Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Акадэміі кіраваньня адлічылі “ідэалягічна нявытрыманага” студэнта


Ігар Карней, Менск З факультэту “Дзяржаўнае кіраваньне і эканоміка” Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнту адлічылі студэнта 4 курсу Юрася Алейніка. Фармальнай падставай сталі 29 гадзінаў пропускаў за сэмэстар.

Сам Алейнік лічыць гэта расправай за актыўную грамадзянскую пазыцыю — ён зьбіраў подпісы за захаваньне сацыяльных ільготаў студэнтам. Абаронцы інтарэсаў Алейніка накіравалі пазоў у суд Кастрычніцкага раёну Менску.

Юрась Алейнік пра факт адлічэньня з Акадэміі кіраваньня даведаўся за паўтара тыдня да канца навучальнага году й пачатку летняй сэсіі.

Ён дамагаўся аднаўленьня: хадзіў да кіраўнікоў ВНУ, казаў, што ўсе пропускі маюць прычыну й былі зьвязаныя з хваробай маці, якая жыве ў Маладэчне. Прасіў улічыць высокую пасьпяховасьць: сярэдні бал папярэдняй сэсіі — 9.

Аднак высілкі ні да чаго не прывялі, з чаго Юрась робіць выснову:

“Мая ацэнка такая: сапраўды — ці магчыма — адлічэньне адбылося з-за маёй грамадзянскай пазыцыі й з-за таго, што я абараняў правы свае і правы студэнтаў. У сакавіку-красавіку праходзіла кампанія збору подпісаў за захаваньне сацыяльных ільготаў.

Што мяне тычылася і мяне хвалявала, гэта льготы студэнтаў. Я быў ініцыятарам кампаніі супраць скасаваньня студэнцкіх ільготаў у Акадэміі кіраваньня. Разам з двума хлопцамі мы сабралі больш за пяцьсот подпісаў.

Паверце, для нашай установы гэта вельмі вялікая лічба, бо Акадэмія кіраваньня — зусім малы інстытут. Гэта мая ацэнка таго, што насамрэч адбылося”.

Юрась Алейнік — пазаштатны аўтар “Нашай Нівы” і незалежных інтэрнэт-рэсурсаў. Два месяцы таму стаў сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Ён таксама абраны кіраўніком Менскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Прававую дапамогу Юрасю Алейніку аказвае Беларускі Хэльсынскі камітэт. Пра гэта расказаў праваабаронца Алег Гулак:

“Спрабуем дапамагчы прававымі, перш за ўсё, сродкамі. Падрыхтавалі зварот у суд (ён ужо пададзены), дзе абгрунтоўваем незаконнасьць адлічэньня. З чаго зыходзім? Канечне, пэўныя пропускі заняткаў ёсьць.

Але, прааналізаваўшы сыстэму, якая ёсьць у Акадэміі, убачылі: шмат людзей маюць нашмат больш пропускаў, шмат людзей вучыцца нашмат горш, чым Юрась. Але ім ніхто не замінае вучыцца, атрымліваць адукацыю і прафэсію.

Таму галоўнае, што мы бачым у гэтым выпадку, — дыскрымінацыя з-за грамадзкай дзейнасьці, меркаваньняў, перакананьняў Юрася. І таму спрабуем абараніць яго правы”.

Як распавёў Юрась Алейнік, уведаўшы пра яго праблемы, з прапановамі далейшага навучаньня зьвярнуліся ВНУ Польшчы, Украіны, Літвы і Расеі.

Між тым, як кажа адлічаны студэнт, базавую ступень бакаляўра, якая даецца пасьля заканчэньня 4 курсу, ён хацеў бы атрымаць у сваёй альма матэр.

Пазоў на дзеяньні кіраўніцтва Акадэміі кіраваньня ў справе адлічэньня Юрася Алейніка накіраваны ў суд Кастрычніцкага раёну Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG