Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны трэці шлюб у Менску – з замежнікам


Галіна Абакунчык, Менск Лета ў Беларусі – найбольш папулярны пэрыяд рэгістрацыі шлюбаў. Асаблівы ажыятаж у ЗАГСах краіны чакаюць 7 ліпеня. Прычынай таму – спалучэньне трох лічбаў 7 – 2007 год, сёмы месяц і сёмы дзень. Лічбе 7 жаніхі і нявесты аддаюць перавагу і ў іншыя месяцы. У гэтым пераканалася наша карэспандэнтка, якая пабывала ў Менскім гарадзкім Доме шлюбаў.

Ганна і Алесь Максімковы – сталіся трэцяй парай зь дзесяці, якія шлюбаваліся ў чацьвер, 7 чэрвеня. Гутару з маладымі:

Карэспандэнтка: “Па-першае, віншую вас. А па-другое, чаму сёньня – будні дзень?”

Нявеста: “Таму што сёмае чысло, шчасьлівае”.

Карэспандэнтка: “Значыць, вы адмыслова выбіралі гэтую дату?”

Жаніх: “Так, канечне”.

Нявеста: “Верым, што сёмае чысло прынясе нам шчасьце, і мы будзем самымі шчасьлівымі”.

Аднак, свацьця Сьвятлана выбару маладых не ўхваляе:

“З чацьвёртага, я ведаю, распачаўся пост. Можа быць, маладыя гэтага нават і ня ведаюць. А яны вырашылі зрабіць маме і тату сюрпрыз”.

Аднак бальшыня маладых зьвяртае ўвагу менавіта на пост, а вось датам і іншым прыкметам увагі надае значна менш, кажа загадчыца Дому шлюбаў Надзея Равуцкая:

“7 ліпеня ў нас шлюбуецца гэтулькі ж, колькі і ў іншыя летнія суботы – каля 30 пар у гэты дзень. Многія нават перанесьлі дату, калі даведаліся, што на гэты дзень прыпадае нейкае царкоўнае сьвята. Пастоў зараз прытрымліваюцца – як толькі Вялікдзень мінуў – нібы мех які разьвязаўся, гэтулькі шлюбаў было. У маі крыху менш, бо нейкі забабон існуе, што, нібыта, калі ў маі, то маяцца. Хоць мы дасьледавалі і выявілі, што сярод майскіх шлюбаў – найменш разводаў. І калі меркаваць з таго, што сапраўдная беларуская назва мая – травень, то квітненьне ўсяго, шлюбаваньне – гэта вельмі добра”.

Тое, што ня ўсе маладыя вераць у магію лічбаў ці іншыя прыкметы пацьвердзіла мне і будучая сям’я Канавалавых – Ірына і Дзьмітрый.

Карэспандэнтка: “Вы толькі што падалі заяву. І ў які дзень вы хочаце, каб было вашае вясельле?”

Жаніх: “1 верасьня”.

Карэспандэнтка: “Чаму?”

Жаніх: “Бо ўсе хочуць жаніцца”.

Карэспандэнтка: “А ці верыце вы ў тое, што дата жаніцьбы паўплывае на вашае сямейнае жыцьцё?”

Нявеста: “Не, я ў забабоны ня веру”.

Жаніх: “Я думаю, што наўрад ці. Але я так думаю, што 1 верасьня – харошы дзень. Дзеці ў школу ідуць”.

Нявеста: “А мы шлюбуемся”.

Жаніх: “Значыць, ніколі не забудзем”.

Як ставяцца да выбару даты шлюбаваньня будучыя жаніхі і нявесты пытаюся ў некаторых зь іх на вуліцах Менску:

Карэспандэнка: “Калі будзеце вызначаць дату свайго вясельля, ці будзеце вы арыентавацца на нейкія даты альбо сьвяты?”

Юначка: “Не, на даты не арыентуемся, але абрады захоўваем”.

Юнак: “Ня ведаю. Увогуле, я веру ў нешта гэтакае. Але я ня ведаю гэтых датаў і наўрад ці буду на іх арыентавацца”.

Юначка: “Думаю, што гэта ня мае значэньня. Калі людзі кахаюць адно аднаго, то даты на гэта не ўплываюць”.

Як паведамілі ў менскім Доме шлюбаў, у мінулым годзе тут было зарэгістравана каля 2 тысяч шлюбаў. Кожны чацьвёрты зь іх быў, так званы, замежны. Сёлета шлюб з грамадзянамі замежных краінаў рэгіструецца ў кожнай трэцяй пары маладых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG