Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абеды ў Івянцы


Ягор Маёрчык, Івянец, Валожынскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Калі вы будзеце слухаць гэтую праграму, Іван Вальчэўскі стане зусім іншым чалавекам. Ня тым, кім ён быў апошнія трыццаць сем гадоў. Не, ён застанецца са сваімі імем і прозьвішчам. Але ён ужо ня будзе працаваць у школе.

Шасьцідзесяцігадовы настаўнік матэматыкі другі раз пойдзе на пэнсію. Першая спроба была пры канцы мінулага году. Але тады яго ўгаварылі папрацаваць яшчэ. Цяпер кажа, дакладна вырашыў, што болей у школу ня вернецца. У апошні дзень навучальнага году мы сядзім у кавярні “Пралеска”:

Вальчэўскі: “Яшчэ два іспыты прыму — і ўсё! Я ўжо так нацешыўся, што болей не хачу”.

Карэспандэнт: “Вы тое самае казалі, калі на пэнсію сыходзілі, але пасьля зноў вярнуліся ў школу працаваць”.

Вальчэўскі: “Гэтым разам гэта канчатковае рашэньне. Мая душа болей ня вытрымае ўсіх гэтых рэформаў. Адна бязглузьдзіца цягне другую, і дабром усё гэта ня скончыцца. Узяць хоць бы пераход на дванаццацігадовую адукацыю. Верш называецца “Заканамерны фінал”:

У дзявятай дзяўчаткі — як кветкі, Ім вучыцца зусім неахвота, Сьняцца ноччу вясельле і дзеткі, На душы і журба і самота.

А яшчэ тры гадочкі вучыцца — Во прыдумалі кару дык кару. Як, парайце, зь бядою зьмірыцца, Не аддаць маладосьць у ахвяру?

Прыйдзе час уручаць атэстаты, І фінал я прадбачу такі: Замуж выйшлі красуні-дзяўчаты, А на сцэне адны юнакі”.

Карэспандэнт: “Ці ёсьць такія выпадкі ў вашай школе, калі вучаніцы выходзілі замуж?”

Вальчэўскі: “Ужо былі такія выпадкі, калі не заканчвалі школу, станавіліся маці. І цяпер такіх дзьве ёсьць. У дзявятай выходзяць — ня трэба і дзясятай чакаць. Сёньня гэта ўспрымаецца як гераічны ўчынак, каб папоўніць насельніцтва краіны”.

Карэспандэнт: “Што можаце сказаць пра цяперашнія выпускныя клясы?”

Вальчэўскі: “Ёсьць толькі пяць чалавек, якія да чагосьці сур’ёзна рыхтаваліся. А астатнія ідуць статкам — чалавек пад семдзесят”.

Карэспандэнт: “А якія ў іх ацэнкі ў атэстатах?”

Вальчэўскі: “Больш-менш нармалёвыя. Яны разумеюць, што ёсьць гэтак званы маніторынг. Яны гэтае слова расшыфравалі перш за настаўнікаў. Калі настаўнік паставіў “3”, то меней ён ніколі не паставіць. Нават калі вучань зусім ня будзе хадзіць у школу”.

У часе вандровак у Івянец у мяне ўжо стала традыцыяй гасьцяваць у Мікалая Куксо.

Колішні судзьдзя і колішні агітатар-прапагандыст выкарыстоўвае аратарскія здольнасьці, каб давесьці да жыхароў Івянца свае дэмакратычныя погляды. У дыскусіях ён пераказвае публікацыі “Народнай волі”, “Нашай Нівы” а таксама зьмест праграмаў Радыё Свабода. Вось і гэтым разам спадар Куксо дае справаздачу, як за месяц зьмянілася жыцьцё 5-тысячнага мястэчка:

Куксо: “Працаваў вельмі цяжка гэтыя дні. Вясна, але трэба варушыцца”.

Карэспандэнт: “Нешта садзілі на гародзе?”

Куксо: “Натуральна, што ўсё пасадзілі. Усё дагледжана. Вёдрамі ваду — паліваю, бо сьпякотна. Разьлічваць на краму немагчыма. У мяне летась не ўрадзіла морква. Пайшоў я ў дзяржаўную краму. Там страшэнная чорная морква ў белай цьвілі. А ў прыватнікаў у шапіках такая прыгожая, такая людзкая. Сэрца сьціснула.

Мне падумалася: душаць гэтых нашых прыватных гандляроў, а ўсё адно сельпо не паўстане. Усё адно пераможа рынак. Прыкладам, я ў дзяржаўную краму зусім не хаджу. Хутчэй бы яна ўжо загінула. Гэта нейкая карыкатура на жыцьцё і на гандаль”.

Карэспандэнт: “Кошты мяняюцца?”

Куксо: “У нас малако таньней за ваду. Квас у паўтара разу даражэй за малако. Гэта зьдзек зь селяніна!”

Карэспандэнт: “Колькі малако каштуе?”

Куксо: “800 рублёў. А бутэлька квасу — 1600”.

Карэспандэнт: “А як мяняюцца кошты на яйкі й хлеб?”

Куксо: “Учора хлеб падаражаў на 100 рублёў — 880 рублёў. У нас хлеб даражэйшы, чым у Менску”.

Карэспандэнт: “Мінулы раз вы паведамлялі, што падатковая і санстанцыя палявалі на прыватнікаў, якія возяць больш якасную прадукцыю”.

Куксо: “Зьнік “Савушкін прадукт” Яго сюды не пускаюць. Ніхто ня хоча нарывацца на штрафы санстанцыі й пажарнікаў і падатковай”.

* * * На кароткі час перанясемся ў кавярню “Пралеска”. Мы абедаем з госьцем праграмы настаўнікам Іванам Вальчэўскім.

Карэспандэнт: “Як памяняўся дабрабыт?”

Вальчэўскі: “Ён застаўся на тым самым роўні, як і быў. Калі нешта падаражала — на адну-дзьве тысячы. Мы гэта прывыклі не лічыць падаражаньнем. Каб на 100 ці на 200 — гэта было б падаражаньне. Нас прывучылі, што бэнзін даражэе на 5%. Вось, каб адразу на 50%, тады мо хто і ўзбунтаваўся б”.

Карэспандэнт: “Як пажывае вашая котка Марта? Мы з праграмы ў праграму сочым за яе дабрабытам. Нагадаю, што на пачатку году, як падвысіліся кошты на харчы, вы ўрэзалі рыбны рацыён і прапанавалі Марце перайсьці на крывяную каўбасу. Яна адмовілася. Што цяпер з вашай коткай?”

Вальчэўскі: “Ловіць мышэй і яшчарак — толькі дзеля экзотыкі. Мышэй ня есьць. Яна такая пераборлівая, што зранку, пакуль мы не пасьнедаем і яна не пераканаецца, што ёй нічога не перападзе з гаспадарскага стала, не дакранецца не да “Кітыкету”, ні да лівэркі, ні да крывяной каўбасы”.

Мікалай Куксо паведамляе апошнія навіны: Івянец заняў першае месца сярод населеных пунктаў Менскай вобласьці ў справе добраўпарадкаваньня.

Якраз у дзень маёй вандроўкі ў мястэчку ладзяць сэмінар для вэртыкальнікаў. На занятках іх вучаць, як правільна наводзіць парадак.

Ну а спадар Куксо распавядае, як Івянец рыхтаваўся да прыёму гасьцей.

Куксо: “Цэлы тыдзень усе малявалі платы. У музычнай школе іспыты, а дзеці ідуць маляваць. Вучань павінен падрыхтаваць гэтую самую музыку, у яго пальчыкі павінны быць не замазаныя фарбай. Усе цэлы тыдзень стаялі й малявалі. Цікава, што малюнкі на платах паўсюль выходзілі літарай “V”, што значыць “вікторыя”. Наступны ўдзельнік праграмы таксама будзе казаць пра добраўпарадкаваньне, а дакладней — пра наступствы ад навядзеньня гэтага самага парадку.

Ягоная дачка наведвае музычную школу. Ён плаціць за гэта грошы. Калі выкладчыкаў скіроўваюць фарбаваць платы, заняткі зрываюцца. Але грошай майму суразмоўцу ніхто не вяртае.

Спадар: “Жанчынка, якая скончыла Акадэмію музыкі, тры дні цягае каменьні. А тады зь яе пытаюцца, чаму яна ня здолела сыграць пасаж, чаму не змагла паказаць. Як яна можа паказаць такімі вось рукамі?”

Карэспандэнт: “Няўжо немагчыма знайсьці працоўную сілу на якім заводзе?

Спадар: “Завод спыніць — кілбасы ня зробяць. А што такое музычная школа? Спыніў — нічога яны не сыграюць. І што з таго? Настаўнікі ў нас у сакавіку хадзілі з палёў зьбіраць каменьні. Цяпер — добраўпарадкаваньне. Ад верасьня да сьнегу — буракі й бульба”.

Карэспандэнт: “Усе арганізацыі так робяць?”

Спадар: “Толькі бюджэтныя”.

Карэспандэнт: “А што будзе наступным крокам? Будуць мэдыкаў з працы здымаць?”

Спадар: “Мэдыкі ўжо цяпер ходзяць. Я прасядзеў палову дня ў чаканьні сваёй чаргі на праграваньне. Адна мэдсястра бегае па шпіталі. Усе астатнія на бульбе”.



* * *

Вяртаюся да размовы з госьцем гэтай праграмы — настаўнікам матэматыкі Іванам Вальчэўскім.

Карэспандэнт: “Як мяняецца настрой людзей?”

Вальчэўскі: “Можа, настрой у людзей мяняўся б, каб яна бачылі, за кім ісьці. А людзі гэтага ня бачаць. А чаму яны гэтага ня бачаць, я зараз вам распавяду ў чатырох вершаваных радках:

Непераможны лад пракляты, Заўважыў мудры дзед Сымон. Пакуль грызуцца дэмакраты, Свабода — гэта толькі сон.

Ні таму Лябедзьку я ня веру, ні таму Калякіну я ніколі ня верыў. Іхная мэта — зьесьці Мілінкевіча. Гэтага я не разумею. Калі знайшоўся чалавек, які робіць справу лепей, чым вы, навошта яго штурхаць? Дапамагайце!”

Зь Віктарам Прусевічам мы сустракаемся штомесяц. Ён працуе начальнікам кацельнай кандытарскай фабрыкі “Іўкон”. “Іўкон” — сумеснае беларуска-кіпрыйскае прадпрыемства. Палову зробленых тут ласункаў экспартавалі ў Расею.

Так было да пачатку гэтага году. Кошты на прадукцыю падвысіліся, бо падаражэлі энэрганосьбіты. І цяпер у Расею прадаецца не палова вырабленай прадукцыі, а значна меней. “Іўкон” пачаў засвойваць новыя рынкі — краіны Цэнтральнай Азіі.

Віктар Прусевіч апавядае:

Прусевіч: “Зьмены ёсьць. Цяпер запускаем новы цэх. Прывезьлі абсталяваньне. Ставяць. Ня сёньня дык заўтра пойдуць новыя цукеркі. Нам кажуць, што робяць прадпрыемства такое сучаснае, настане час, калі яно будзе прыносіць прыбыткі, калі заробак падвысяць”.

Карэспандэнт: “А як мяняецца сытуацыя са збытам прадукцыі?”

Прусевіч: “Сытуацыя вельмі цяжкая. Па Беларусі мы цукеркі пастаўляем, а грошы назад не вяртаюцца. Сёньня кіраўніцтва нашага прадпрыемствам зьвярнулася да раённага і абласнога начальства, каб дапамагалі збываць нашую прадукцыю.

Што да кіўбасных і малочных заводаў — ёсьць негалосная пастанова, каб нашыя крамы ў першую чаргу бралі іхную прадукцыю. Што тычыцца прыватных прадпрыемстваў, такога не было. І вось цяпер гэтае пытаньне ўзьнялі. Кіраўніцтва паабяцала вырашыць”.

Карэспандэнт: “Як мяняюцца заробкі?”

Прусевіч: “Заробкі не мяняюцца. З апошніх выбараў усё стаіць на месцы. У нас заробкі падвышаюцца падчас выбараў, падчас абяцаньняў. Пасьля пра іх забываюцца. А вось пра рост коштаў не забываюцца. Я за імі прасачыць не магу. У мяне па харчы жонка ходзіць. У жонкі штодня кошты растуць. Гаманец пусьцее імгненна”.

Карэспандэнт: “Ці зьмяніўся ваш рацыён?”

Прусевіч: “З чаго ён можа зьмяніцца? Хіба што сталі есьці маладую траву. А як ён можа па-іншаму памяняцца? Агарод на дадзеным этапе не дае, а толькі забірае. Натуральная гаспадарка, яна і ёсьць натуральная — яна ня можа быць з прыбыткам”.

Іўконаўскія цукеркі ў Івянцы можна набыць толькі ў адным месцы — у фірмовай краме пры кандытарскай фабрыцы.

А ў кавярні “Пралеска”, дзе мы бавім час з Іванам Вальчэўскім, з дэсэрту толькі марозіва й расейскі шакаляд.



Карэспандэнт: “У Івянцы ёсьць тры кавярні. Ці часта жыхары Івянца наведваюць іх?”

Вальчэўскі: “Я тут ні разу і ня быў”.

Карэспандэнт: “А калі апошні раз былі ў рэстарацыі?”

Вальчэўскі: “Першага студзеня ў майго сябра прафэсара было шэсьцьдзесят гадоў. Было такое шыкоўнае застольле. Тады я пабываў у сапраўднай рэстарацыі. Можна сказаць, што такое было першы раз у маім жыцьці”.

Карэспандэнт: “А што любіце паесьці?”

Вальчэўскі: “Усё, што гатуе мая жонка: расольнік, галубцы. Гэта немагчыма апісаць. Нават вершаў ня хопіць”.

Чарговы абед у Івянцы скончаны. Я падыходжу да барнай стойкі, каб расплаціцца. Кажу бармэнцы:

Карэспандэнт: “Дзякуй вам за гарбату!”

Бармэнка: “На здароўе”.

Карэспандэнт: “Хацеў пацікавіцца: чаму ў панядзелак і аўторак у вас выходныя?”

Бармэнка: “У нас такі расклад складзены. Мы дзяржаўная структура, у нас працоўны дзень восем гадзінаў. Гэта кавярня ад “Белпошты”.

Карэспандэнт: “Цяпер зразумела, чаму ў вас на ўсіх цэтліках напісана “Белпошта”. Ужо напісалі б “Пралеска”. “Белпошта” мае свае кавярні?”

Бармэнка: “Тутака займела. Было ў іх свабоднае памяшканьне — і вырашылі зрабіць кавярню”.

Карэспандэнт: “Шмат людзей да вас ходзіць?”

Бармэнка: “Ня вельмі. Мы працуем да дзясятай вечара, а моладзь гуляе пасьля дзясятай. А цяпер добрае надвор’е, усе ідуць на прыроду”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG