Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Сярэдзіч: “Калі я знайду гэты ножык, то я буду знаць, што Бог ёсьць...”


Радыё Свабода Леанід Сярэдзіч – удзельнік праграмы “Ў што яверу”

На пытаньне: “У што, ці ў каго я веру?” адразу жадаю адказаць – у Бога.

І хачу вам распавесьці пра тое, як я паверыў у Яго. Справа ў тым, што я нарадзіўся ў сям’і веруючых людзей. З самага дзяцінства мама накіравала мяне да Бога: вадзіла ў вясковы малітоўны дом, дзе я вучыўся маліцца, слухаў біблейскія апавяданьні.

Зь сямі гадоў я пайшоў у школу, дзе зь мяне, з маёй веры сталі сьмяяцца ня толькі вучні, але і настаўнікі. Настаўнікі казалі, што Бога няма, што ўсё гэта хлусьня неадукаваных і старых людзей; навука, маўляў, ужо даказала, што Бога няма.

Тады я задумаўся: можа гэта і так? Што за людзі ў нашай вясковай царкве? Усе яны малапісьменныя - адзін толькі пастар мае восем клясаў адукацыі. Значыць, маіх бацькоў і астатніх людзей у царкве нехта ашукаў, і яны жывуць у гэтай хлусьні, бо настаўнікі з вышэйшай адукацыяй і сам дырэктар кажуць, што Бога няма. Я тады спытаў у Бога, чаму Ён даў мне бацьку-штунду, а не камуніста, як у майго сябра-суседа.

Але аднойчы нам настаўніца распавяла пра сусьвет і сказала, што ён бясконцы. Тады мною авалодалі думкі, што ніхто ня ведае пра тое, што там далёка ў сусьвеце. Такім чынам я апынуўся на разгáліне двух шляхоў – ісьці за Богам, ці жыць бяз Бога і будаваць камунізм.

Выбраць правільны шлях мне дапамог выпадак, які здарыўся са мною летам, калі я скончыў сёмую клясу.

Мой бацька працаваў у калгасе пастухом і летам я яму дапамагаў пасьвіць кароў. У мяне тады быў сьцізорык, з якім я не разлучаўся ні на міг. Але аднойчы здарылася вялікая бяда ў маім хлапчуковым жыцьці – я згубіў гэты ножык на полі, калі пасьвіў каровы. Я стаяў і глядзеў на гэтае поле даўжынёю каля двух кілямэтраў і шырынёю блізу кілямэтра, і плакаў. Раптоўна, як маланка, мяне асяніла думка: вось настаў час табе выбраць шлях. Тады я памаліўся і сказаў Богу: “Калі я знайду гэты ножык, то я буду знаць, што Ты ёсьць і ўсё жыцьцё буду служыць Табе, а калі не знайду, то буду казаць людзям, што Цябе няма”.

Пасьля гэтай малітвы я адчуў, як нейкая сіла накіравала мяне ад кароў. Я доўга йшоў па полі, мабыць, хвілін пятнаццаць. Крапаў дробны дождж, я плакаў. Але раптам праз сьлёзы я ўбачыў, як нешта бліснула ў траве. Калі я нахіліўся, то ўбачыў свой ножык, схапіў яго і ўпаў на калені: “Бог, Tы ёсьць. Усё жыцьцё буду служыць Табе і ўсім казаць, што Ты – жывы Бог”.

Я падняўся зь зямлі і паглядзеў на кароў – да іх было мэтраў пяцьсот. Не на сьцяжынцы, а ў чыстым полі, у траве я знайшоў свой дарагі падарунак. Але больш за тое - я там сустрэўся з Богам. Калі ўсе людзі будуць казаць, што Бога няма, я ім не паверу. Ён ёсьць, і я ў гэтым пераканаўся некалі хлапчуком, шукаючы ножык на полі пад дробным жнівеньскім дожджыкам.

***

Леанiд Сярэдзiч - саракашасьцігадовы пастар царквы “Божая ласка” гораду Жлобін, што на Гомельшчыне.
XS
SM
MD
LG