Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>М.Харашці: “Беларускую сытуацыю трэба цалкам перавярнуць”</B>


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Менску пачаўся двухдзённы міжнародны сэмінар-трэнінг “Узаемадзеяньне мэдыяў і дзяржаўных прэсавых службаў у дэмакратычным грамадзтве”. Яго сумесна зь беларускімі ўладамі арганізуе Бюро ў пытаньнях свабоды мэдыяў АБСЭ. З гэтай нагоды ў Менск зь Вены на адзін дзень прыляцеў кіраўнік бюро Міклаш Харашці. Перад пачаткам сэмінару ён даў інтэрвію чатыром журналістам, сярод якіх быў і наш карэспандэнт.

Чаму тэмай сэмінару абралі ўзаемадзеяньне мэдыяў і прэсавых службаў, а ня іншую праблему — напрыклад, стан недзяржаўных СМІ, якую многія журналісты лічаць значна больш важнай?

Адказваючы на гэта пытаньне, Міклаш Харашці гаварыў пра кампраміс:

“Перамовы паміж маім офісам і беларускімі ўладамі прывялі да таго, што абралі менавіта тэму, прымальную для абодвух бакоў. Мы задаволеныя, што можам паказаць досьвед рашэньня гэтай праблемы ў дэмакратычным грамадзтве. А таксама мы пайшлі так далёка, наколькі цяпер гатовыя ісьці беларускі ўрад у гэтым пытаньні”.

Міклаш Харашці паведаміў, што прывез з сабою рэцэнзію на законапраект “Аб інфармацыі, інфарматызацыі й абароне інфармацыі”, які сёлета зьбіраецца разглядаць Палата прадстаўнікоў.

Яго вялікія недахопы, падкрэсьлівае прадстаўнік АБСЭ, гэта абавязковае вызначэньне карыстальніка інфармацыяй ды абмежаваньне доступу журналістаў да дзяржаўнай інфармацыі:

“Як правіла, такая інфармацыя павінна быць адкрытай для грамадзтва. І толькі вельмі спэцыфічная частка — закрытай. А гэты законапраект прадугледжвае ўсё наадварот — амаль уся інфармацыя закрытая і зусім мала адкрытага. І мне падаецца, што гэтую сытуацыю трэба цалкам перавярнуць. Тыя моманты, калі грамадзтва ня можа мець магчымасьці доступу да інфармацыі, мусяць быць вельмі вузкімі. І абавязкова прапісаныя ў законе. А не наадварот”.

Заўвагі міжнародных экспэртаў Міклаш Харашці сёньня перадаў старшыні парлямэнцкай камісіі ў правах чалавека, нацыянальных дачыненьняў і СМІ Юр’ю Кулакоўскаму.

Спадар Кулакоўскі сказаў нашаму радыё, што задаволены сустрэчай:

“Мы нармальна, памяркоўна абмеркавалі шэраг пытаньняў, якія зьвязаныя з заканадаўствам. Яны далі нам свае прапановы да праекту закону “Аб інфармацыі, інфарматызацыі й абароне інфармацыі”. Менавіта да гэтага, а не да праекту закону “Аб друку”.

Журналісты чамусьці ўвесь час блытаюць Божы дар зь яечняй — два розныя законы. Распрацоўнікам законапраекту аб СМІ зьяўляецца Міністэрства інфармацыі. А закон аб інфармацыі рыхтуе Міністэрства сувязі”.

На сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў Міклаш Харашці не абышоў і дзейнага закону “Аб друку”. “Гэты дакумэнт абмяжоўвае дзейнасьць мэдыяў і ўжываецца як сродак пакараньня”, — падкрэсьліў прадстаўнік АБСЭ. Ён таксама адзначыў, што асноўная частка незалежных СМІ ўвесь час сутыкаецца з праблемамі друкаваньня, распаўсюду і з рэгістрацыяй юрыдычных адрасоў.

У сваім сёньняшнім інтэрвію прадстаўнік у пытаньнях свабоды мэдыяў АБСЭ выказаў шкадаваньне, што агульная сытуацыя са СМІ ў Беларусі не паляпшаецца.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец лічыць: за два гады, якія прайшлі пасьля папярэдняга прыезду ў Беларусь спадара Харашці, становішча нават пагоршылася:

“Яно пагоршылася прыкладна напрыканцы 2005 году, прыблізна праз паўгоду пасьля таго, як офіс спадара Харашці агучыў рэкамэндацыі для беларускіх уладаў. Становішча зьмянілася пасьля таго, як была выкінутая зь дзяржаўнай сыстэмы распаўсюду большасьць незалежных выданьняў. І з таго моманту сытуацыя не палепшылася”.

• АБСЭ і беларускія ўлады знайшлі агульную тэму для журналістаў, 4.06.2007 • М.Харашці: “Сытуацыю са СМІ ў Беларусі трэба кардынальна мяняць” , 4.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG