Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чаму дзяржава абдзірае бедных і не чапае багатых?”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Адна з галоўных тэмаў у нашай пошце апошніх тыдняў —– адмена сацыяльных ільготаў, якую ініцыявала ўлада.

Размова ідзе пра значныя зьніжкі пры аплаце грамадзкага транспарту, лекаў і камунальных паслугаў, права на якія да нядаўняга часу мелі пэнсіянэры, інваліды і студэнты. З новага году такія зьніжкі скасоўваюцца.

Гэтую тэму абмяркоўвае ў сваім лісьце пэнсіянэр са Стаўпцоўскага раёну Фэлікс Дашкевіч:

“Я разумею: у дзяржавы не хапае грошай. Але не магу зразумець: чаму гэтыя грошы трэба злупіць з самых безабаронных — старых, інвалідаў, студэнтаў? Чаму Лукашэнка абдзірае бедных і не чапае багатых? Іх жа так лёгка выявіць.

Выедзь за кальцавую дарогу — там поўна катэджаў, цана кожнага зь якіх — ня менш за мільён даляраў. Да гэтых катэджаў пад’яжджаюць аўтамабілі, кошт кожнага зь якіх — не адзін дзясятак тысяч даляраў. Хіба цяжкая справа –– увесьці падатак на гэтыя маёнткі, хоць бы пяць працэнтаў у год ад іхнай рынкавай вартасьці.

Вось вам 50 тысяч даляраў у год з кожнай “хаткі”. І ня трэба крыўдзіць старых, адбіраць ад іх апошнія капейкі. Лукашэнка ж называе сябе народным прэзыдэнтам, а дзейнічае зусім не па-народнаму”.


З так званымі “царскімі сёламі” ў прадмесьцях Менску ды іншых буйных гарадоў — пытаньне не такое простае, спадар Дашкевіч. Там што ні дамаўласьнік — то ці міністар, ці дэпутат, ці буйны чыноўнік вэртыкалі, ці бізнэсовец, цесна зьвязаны з уладай.

Іншымі словамі, гэта якраз тыя асобы, якія рыхтуюць уладныя рашэньні, уплываюць на іх і за іх галасуюць (альбо не галасуюць). Ці будуць яны самі супраць сябе ўводзіць драконаўскія падаткі? Пытаньне рытарычнае. Ды і Аляксандар Лукашэнка наўрад ці хацеў бы сапсаваць дачыненьні з цэлай клясай сваіх набліжаных.

Да таго ж, выявіць сапраўднага ўласьніка багатага маёнтка могуць хіба што спэцслужбы. Паводле дакумэнтаў, катэдж коштам больш як мільён даляраў можа быць аформлены на 90-гадовую вясковую бабулю з пэнсіяй 200 тысяч рублёў. Вось і спагані зь яе 50 тысяч даляраў падатку, як прапануеце вы, спадар Дашкевіч.

У нашага слухача Ўладзімера Бажанава зь Менску — іншы погляд на праблему льготаў. Ён не задаволены тым, як “Свабода” асьвятляе гэтую тэму:

“Нешта я не разумею пазыцыі вашай “Свабоды”, спадар Жданко. Вы ж, здаецца, павінны адстойваць пазыцыі рынкавай лібэральнай эканомікі. Але Лукашэнка і зрабіў зусім рынкавы крок, — разам адмяніў усе льготы паводле ўсіх канонаў заўзятых рыначнікаў.

Дык з чаго такі лямант? Чаму на вашых хвалях столькі галасоў абураных дзядулек і бабулек? Вы ж павінны ўсяляк прапагандаваць гэтае рашэньне прэзыдэнта, абараняць яго, тлумачыць асновы лібэральнай эканомікі.

Лукашэнка зрабіў тое, што на яго месцы зрабіў бы любы з вашых дэмакратычных палітыкаў. Дык за што лаяць прэзыдэнта? Трэба быць пасьлядоўнымі й не карыстацца падвойнымі стандартамі”.


Мы, спадар Бажанаў, не павінны займацца і не займаемся прапагандай рашэньняў прэзыдэнта Лукашэнкі. Адмена сацыяльных ільготаў выклікала шырокі розгалас у грамадзтве — і “Свабода” адлюстроўвае гэту рэакцыю.

Што да пытаньня пра тое, наколькі рынкавым, рэфармісцкім ёсьць рашэньне пра адмену льготаў… У нашых аналітычных праграмах даволі шырока абмяркоўваўся гэты аспэкт праблемы.

Пра рэформы можна было б казаць у тым выпадку, калі б адначасова са скасаваньнем льготаў стваралася празрыстая і зразумелая сыстэма кампэнсацыяў тым людзям (а гэта пераважна пэнсіянэры, студэнты, інваліды і дзеці), якія ў выніку пацярпелі.

Калі б ім замест ільготаў падвысілі пэнсіі і стыпэндыі, каб трансфармавалася ўся сыстэма сацыяльнай абароны. Але ў тым і рэч, што ўся, так бы мовіць, “рэформа” зьвялася да таго, што ў старых ды нямоглых адабралі грошы, каб заткнуць дзіры ў бюджэце, якія ўтварыліся пасьля значнага падвышэньня коштаў на расейскія газ і нафту.

Час ад часу мы атрымліваем лісты, у якіх паўтараецца адно і тое ж пытаньне пра некаторыя фрагмэнты біяграфіі прэзыдэнта Лукашэнкі, пра ягоны радавод, і асабліва — пра бацьку.

Вось і ў пошце апошняга тыдня гэтае пытаньне задае ў сваім лісьце Міхаіл Сапажкоў з Баранавічаў:

“На працягу ўсяго часу, што Аляксандар Лукашэнка пры ўладзе, адданыя яму выбаршчыкі задаюць адно і тое ж пытаньне: хто яго бацька? А ў адказ — маўчаньне.

Гэтую таямніцу не разгалошваюць і праўладныя сродкі масавай інфармацыі. Неяк мне на вочы трапіўся вялізны нарыс, ажно на дзьве газэтныя старонкі, у “Рэспубліцы”, пад красамоўнай назвай “Звезда президента”.

Адмыслова ўзяўся чытаць, каб даведацца пра бацьку прэзыдэнта. І, як ні дзіўна — не знайшоў пра гэта ні слова. Хоць увесь нарыс быў напісаны ў стылі аповедаў савецкага часу пра дзіцячыя ды юнацкія гады Ўладзімера Ільіча.

А сярод людзей ходзяць чуткі — і пра цыганскія карані, і пра іншае. Няхай бы іх абверглі ці пацьвердзілі. Дык не.

А ў той жа “Рэспубліцы” словамі нейкага Міхаіла Шэлехава падаюць яго нам не як звычайнага чалавека, а як правадыра зь неабмежаванымі ўладнымі паўнамоцтвамі, падкрэсьліваючы, што добраахвотна ён улады не аддасьць. Будзе ўладарыць, колькі захоча.

Дык, можа, і сапраўды — ён наш збавіцель, ратаўнік, выключная зьява, у якога нават бацька невядома хто?”


Так, спадар Сапажкоў, у многіх краінах біяграфія прэзыдэнта, ягоны радавод, генэалягічнае дрэва, жыцьцяпіс ягоных продкаў — гэта прадмет шырокай грамадзкай цікавасьці. Асабліва падчас выбараў.

У Беларусі ўсё інакш. І калі ў 1994 годзе дэпутат Лукашэнка вылучыўся кандыдатам на пасаду прэзыдэнта, падчас выбарчай кампаніі, дапытлівыя выбаршчыкі не маглі ня бачыць, што гэты фрагмэнт біяграфіі будучага прэзыдэнта даволі цьмяны і ня надта зразумелы.

Але ці мела гэта для большасьці беларускага грамадзтва прынцыповае значэньне? Відаць, не. Бо ў сумленнай барацьбе тады, трынаццаць год таму, перамог якраз ён, а ня тыя, у каго зь біяграфіямі бацькоў была поўная яснасьць.

Наш даўні аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў у сваім новым лісьце на “Свабоду” спрабуе зазірнуць у будучыню Беларусі:

“Цяпер Лукашэнка выбіў з-пад ног апазыцыі апошнюю яе спэкуляцыйную плятформу — ён узяў курс на цьвёрдую незалежнасьць ад Расеі. У Беларусі склалася дзяржбюракратыя, якая дакладна ўсьведамляе свае дзяржінтарэсы як інтарэсы асобнай краіны.

У Беларусі цяпер палітычная актыўнасьць ідзе на спад. Ня веру я ў тое, што ў Менску сёньня на мітынг можна сабраць 200 тысяч чалавек, а ў абласным цэнтры — 10 тысяч. Ня веру і ў адвагу апазыцыі. Эпоха такіх узрушэньняў даўно мінула.

Беларускі фэномэн можа цяпер выяўляцца толькі ў пераходзе ад занадта актыўнага (лявацкага паводле поглядаў) Лукашэнкі да групавой і калегіяльнай улады саліднай намэнклятурна-алігархічнай буржуазіі.

Цывілізацыйнага паходу ў Эўразьвяз, далей ад Расеі, ня можа быць проста з цывілізацыйна-мэнтальных прычынаў”.


Далей у сваім лісьце Алесь Марціновіч з Баранавічаў разважае пра тое, якой у цяперашніх умовах павінна быць палітыка Захаду на беларускім кірунку:

“Захад павінен бачыць уласную выгаду (сініцу ў руцэ, а ня жорава а-ля польска-літоўская мадэль у эўрапейскім небе). Яму ня варта праз апазыцыю і праз шызафрэнічных пісакаў штурхаць беларускае насельніцтва ўсё цясьней да Расеі, усё больш у праваслаўна-шавіністычны эўразійскі ізаляцыянізм.

Захад павінен прыкормліваць беларускі дзікі статак і ягонага важака Лукашэнку, каб гэты статак цалкам не падпарадкаваўся волі расейскага мядзьведзя.

Беларусі ня трэба ўступаць у Эўразьвяз і станавіцца часткай Агульнага Захаду. Яна павінна стаць сябрам Захаду — такім, як Турэччына, Эгіпет, Марока, Індыя, Тайвань, Саудаўская Арабія, Кувэйт, Эміраты, Азэрбайджан, Грузія, Паўднёвая Афрыка і Пакістан”.


Пералік краінаў, якія вы, спадар Марціновіч, прывялі, адметны тым, што ў ім ніводнай эўрапейскай дзяржавы.

Выключэньнем можна лічыць пры пэўных агаворках толькі Турэччыну, у якой на эўрапейскім кантынэнце каля 10 працэнтаў тэрыторыі.

Але нават Турэччына са сваёй гістарычнай і культурнай прыналежнасьцю да Ўсходу, зь нявырашанымі міжнацыянальнымі праблемамі і ўплывовымі ісламісцкімі сіламі ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў намагаецца стаць сябрам Эўрапейскага Зьвязу. І мае ўсе шанцы на посьпех.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG