

У Міністэрстве статыстыкі і аналізу мне не змаглі адказаць на пытаньне, колькі кіраўнікоў сельскіх гаспадарак сёлета пакаралі за прыпіскі. Сказалі, што не вядуць па іх асобнага ўліку. Што да прычын прыпісак, у статыстыкаў пра гэта сваё меркаваньне. Гаворыць прэсавы сакратар міністэрства Алена Кандраценка:

“А якія кадры працуюць на вёсцы? Проста не заўсёды людзі дакладна запаўняюць справаздачы. Таму большасьцю гэта не адмысловае скажэньне зьвестак, а недахоп кваліфікацыі”.

Журналіста Анатоля Гуляева такое тлумачэньне павесяліла.

“Каб сельская гаспадарка ў Беларусі пачалася ўчора, то можна было б казаць, што няма адмыслоўцаў, якія ведаюць, як тое малако перамерыць. Вёдрамі ці кіляграмамі? Несур’ёзна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG