Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чаму Пуцін бразгае зброяй?”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 6 чэрвеня, сераду. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Сымон Барыс: “Сёньня, 5 чэрвеня, ад вёскі Каменна Вялейскага раёну стартавала водная краязнаўча-навуковая экспэдыцыя па Вяльлі. У ёй удзельнічаюць беларусы і літоўцы. Адправілася 18 плаўсродкаў і каля 50 удзельнікаў.

Сёньня дзень Эўфрасіньні Полацкай. Быў там канцэрт, быў невялічкі фэст, малебен сьвятара. Былі выступоўцы ад Вялейскага райвыканкаму, з Лагойску былі прадстаўнікі аддзелу культуры, і таксама быў намесьнік Менскага райвыканкаму. Ад гэтай вёскі ў 1857 годзе адправілася экспэдыцыя Канстанціна Тышкевіча, графа Лагойскага. Яна тут пачалася ў Беларусі, а закончылася ў Коўне. Вось праз 150 гадоў краязнаўцы Вялейскага, Лагойскага, Астравецкага раёнаў, а таксама краязнаўцы літоўцы вырашылі прайсьці па гэтым маршруце. Гэты маршрут будзе перасякаць нашу дзяржаўную мяжу паміж Беларусьсю і Літвой, усё ўзгоднена. І будуць займацца дасьледаваньнем берагоў Вяльлі, як некалі было зроблена графам Тышкевічам. Дзякуй за ўвагу”.

Спадар: “Я прызнаю, што Быкаў Васіль Уладзімеравіч знакаміты пісьменьнік. Але не магу пагадзіцца з тым, што ён казаў, нібыта ў гады Вялікай айчыннай вайны супраць немцаў змагаліся толькі з-за таго, што яны сябе дрэнна паводзілі. Нібыта тыя былі дрэнныя, а гэтыя яшчэ горш. А патрыятызм?! Частка ж людзей бегла ад немцаў у лясы. Няхай яны не героі. Але ж больш за палову насельніцтва былі патрыётамі. Хто быў героем, хто на амбразуру кідаўся, хто тое, хто гэтае. Колькі герояў, паглядзіце, у нас у Беларусі”.

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”. Я паслухала, як усхваляюць і робяць сьвятою Ефрасіньню Полацкую. Гэта сьмех, што Пана Езуса не ўспамінаюць, Матку Боскую не ўспамінаюць, а Ефрасіньню Полацкую зрабілі сьвятой. І столькі срэбра паклалі на яе труну. За тое, што яна дала грошы на царкву, яе зрабілі сьвятой.

І яшчэ. У Горадні разбураюць старажытныя будынкі, царкву. Такое немагчыма дапусьціць. Няхай будзе будынак. Я яшчэ забыла падзякаваць шаноўнаму Бушу, амэрыканскаму прэзыдэнту, што ён заступіўся за Беларусь, сказаў праўду і пра палітыкаў нашых, якія сядзяць у вязьніцы. Дай Бог Вам здароўя, шаноўны прэзыдэнт амэрыканскі Буш. Дзякую за ўвагу”.

Спадар, Менск: “Дарагая “Свабода,” я хачу задаць некалькі пытаньняў. А менавіта. Вось у Расеі і на ўсёй постсавецкай прасторы ставіцца пытаньне пра барацьбу з карупцыяй. Хто можа змагацца з карупцыяй, калі ад галавы дзяржавы ўся вэртыкаль карумпаваная, уся армія карумпаваная, уся міліцыя, КДБ і суды – усё карумпавана. Хто можа змагацца зь імі? Карупцыянэры з карупцыянэрамі, ці што? Гэта першае пытаньне.

Другое. Чаму Пуцін бразгае зброяй? Ужо да вайны мы гэта чулі: “Наши танки быстры, броня крепка” і шапкамі закідаем. А што атрымалася? Калі б не кааліцыя Амэрыка-Англія-Францыя і Савецкі Саюз, то немец быў бы ва Ўладзівастоку ў тым жа годзе. Расеі трэба нэўтралізаваць ядзерную зброю ўсімі высілкамі Захаду, Амэрыкі… Прыкласьці ўсе намаганьні, каб паставіць шчыты наўкола Расеі, каб яна не змагла прымяніць ядзерную зброю. Таму што ўся армія п’яная. І ў любы момант могуць націснуць кнопку. І будзе сусьветная катастрофа. Вось такія ў мяне пытаньні”.

Міхаіл Пятровіч, пэнсіянэр, Менск: “Аб ільготах. Мне больш за семдзесят гадоў. Я інвалід працы 2-й групы. Атрымліваю невялікую пэнсію. Днямі зайшоў з дакумэнтамі ў стаматалягічную паліклініку гораду Менску, каб стаць на чаргу для бясплатнага пратэзаваньня зубоў. Просьбу задаволілі. Але сказалі, што амаль год давядзецца стаяць у чарзе. Вось такія льготы. А наш клапатлівы “бацька” хутка і гэтыя адменіць. З павагай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG