Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт прапануе пашырыць Шэнгенскую зону


Уладзімер Глод, Менск Дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту 7 чэрвеня амаль аднагалосна прынялі рэзалюцыю з прапановай пашырыць у наступным годзе Шэнгенскую зону — за кошт краінаў, якія далучыліся да Эўразьвязу тры гады таму. Не рэкамэндуюць далучацца толькі Кіпру, дзе дагэтуль існуе дзяленьне выспы на грэцкую ды турэцкую часткі, а таксама Баўгарыі ды Румыніі, якія далучыліся да Эўразьвязу летась. Як гэтыя зьмены паўплываюць на замежныя паездкі грамадзянаў Беларусі?

Пашырэньне ахопіць суседзяў Беларусі: Латвію, Літву ды Польшчу, а таксама іншыя краіны Ўсходняй ды Цэнтральнай Эўропы.

Удзельнік галасаваньня, дэпутат Эўрапарлямэнту, першы кіраўнік незалежнай Літвы Вітаўтас Ландсбэргіс падкрэсьлівае рэкамэндацыйны характар рашэньня:

“Аднак яго ігнараваць таксама нельга. Так што пабачым, як паставіцца да гэтага Эўразьвяз. Калі гэта тое, што задавальняе Эўразьвяз, дык пытаньне проста закрыюць. А калі зьявяцца нейкія контрапрапановы, дык гэта можа і зацягнуцца”.

Кіраўніца консульскага аддзелу амбасады Латвіі ў Беларусі Дзірда Ліепеня гаворыць, што за красавік і травень колькасьць адмоваў грамадзянам Беларусі ў атрыманьні латвійскіх візаў склала ўсяго 0,9%.

Але з далучэньнем Латвіі да Шэнгенскага пагадненьня гэтая лічба, на яе думку, можа пабольшаць.

“Шэнгенскія нормы ад любога консула патрабуюць большай адказнасьці. Калі консул выдае шэнгенскую візу, дык ён нясе больш адказнасьці, чым калі выдае візу сваёй краіны”.

А што адбываецца ў амбасадах, якія ўжо маюць досьвед выдачы шэнгенскіх візаў?

У амбасадзе Нямеччыны ў Беларусі паведамілі, што па шэнгенскую візу летась да іх зьвярнулася больш за 90 тысяч беларусаў. Дакладнай колькасьці адмоваў у візе не назвалі, але параілі выкарыстаць наступную фармулёўку: “Адмоўныя адказы летась склалі значна менш за 10%”.

Ня выключана, што грамадзянам Беларусі паездкі ў новыя краіны Шэнгенскай зоны будуць каштаваць даражэй, чым у іншыя краіны.

Прыкладам, за шэнгенскую візу, незалежна ад тэрміну, у амбасадзе Нямеччыны цяпер трэба заплаціць 60 эўра. А за разавую візу ў Літву — толькі 5 эўра.

Калі ў амбасадара Нямеччыны Марціна Гэкера нядаўна журналісты спыталіся, чаму шэнгенская віза каштуе так дорага, нямецкі дыплямат адказаў:

“Беларуская віза, дзеяньне якой распаўсюджваецца толькі на Беларусь, і нават не распаўсюджваецца на саюзную дзяржаву, каштуе на 5 эўра даражэй за шэнгенскую нямецкую візу”.

Дэпутат Эўрапарлямэнту Вітаўтас Ландсбэргіс зьдзіўлены тым, што беларускія ўлады ня дбаюць у гэтай справе пра інтарэсы сваіх грамадзянаў:

“Я думаю, што беларускія ўлады наагул павінны падтрымліваць дыялёг з Эўразьвязам. Тым больш, што Эўразьвяз напрыканцы мінулага году выступіў з шырокімі прапановамі да Беларусі.

Дзьверы адчыненыя, рука працягнутая. І беларускія ўлады, калі яны турбуюцца пра свой народ, пра сваю краіну, дык яны павінны працаваць. І тады можа ўзьнікнуць нейкі час для лабіяваньня і шэнгенскага пытаньня. А так выглядае, што Менску гэта і не патрэбна. Няхай толькі суседзі лабіююць”.

На сёньня ў Шэнгенскую зону ўваходзяць шаснаццаць краінаў Эўразьвязу — ад Аўстрыі да Фінляндыі.
• В. На атрыманьне літоўскай візы цяпер можна запісацца па тэлефоне, 06.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG