Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гародні прайшлі мастацкія акцыі ў абарону старога гораду


Сяргей Астраўцоў, Гародня У мінулыя выходныя ў Гародні працягваліся акцыі супраць гвалтоўнай рэканструкцыі гістарычнага цэнтру, падчас якой руйнуюць старыя будынкі. Адбыўся канцэрт Лявона Вольскага, на які сабралася больш за чатырыста фанаў, яны стаялі ўшчыльную: заля не была разьлічана на такую колькасьць людзей. На гарадзенскіх вуліцах адбыўся таксама мастацкі пленэр, у якім ўдзельнічалі мясцовыя і сталічныя мастакі.

У Горадні з канцэртам пабываў Лявон Вольскі, ён выступіў у рамках акцыі “Музыкі супраць разбурэньня”.

Горадня, 10.06.2007. Лявон Вольскі выступіў з канцэртам у абарону старой Гародні Лявон Вольскі выступіў з канцэртам у абарону старой Гародні.

“Нават калі гэтыя кварталы, будынкі ня робяць вельмі вялікага ўражаньня, але ж гэта сапраўдная старызна, як можна зь ёю гэтак абыходзіцца? Гэтая акцыя ёсьць праявай маёй любові да Горадні”.

На канцэрт Лявона Вольскага завітаў Аляксандар Мілінкевіч. Пытаюся ў яго, ці можна падсумаваць першыя вынікі змаганьня за гістарычную забудову?

“Я думаю, што посьпехі ёсьць, хаця хацелася б, каб было заангажавана больш людзей, асабліва ў самой Горадні. Але тым жа часам ёсьць мноства людзей неабыякавых і яны хочуць змагацца за Горадню, гэта важна. Сёньня прадстаўнікі рок-культуры, выдатныя людзі разумеюць, што значыць Гародня для Беларусі. Чаго баіцца ўлада? Салідарнасьці.

У рамках кампаніі ў абарону старой Гародні адбыўся мастацкі пленэр. На вуліцы Урыцкага мы сустрэлі Аляксея Марачкіна і Алеся Шатэрніка.

Горадня, 10.06.2007. Алесь Марачкін на пленэры ў Гародні Алесь Марачкін у Гародні на пленэры ў абарону старога гораду.

Горадня, 10.06.2007. Алесь Шатэрнік на пленэры ў Гародні Алесь Шатэрнік у Гародні на пленэры ў абарону старога гораду.

А Алеся Пушкіна я напаткаў на вуліцы Васілька, дзе разбураюць паравы млын ХІХ стагодзьдзя. Ён выбраў менавіта гэты гмах, каб намаляваць. Вось мастак стаіць у жоўтым камбінэзоне, у аранжавай касцы, а ў падворку працуе кран, бурыць будынак. "Алесь, табе не дазволілі працаваць там, у падворку?",– пытаю ў яго.

Горадня, 10.06.2007. Алесь Пушкін на пленэры ў Гародні Алесь Пушкін у Гародні на пленэры ў абарону старога гораду.

“Так, прыйшоў прараб і выгнаў. Я яму сказаў: спадар прараб, кідайце працу, вы нішчыце помнік архітэктуры ХІХ стагодзьдзя! А ён кажа: а я ведаю, але што я пайду супраць, вы ж мяне не абароніце…”

Каардынатар мастацкіх акцый Павал Мажэйка заявіў "Свабодзе":

“Больш за трыццаць мастакоў з розных гарадоў зарэгістраваліся, яны працавалі, пісалі Гародню. Таму мы лічым, што спроба зрабіць мастацкі пратэст супраць плянаў улады разбурыць горад стала ўдалай акцыяй, і мы будзем працягваць надалей.

Павал Мажэйка гаворыць, што вынікам пленэру мае стаць выстава, карціны мяркуецца паказаць ня толькі ў Горадні, але таксама ў іншых гарадах.

У нядзелю на Старым гарадзенскім мосьце таксама адбылася акцыя супраць плянаў уладаў рэканструяваць стары горад.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG