Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На каго нацэленыя ракеты Расеі і ЗША?


Юры Дракахруст, Прага Адна з цэнтральных тэмаў саміту “Вялікай васьмёркі” – амэрыканская сыстэма супрацьракетнай абароны ў Эўропе. Гэтая ініцыятыва, як вядома, выклікала рэзкую рэакцыю Масквы. Сёньня прэзыдэнты ЗША і Расеі Джордж Буш і Ўладзімер Пуцін абмяркоўвалі гэтую праблему ў размове сам-насам.

Як перадае нашая карэспандэнтка Ірына Лагуніна, акрэдытаваная на саміце, пасьля вячэры ці падчас вячэры Джордж Буш і Ўладзімер Пуцін перакінуліся некалькімі словамі. Як гавораць тут у кулюарах, гэта была вельмі спакойная дыскусія.

Напярэдадні і эўрапэйскія краіны занялі вельмі жорсткую пазыцыю. Прэзыдэнт Эўракамісіі Мануэль Барозу заявіў, што рыторыка, якая гучала з Крамля ў мінулыя выходныя, абсалютна непрымальная і адарваная ад рэальнасьці. Тут трэба нагадаць, што Ўладзімер Пуцін ня выключыў магчымасьці нацэльваньня ядзерныя ракеты Расеі на Эўропу, калі ў Эўропе будзе разьмешчаныя амэрыканская сыстэма супрацьракетнай абароны.

Джордж Буш падчас саміту сказаў, што зробіць усё магчымае, каб патлумачыць расейскаму прэзыдэнту, што сыстэма супрацьракетнай абароны, якую зьбіраюцца ствараць Злучаныя Штаты ў Эўропе, не нацэленая супраць Расеі і што страхі Расеі беспадстаўныя.

У 90-я гады прэзыдэнт Ельцын абвясьціў, што расейскія ракеты не нацэленыя на канкрэтныя краіны. Тады экспэрты заяўлялі, што гэта чыста сымбалічны жэст, што нацэльваньне не патрабуе доўгага часу. Наколькі сур''ёзнай пагрозай бясьпецы зьяўляецца абяцаньне У.Пуціна перанацэліць расейскія ракеты на эўрапейскія краіны? Што на гэты конт кажуць спэцыялісты? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да Ірыны Лагунінай.

Лагуніна: “Гэта сур''ёзная заява ня з пункту гледжаньня вайсковых тэхналёгіяў. Хаця патрабуецца пэўны час, каб нацэліць ракеты, да таго ж гэты працэс імгненна засякаецца са спадарожнікаў. Аднак гэта ня столькі тэхналягічна-ваеннае пытаньне, колькі пытаньне жорсткай рыторыкі і мэнталітэту, падыходу да праблемаў. Менавіта таму заява Ўладзімера Пуціна пра магчымае перанацэльваньне выклікала такую рэакцыю як з боку ЗША, гэтак і з боку эўрапейскіх партнэраў ЗША”.

Учора прадстаўнік крамлёўскай адміністрацыі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што пляны перанацэльваньня ракетаў на эўрапейскія краіны “маюць гіпатэтычны характар”. Ці азначае гэта, што пазыцыя Масквы літаральна за некалькі дзён стала больш гнуткай?

Лагуніна: “Гэта пакажа сёньняшняя сустрэча паміж Джорджам Бушам і Ўладзімерам Пуціным. У расейскай дэлегацыі ёсьць розныя меркаваньні наконт таго, што скажа Пуцін і як будзе паводзіць сябе Крэмль. Я сама тут бачыла, як лідэры размаўляюць паміж сабой. Пуцін вельмі рэдка перакідваўся рэплікамі з Тоні Блэрам і Джорджам Бушам. У асноўным, калі лідэры выходзілі да мора ці гулялі па садзе, было бачна, што Пуцін размаўляе з прэм''ер-міністрам Італіі Рамана Продзі, але ня з тымі людзьмі, якія выказалі жорсткую пазыцыю супраць расейскай рыторыкі”.

Ці вядома, на якія аб’екты ў Расеі і іншых краінах нацэленыя амэрыканскія ракеты? Ці нацэленыя яны на аб’екты, якія забясьпечваюць функцыянаваньне расейскіх збройных сілаў за межамі Расеі, такія як станцыі папярэджаньня аб ракетным нападзе ў Беларусі і Азэрбайджане ці сыстэма кіраваньня ваенна-марскім флётам Расеі, разьмешчаная ў Беларусі? Лагуніна: “Вы, Юры, правільна адзначылі раней, што ў свой час прэзыдэнты Ельцын і Клінтан дамовіліся пра тое, што амэрыканскія і расейскія ракеты ня будуць нацэленыя ні на што. Ня тое, што яны не нацэленыя адны на адных, у расейскіх вайскоўцаў ёсьць адмысловы тэрмін – ракеты "рознанацэленыя". Цэляў у іх пакуль няма. Я спадзяюся, што паколькі ўсе імкнуцца зьнізіць тон рыторыкі, якую ўжывае Расея апошнім часам, паказаць, што ніякай варожасьці няма, я спадзяюся, што гэтая дамова, падпісаная папярэднім расейскім прэзыдэнтам, застанецца ў сіле”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG