Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>В.Шчукін застаецца на волі</B>


Радыё Свабода Судзьдзя Першамайскага райсуду Віцебску Натальля Гур’ян прысудзіла журналісту й праваабаронцу Валерыю Шчукіну некалькі штрафаў — разам на 1 мільён 661 тысячу рублёў.

Валерыя Шчукіна прызналі вінаватым паводле 189-га артыкулу Крымінальнага кодэксу.

За пісьмовую абразу гонару й годнасьці сябраў акруговай і абласной камісіі, якія працавалі ў апошнія мясцовыя выбары, яго аштрафавалі на 1 мільён 240 тысяч рублёў, або 40 базавых велічыняў.

Шчукін таксама мусіць сплаціць судовыя выдаткі — 93 тысячы рублёў.

Паводле матэрыялаў крымінальнае справы, пацярпелымі ад зьнявагаў Валерыя Шчукіна прызналі старшыню акруговай камісіі №52 Алу Калесьнік, намесьніцу старшыні Тацяну Ўкражэнку, сяброўку камісіі Надзею Агееву, а таксама сяброўку абласной выбарчай камісіі Тацяну Буевіч.

Ва ўлётках, якія выдаў Валеры Шчукін, сьцьвярджалася, што гэтыя спадарыні сфальшавалі вынікі мясцовых выбараў.

Але толькі спадарыня Буевіч палічыла неабходным запатрабаваць матэрыяльнай кампэнсацыі нанесеных ёй маральных стратаў. Судзьдзя задаволіла гэтае патрабаваньне, забавязаўшы Валерыя Шчукіна выплаціць ёй 250 тысяч рублёў.

На патрабаваньне пракурора Віктара Талмачова судзьдзя забавязала апазыцыянэра выплаціць яшчэ 171 тысячу рублёў штрафу, прысуджанага ў 1999 годзе за ўдзел у “Маршы Свабоды”.

Валеры Шчукін кажа, што такіх прысудаў, у тым ліку за правапарушэньні амаль дзесяцігадовай даўніны, у ягонай практыцы праваабаронцы яшчэ не было.

Сам працэс, на ягоную думку, праводзіўся з парушэньнямі. Да прыкладу, спадар Шчукін мусіў адмовіцца ад дапамогі прызначанага судом адваката, але ягоную прадстаўніцу Сьвятлану Баранкоўскую да ўдзелу ў працэсе не дапусьцілі.

“Мяне пазбавілі прававой дапамогі — адмовілі мне ў прысутнасьці майго прадстаўніка. Гэта найгрубейшае парушэньне Канстытуцыі, дзе ў 62-м артыкуле гаворыцца, што кожны грамадзянін у любых акалічнасьцях, у тым ліку і ў судзе, мае права прымаць юрыдычную дапамогу адваката або іншага свайго прадстаўніка. Ну, і забаранілі ў залі рабіць відэазапіс”, — кажа Шчукін.

Віцебск, 8.06.2007. Валеры Шчукін у залі суду

Валеры Шчукін плянуе абскардзіць судовы вырак.

Прысутныя на судзе баяліся, што вырак будзе больш жорсткім. Першапачаткова пракурор запатрабаваў пакараць Шчукіна арыштам да аднаго месяца. Вестку, што Валеры Шчукін застанецца на волі, ягоныя сябры сустрэлі воплескамі.

На будынку абласной міліцэйскай управы сёньня ўначы зьявіўся надпіс “Свабоду Шчукіну!”.

За нанясеньне графіці затрымалі моладзевага актывіста Зьмітра Лісіёнка. У Кастрычніцкім райаддзеле Віцебску на яго склалі пратакол за хуліганства і загадалі чакаць позвы ў суд.

• Віцебск: Шчукіна будуць судзіць за абразу сябраў выбаркаму, 06.06.2007 • Валер Шчукін сёньня чакае судовага выраку”, 08.06.2007 • Пракурор патрабуе для Валер’я Шчукіна месяц арышту, 08.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG