Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня чарговыя ўгодкі пачатку вайны 1812 году


Ігар Карней, Менск 195 гадоў таму 650-тысячнае войска Напалеона пераправілася празь Нёман і увайшло ў межы Расейскай імпэрыі. Як сьведчаць гістарычныя даведнікі, беларуская арыстакратыя прыхільна паставілася да акупантаў, паколькі спадзявалася на абяцаную францускім імпэратарам дапамогу ў аднаўленьні Вялікага княства Літоўскага.

Амбасада Францыі ў Менску на 12 чэрвеня ніякіх спэцыяльных імпрэзаў не плянуе. Пра гэта гаворыць супрацоўніца дыпляматычнага прадстаўніцтва Анжаліка Жук:

“Не, нічога сёньня не плянуецца. Звычайна пад канец кастрычніка – пачатак лістапада, калі і была ўласна пераправа празь Бярэзіну, кожны год туды мы выяжджаем. Там ажыцьцяўляюцца масавыя пастаноўкі, калі ўзгадваюць той гістарычны прамежак часу, з ускладаньнем вянкоў і г.д. І гэта ладзіцца ўжо традыцыйна”.

Паводле гісторыка Аляксея Хадыкі, адрозна ад Расеі, на беларускіх землях прыход Банапарта чакалі з канкрэтнымі спадзяваньнямі:

“Існаваў праект аднаўленьня ВКЛ, які Напалеон спэцыяльна прасоўваў, каб заручыцца тут падтрымкай. Спадзевы на аднаўленьне дзяржавы, гістарычная памяць пра якую яшчэ была жывая, безумоўна, выклікалі сымпатыі да Напалеона з боку людзей, якія верылі, што прыйдзе новая культура. Тым больш, што француская культура была надзвычай папулярная ў сьвеце, а Напалеон яшчэ не паказаў сябе канчаткова як рабаўнік, якім ён урэшце і быў у дачыненьні да заваяваных ім народаў. Гэта была пазыцыя арыстакратыі. Люд больш просты, безумоўна, не сымпатызаваў ні тым, ні другім, бо вайна зразумела чым заканчваецца і што прыносіць – ад ахвяраў і кармленьня войскаў. Вядома таксама, што былі сялянскія партызанскія атрады, якія і супраць тых, і супраць тых ваявалі, абараняючы сваё жыцьцё, свае набыткі. Зрэшты, дзяржаўным людам лічылася толькі шляхта – права было на той час такім, яно не пашыралася на ўсе пласты насельніцтва”.

Дзе ляжаць напалеонаўскія скарбы?

Азіраючыся на падзеі амаль 200-гадовай даўніны, і ў Расеі, і ў Беларусі ня толькі ўзгадваюць прычыны і вынікі тых баталій, але мрояць аб “незьлічоным багацьці”, пакінутым Напалеонам падчас адступленьня. 14-16 лістапада 1812 году француская армія панесла вялізныя страты на пераправе праз раку Бярэзіна. Засьведчана, што прынамсі да беларускіх земляў дабраліся абозы, нагружаныя нарабаваным у Расеі дабром – мастацкімі каштоўнасьцямі, золатам, срэбрам. Аднак бярэзінская пераправа, маразы, голад і хваробы “распалавінілі” напалеонаўскае войска: на зваротным шляху Нёман перайшла толькі палова 650-тысячнай арміі, якая за месяц да таго стаяла ля Таруціна. Ці хавае дагэтуль беларуская зямля бязьмежныя скарбы Напалеона? Пытаньне турбуе як прафэсіяналаў, так і саматужных капальнікаў. Слова -- Аляксею Хадыку:

“Канечне, маглі быць такія скарбы, бо вядома, што Напалеон сабраў у сваіх палацах першыя найбуйнейшыя калекцыі мастацтва. Таму ў яго якраз было вельмі вялікае зацікаўленьне да калекцыянаваньня. То бок, спосабам вайны ён стаў найвялікшым калекцыянэрам. Натуральна, везьлі нешта з расейскіх земляў і штосьці мусіла зьнікаць. Бо адступленьне зь цягам чаму набывала хаатычны характар і нешта прападала, безумоўна. Іншая справа, наколькі дакладна, што скарбы трэба шукаць менавіта ў Бярэзіне? Але, як вядома, пераправа была надзвычай цяжкая, таму, магчыма, там нешта і ёсьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG