Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Tygodnik powszechny": Крэмль падпарадкоўвае беларускую апазыцыю


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Найбуйнейшая польская газэта каталіцкага кірунку “Tygodnik powszechny” зьмясьціла сёньня вялікі артыкул, у якім распавядае, што Расея апошнім часам узмацніла сваю прысутнасьць ў Беларусі, прычым ня толькі эканамічную, але і палітычную. Паводле газэты, Крэмль “падпарадкоўвае сабе беларускую апазыцыю”.

“Tygodnik powszechny” піша, што апошні Кангрэс дэмакратычных сілаў “быў дэманстрацыяй сілы тых апазыцыйных партыяў, якія ставяць на Расею і на якіх ставіць Расея”, а ў выніку ён стаўся паразай праэўрапейскага руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча.

“Гэта дае Крамлю поле для манэўру ў размовах з Лукашэнкам і забясьпечвае расейскія інтарэсы ў выпадку, калі б дайшло да палітычнага пералому... Расея наступае, дэмакратычны Захад адступае. Можна нават сказаць, што Захад дазволіў абгуляць сябе прыхільнікам прарасейскага курсу, якія давялі да падзелу беларускай апазыцыі практычна на дзьве часткі: адна гуртуецца вакол лідэраў палітычных партыяў, другая – вакол Мілінкевіча. Хутчэй за ўсё яны будуць змагацца за тое, каго дапусьціць да размоваў, калі б у будучыні ўрэшце сытуацыя зьмянілася”,– піша газэта.

“Tygodnik powszechny” акрэсьлівае партыі, якія уваходзяць у склад аб’яднанай апазыцыі як “ідэалягічны кактэйль”. Паводле газэты, апазыцыйныя камуністы і АГП, а таксама прыхільнікі Аляксандра Казуліна – гэта прарасейскія палітычныя сілы, а далучыўшыся да іх, так стаў выглядаць і БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі, які, аднак, калі браць пад увагу палітычныя погляды кааліцыянтаў, стаіць “бліжэй усё ж да поглядаў Мілінкевіча”.

Лідэраў апазыцыйных партыяў “Tygodnik powszechny” заве “незьнішчальнымі” і піша пра тое, што яны не згадзіліся на перамены, якія прапаноўваў Мілінкевіч.

У артыкуле экспэрты і самі палітыкі разважаюць пра вынікі Кангрэсу дэмакратычных сілаў і сытуацыю ў апазыцыі. Адны кажуць, што кааліцыя камуністаў, АГП і БНФ – гэта посьпех, іншыя – што беларусы больш ахвотна слухалі б беспартыйных кандыдатаў у часе выбарчых кампаніяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG