Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Міліцыянты зьбілі моладзь, якая прыйшла падтрымаць Валерыя Шчукіна</B>


Радыё Свабода Судовая заля ў Віцебску, дзе журналіста й праваабаронцу Валер’я Шчукіна судзілі за абразу сябраў выбарчых камісіяў, не зьмясьціла ўсіх, хто прыйшоў падтрымаць яго.

Каля двух дзясяткаў хлопцаў і дзяўчат чакалі на ганках Першамайскага райсуду, і міліцыя кваліфікавала іхныя дзеяньні як незаконнае пікетаваньне.

Каля будынку Першамайскага райсуду Віцебску некаторыя маладыя людзі стаялі з партрэтамі Валер’я Шчукіна. Іх міліцыянты сталі затрымліваць першымі.

Паводле сьведкі затрыманьняў Віктара Шляхціна, міліцыя гвалтам цягнула моладзь у машыны:

“Была сапраўдная бойка з удзелам АМАПу. Калі яны ўбачылі моладзь з партрэтамі Шчукіна, то пачалі ўсіх цягнуць у мікрааўтобус з грамадзянскімі нумарамі, без аніякіх апазнавальных знакаў. Моладзь адмовілася.

Пачалі хапаць дзяўчат, валілі на зямлю. Дзякуючы Валер’ю Аляксеевічу, які выбег з суду, дзяўчат удалося выцягнуць з аўтобуса. Тут увогуле на людзей не глядзелі, абыходзіліся зь імі абы-як”.

Пасьля бойкі зь міліцыянтамі пацярпелым давялося выклікаць хуткую дапамогу.

З падазрэньнем на страсеньне мозгу ў Віцебскі абласны шпіталь завезлі 9-гадовага сына актывісткі Крысьціны Шацікавай, якога міліцыянты ўдарылі галавой аб аўтобус. Забралі ў бальніцу яшчэ дзьвюх дзяўчат, 18-гадовую Крысьціну і 17-гадовую Алену.

Пяцёра затрыманых хлопцаў цяпер знаходзяцца ў Першамайскім райаддзеле міліцыі, дзе на іх складаюць пратаколы за несанкцыянаванае пікетаваньне і супраціў міліцыянтам.

Прозьвішчы і імёны затрыманых пакуль не вядомыя, бо падтрымаць Шчукіна прыехалі некалькі дзясяткаў не знаёмых між сабой людзей зь Менску, Магілёва, Берасьця, Горадні, Воршы, Паставаў, Полацку ды Наваполацку.

Бойка зь міліцыянтамі адбылася ў часе перапынку, які судзьдзя Надзея Гур’ян абвясьціла ў разглядзе крымінальнае справы Валер’я Шчукіна.

Грамадзкага актывіста вінавацяць у тым, што ён у выдадзеных ім улётках нібыта абразіў сябраў абласной і акруговай выбарчых камісіяў — напісаў, што тыя фальшавалі вынікі апошніх мясцовых выбараў.

Паводле 189-га артыкулу Крымінальнага кодэксу Шчукіну пагражае штраф, выпраўленчыя працы або да двух гадоў пазбаўленьня волі.

Заўтра працэс над журналістам і праваабаронцам працягнецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG