Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьцейскай крэпасьці будзе захоўвацца ўніформа польскіх ваяроў


Радыё Свабода Генэральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Берасьці падаравала музэю абароны Берасьцейскай крэпасьці камплект абмундзіраваньня польскага афіцэра 82-га пяхотнага палку 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Традыцыі гэтай вайсковай адзінкі бяруць свой пачатак у Сыбіры, дзе быў створаны полк польскіх стралкоў імя Тадэвуша Касьцюшкі. Пасьля вайсковай апэрацыі ў Маньчжурыі жаўнеры і афіцэры, што засталіся жывымі, былі эвакуяваныя ў Гданьск. Пазьней гэтае войска брала ўдзел у польска-савецкай вайне 1920 году і атрымала назву "82-га Сыбірскага палку стральцоў імя Тадэвуша Касьцюшкі".

З кастрычніка 1921 году і да пачатку Другой сусьветнай вайны гэты полк мясьціўся ў Берасьці, што быў сталіцай Палескага ваяводзтва. З пачаткам вайны жаўнеры былі тэрмінова накіраваныя на польска-нямецкую мяжу, дзе бралі ўдзел у баявых дзеяньнях.

Як высьветлілася, дагэтуль у музэі абароны Берасьцейскай крэпасьці амаль не было экспанатаў міжваеннага часу (1920-1939), таму падарунак хутка будзе разьмешчаны для агульнага агляду.

Генэральны консул Польшчы ў Берасьці Яраслаў Ксёнжэк запэўніў, што гэта не апошняя акцыя, зьвязаная зь перадачай гістарычных рэчаў берасьцейскім музэям. Польскі дыплямат таксама выказаў спадзяваньне, што на тэрыторыі крэпасьці зьявіцца мэмарыяльны знак, які ўшаноўвае польскіх абаронцаў гэтай тэрыторыі ад фашыстаў у 1939 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG