Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За "цукровай вайной" – сацыяльны супраціў


Вячаслаў Кулік, Менск-Слуцк-Гарадзея Дзяржаўны канцэрн «Белхарчпрам» патрабуе ад цукровых заводаў краіны зьмены формы ўласнасьці. Акцыянэрам усіх чатырох прадпрыемстваў галіны прпапануецца вярнуць акцыі. Доля дзяржаўнай уласнасьці тут мусіць быць павялічаная да 95 працэнтаў і больш. Задача практычна выкананая ў Гарадзеі, Жабінцы і Скідалі. Аднак супрацівяцца слуцкія цукравары. Пасьля двух нядаўніх сходаў у статуце прадпрыемства застаўся ранейшы расклад: 72 працэнты ўласнасьці – за акцыянэрамі, і толькі астатняе – за дзяржавай.

Я – у прыёмным пакоі дырэктара Слуцкага цукроварафінаднага камбінату. За зачыненымі дзьвярыма кабінэту кіраўнік прадпрыемства Мікалай Пруднік гутарыць са спэцыялістамі. Сярод іншага вызначаецца: хто будзе інфармаваць карэспандэнта Радыё Свабода пра сытуацыю ў калектыве? Асабіста дырэктар – засьцерагаецца. Сустаршыня назіральнага савету і намесьнік па ідэалёгіі – таксама. Кожны тлумачыць, што на пасадзе трымаецца, нібыта на валаску – адгалоскі тых самых сходаў…

У пакой падыходзяць людзі. Спрабую выклікаць на шчырасьць інжынэра Анатоля Багатку. Прысутныя падказваюць: ён адкрыта агітаваў супраць перадачы акцыяў дзяржаве.
А.Багатка: “Не такі ўжо дрэнны сёньня стан завода, каб разьвітвацца з акцыямі. Мяркую, ідзе гульня “наверсе”.
Багатка: «Акцыі мусяць быць у нашага калектыву. Імі калектыў павінен распараджацца. Ён мусіць кіраваць эканомікай прадпрыемства. Не такі ўжо дрэнны сёньня стан завода, каб разьвітвацца з акцыямі. Мяркую, ідзе гульня «наверсе».

Карэспандэнт: «А як лічаць іншыя?»

Багатка: «Мне самому было цікава задаваць такое пытаньне . І практычна кожны – супраць. А тыя людзі, у каго ўзровень разьвіцьця відавочна нізкі, яны – за перадачу акцыяў. Гэтыя кажуць: «Нам абы плацілі. Перажыў дзень – і за тое дзякуй».

Паднятую інжынэр Анатолем Багаткам тэму працягвае Анатоль Купрыянік. Ён – сябра назіральнай рады прадпрыемства, да нядаўняга часу – генэральны дырэктар.

Дзяржава патрабуе здаць акцыі па кошту 1997 году

Купрыянік: «Я прыйшоў сюды дырэктарам у 1974 годзе. Рабіў ухіл на тэхнічныя мерапрыемствы, але зразумеў, што без выхаваньня людзей тэхніка ня дасьць эфэкту. Калектыў склаўся. У 1993 годзе мы пайшлі на арэнду. Узялі нямецкі крэдыт – 12 мільёнаў дойчмарак. На той час – вялікая сума. На кожнага працаўніка быў заведзены асабісты банкаўскі рахунак. Кожны сябе адчуваў гаспадаром».

Са словаў Анатоля Купрыяніка, пачатковы кошт адной акцыі ў 1997 годзе складаў 350 рублёў, што адпавядала 10 чэкам "Маёмасьць". Сёньня на руках больш як 20 мільёнаў акцыяў. Дзяржава жадае іх выкупіць па ранейшым кошце. Анатоль Купрыянік лічыць – несправядліва:
А.Купрыянік: «Людзі жылі на мінімальных заробках, на мінімальных прэміях. Грошы ўсе ўкладваліся ў вытворчасьць. Балянсавы кошт прадпрыемства сёньня – 50 мільёнаў даляраў».
«Мы ў два разы зьменшылі расход паліва. Атрымалі выхад цукру з буракоў на ўзроўні Нямеччыны. Акрамя гэтых эканамічных посьпехаў, выпрацоўвалася пачуцьцё ўласьнікаў. Людзі жылі на мінімальных заробках, на мінімальных прэміях. Грошы ўсе ўкладваліся ў вытворчасьць. Балянсавы кошт прадпрыемства сёньня – 50 мільёнаў даляраў. І цяпер людзі не пагадзіліся аддаць акцыі за нішто».

«Мы самі падымемся. Калі не зь дзяржавай, то самі»

Іду да шараговых слуцкіх цукраваў. Асноўная вытворчасьць цяпер спыненая, таму займаюцца рамонтам. Гаворыць Алесь Махнач:

«У сувязі з пастаўкамі цукру ў Расею, вядома, складанасьці наступілі. Але людзі разумеюць, што ўсё-такі не кіраўніцтва завода вінаватае. Сытуацыя менавіта палітычная. Узаемаадносіны Беларусі і Расеі напружаныя».

Да гутаркі далучаецца Віктар Тарас:

«Наш камбінат лічыцца самым прэстыжным. На астатніх менш плацяць, чым на цукровым».

Карэспандэнт: «А колькі гадоў вы тут працуеце?».

«Сёлета будзе роўна 15, – гаворыць Віктар, – за мінулы час гэта другі такі крызыс. Спадзяемся, што перажывём».

Меркаваньне Алены Кротавай:

«Я лічу, што самі падымемся. Разьбяромся з гэтымі акцыямі. Калі не зь дзяржавай, дык самі. Я, праўда, мала працую. Але, напрыклад, піўзавод, дзе раней была, зусім упаўшы».

Карэспандэнт: «І піва слуцкага няма...»

Кротава: «Няма» (сьмяецца).

Спадарыня Тацяна Жураўлевіч:

«У Слуцку гавораць: «Вось шчасьлівыя, працуеце на цукроварафінадным камбінаце!»

Карэспандэнт: «А калі прадпрыемства ўсё-такі «лопне»?»

Жураўлевіч: «Ну і ўсё, у Слуцку адшукаць працу ўжо няма дзе».

Гарадзейскія цукравары шкадуюць пра страчаныя акцыі

Пасьля Слуцку наведваю Гарадзею. Адказы тутэйшых – нібыта копіі са случакоў. Цукравары шкадуюць пра страчаныя акцыі. Кажуць, вяртаньне да дзяржаўнай уласнасьці ўзмацняе сацыяльную напружанасьць. Найбольш верагодны па часе зямельны канфлікт. Гаворыць Іван Плакса, вэтэран працы:

«Апошні год тут агароды. Зямлю будуць адбіраць і даваць на былым аэрадроме. А там – толькі пясок. Дык хто ж туды пойдзе?!»

Запытваю, ці цяжэй становіцца жыць у Гарадзеі?

Плакса: «Так, так. Бульбы дырэктар не дае. Гіблая справа. Дык вось трошкі пасадзілі бурачкоў, агурчыкаў. Тупаем патрохі».

Леташні ўраджай буракоў у Беларусі быў на 900 тысяч тон большы, чым у 2005 годзе. Хаця значная частка сыравіны згніла на палях і на тэрыторыі заводаў, цукру вырабілі аж 290 тысяч тон. Для спажываньня ўнутры краіны патрэбна толькі трэцяя частка ад гэтага. Асноўнае плянавалася прадаць у Расею. Але тая сёлета набудзе 160 тысяч тон, а ў будучым годзе – і зусім толькі 100 тысяч.

Прычыны рэзкага зьмяншэньня попыту на беларускі цукар прашу патлумачыць аналітыка расейскага міністэрства разьвіцьця эканомікі Сяргея Міронава:
С.Міронаў: «Пэрспэктывы вырашэньня «цукровай праблемы» Беларусі губляюцца ў гушчары расейскай імпэрыі».
«Занадта ў гэтай справе палітычных момантаў. Гэта пытаньне ў кучы іншых, што ніякім чынам ня маюць адносінаў да цукру. Калі б пытаньне было само па сабе, то яго даўно вырашылі б. А паколькі завязанае на іншыя, то пэрспэктывы яго губляюцца ў гушчары расейскай імпэрыі» (сьмяецца).

Меркаваньні беларускага аналітыка Яраслава Раманчука таксама не аптымістычныя для беларускіх цукравараў:
Я.Раманчук: «Дзяржава можа ўзяць поўны кантроль над усімі цукровымі заводамі, але канцэпцыі – што зь імі рабіць, яна ня мае».
“Дзяржава можа ўзяць поўны кантроль над усімі цукровымі заводамі, але канцэпцыі – што зь імі рабіць, яна ня мае. І адзінае, што можа прапанаваць, – цэнтралізаваць продаж гэтых прадпрыемстваў нейкаму міжнароднаму канцэрну. Але тых аб’ёмаў экспарту і прыбытку, як у 2006 годзе, дасягнуць будзе вельмі складана”.

Праблемы з экспартам амаль не адбіліся на плянаваных аб’ёмах вытворчасьці. Так, заплянаваны Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчаваньня на 2007 год ураджай цукровікаў складае ня менш чым 3,6 мільёна тон, што на 9,1 працэнта менш за ўровень 2006 году. Адпаведныя пасяўныя плошчы сёлета скароцяцца ўсяго на 2,1 працэнта і складуць 104,7 тысячы гектараў. Не адмаўляецца «Белдзяржхарчпрам» і ад закупак сырцу. Тым больш, увазное мыта, паводле Нью-Ёрскай таварна-сыравіннай біржы, сёлета складае 252 даляры за тону супраць 265 у мінулым годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG