Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім афрадызіякам аддаюць перавагу беларусы?


Іна Студзінская, Менск Сакрэты добрага сэксу ня ў вустрыцах і шампанскім, а ў вострых кілбасках і пахкіх сырах. Чвэрць італьянскіх жанчын адказалі, што салямі – іхны ўлюбёны афрадызіяк, а 21% італьянак абралі пахкі сыр. А вось традыцыйныя вустрыцы ды морапрадукты ніхто і не ўзгадаў. Мэдыкі тлумачаць, што вельмі вострыя калябрыйскія кілбаскі падвышаюць ціск, перац чылі спрыяе выдзяленьню пэптыдаў, якія дзейнічаюць, як прыродная віягра.

Афрадызіякі -- ня толькі вустрыцы, а й цыбуля з часныком

Афрадызіякі – гэта сродкі, якія павышаюць жыцьцёвыя сілы арганізму, у тым ліку, і ўзмацняюць палавую патэнцыю. З прадуктаў часьцей за ўсё называюць яйкі, ікру, морапрадукты, грэцкія гарэхі, міндаль, чорны шакаляд, спаржу, сельдэрэй, авакада, фінікі, манга і нават цыбулю з часныком.

Дасьледчык старажытнай беларускай кухні Эдвард Зайкоўскі кажа, што былі афрадызіякі і ў беларусаў. Прычым эфэктыўнасьць старажытных беларускіх рацэптаў пацьвярджаецца і сучаснымі дасьледаваньнямі італьянцаў, што да ўласьцівасьцяў вострага перцу:

«У часы Вялікага Княства наша шляхецкая кухня вызначалася вельмі вялікай колькасьцю прыправаў. Як вядома, прыправы, той жа перац – яны выклікаюць прыліў крыві да пэўных органаў. І маглі яны аказваць узбуджаючае патэнцыю дзеяньне. А просты народ у гэтай якасьці ўжываў часнык. Але тут іншая праблема ўзьнікае: наколькі станоўча магла партнэрша адносіцца да часнычнага паху…»

Бабровы струмень – беларуская віягра?

Што можна аднесьці да сучасных афрадызіякаў? Дасьледчык беларускай кухні Эдвард Зайкоўскі назваў традыцыйныя для беларусаў пятрушку, сельдэрэй. Узгадаў і народныя сродкі, якія выпрабаваў на сабе:

«Моцным афрадызіякам, амаль што беларускай віяграй быццам бы зьяўляецца бабровы струмень. Я асабіста аднойчы паспрабаваў гарэлку, настояную на бабровым струмені, і магу засьведчыць кампэтэнтна, што ні малейшага ўзьдзеяньня яна не аказала ў гэтым накірунку».

Беларусы ў пікантных сытуацыях зьвярталіся да магічных сілаў Этнакультуроляг Тацяна Валодзіна кажа, што беларусы шукалі крыніцы сэксуальнай моцы ня толькі ў звыклых харчах:

«У памяці народнай, у этнаграфічнай літаратуры з большага захаваліся апісаньні не так званых афрадызіякаў, а да больш радыкальных сродкаў, якія скіроўваліся на дапамогу мужчыне ў пікантных сытуацыях. Ну, напрыклад, трэба было саскрэбсьці крышачку з бычынага рогу, і альбо падмешваць у пітво, альбо прыкурваць. Пра нейкія выразныя прадукты, кшталту вустрыцаў, гаворка не ішла. Калі зь нейкіх зёлак, дык гэта любістак і мацярдушка».

Італьянскі сэксоляг Сэрэнэла Саламоні сьцярджае, што «сэкс і ежа – магічнае алхімічнае зьмешваньне элемэнтаў, але калі гаворка ідзе пра ежу, важна заглушыць усе астатнія пачуцьці».

З пункту ж гледжаньня італійскіх мэдыкаў, афрадызіякі, ня маюць вялікай каштоўнасьці. Пра афрадызіякі цяпер пішуць у асноўным у кулінарных кнігах, а не ў сур''ёзных мэдычных дасьледаваньнях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG