Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народ на “Свабодзе”


Радыё Свабода Пра што пісалі ў лістах, тэлефанавалі, паведамлялі праз СМС слухачы “Свабоды” на мінулым тыдні.

Пра суд над маладафронтаўцамі і вызваленьне палітвязьняў

Уладзімер Сідарэня, Менск:

“Адзін за адным выходзяць на волю палітвязьні, якія не даседзелі свайго тэрміну: Статкевіч, Севярынец, Садоўская… На апазыцыянэраў апошнім часам не заводзяць новых крымінальных спраў, а калі і караюць, дык штрафамі, а не арыштамі. Рэжым на нашых вачах набывае чалавечае аблічча. Лукашэнка яўна мяняе стратэгію і тактыку і ўжо ня можа лічыцца дыктатарам.

А вось апазыцыя гэты новы паварот у палітыцы Лукашэнкі не выкарыстоўвае, як належыць. Лідэры грызуцца паміж сабой, спрачаюцца за тое, хто зь іх галоўны. Відаць, дзеля гэтага ўлада і дазволіла ім кангрэс, каб яны канчаткова перасварыліся паміж сабой”.

Сяргей Касецкі, Наваполацак:

“Лукашэнка яўна падае сыгнал Захаду аб тым, што гатовы да перамоваў. Гэта зь ягонага боку, так бы мовіць, крокі добрай волі, якіх Эўразьвяз і ЗША доўга дамагаліся. Думаю, усіх палітвязьняў ён адразу не адпусьціць: трэба ж нешта пакінуць для гандлю. Калі вызваліць усіх – ніякіх козыраў на руках не застанецца. Асабліва доўга, напэўна, будуць трымаць Казуліна. Гэта – буйная фігура, за яе, напэўна, можна атрымаць сотні мільёнаў эўра – у якасьці тых жа гандлёвых прэфэрэнцыяў”.

Сьвятлана Усьціновіч, Менск:

“Лукашэнка зрабіў высакародны шырокі жэст – і як жа адрэагавала на гэта апазыцыя? Хоць бы напісалі ліст падзякі альбо правялі пікет, як яны звычайна робяць, на якім заявілі б аб падтрымцы палітыкі прэзыдэнта. Ня кожны ж дзень такое здараецца.

Увогуле, улада паказала, што яна моцная і не баіцца розных Статкевічаў і Севярынцаў. Мы яшчэ раз пераканаліся ў геніяльнасьці Аляксандра Лукашэнкі, у якога такое палітычнае чуцьцё, якое і ня сьнілася розным там Мілінкевічам і Лябедзькам”.

Бяз подпісу:

“Такая эўфарыя ў вас дзікая, што гэтым “маладагвардзейцам” прысудзілі мільён і крыху больш за мільён штрафу. Гэта вельмі вялікая сума, я па сабе мяркую. Адкуль бы я плаціў?! Але ня ў гэтым справа. Галоўнае, што ВЫ робіце выснову, нібы ўлада спужалася. Чхаць яны хацелі на гэта, што там з два дзясяткі п’яніцаў пашумелі! Якія вы наіўныя! Проста яны ніякай каштоўнасьці не ўяўляюць. Гэта проста звычайныя кудлы, якія пагаўкалі і ўсё. Яны зноў палезуць у нешта незаконнае, і ім зноў дадуць. Яны іх абанкруцяць ушчэнт. Гэта вельмі добрая форма – даў штраф і ўсё. А ў вас ужо эўфарыя – “Лукашэнка спужаўся!” Наіўныя!”

Бяз подпісу:

“Беларускі эканамічны цуд: апазыцыя павінна аплочваць фантастычныя штрафы, ліквідуючы дэфіцыт бюджэту”.

Бяз подпісу:

“Штраф памерам 1240 тысячаў можна прысуджаць толькі дэпутатам і сэнатарам”.

Віктар, Ліда:

“І што гэта за злачынства такое – удзел у незарэгістраванай арганізацыі?! Што, гэты закон прыняла нармалёвая легітымная ўлада?”

Галіна, Магілёў:

“Калякін, Лябедзька, Вячорка, сваімі дыялёгамі з Лукашэнкам не перашкаджайце вызваляць усіх палітычных вязьняў”.

Бяз подпісу:

“Прапаную апазыцыі салідарызавацца і зрабіць ахвяраваньне – усяго па 100 рублёў – на аплату штрафу для “Маладога Фронту”.

Анатоль Сахаруша:

“Пасьля краху рэжыму адным зь першых да пакараньня павінны быць прыцягнутыя тыя, хто прыклаў руку да звальненьня з працы бацькі Насты Палажанкі”.

Пра апазыцыю і Кангрэс дэмакратычных сілаў

Бяз подпісу:

“Гэта не апазыцыя, а зброд, і Аляксандар Рыгоравіч можа жыць спакойна да другога прышэсьця”.

Бяз подпісу:

“Сёньняшняя апазыцыя сябе за 12 гадоў дэскрыдэтавала. Што вы маеце дзейнае прапанаваць?”

Барыс Руцько, Менск:

“На сёньняшні дзень для мяне відавочна: стварыць новую апазыцыю немагчыма, паколькі старыя апазыцыянэры ўсяляк супраціўляюцца зьяўленьню новай палітычнай сілы. Апазыцыя ж, якая існавала дагэтуль – гэта псэўдаапазыцыя, а яе лідэры – псэўдалідэры. Таму ёсьць сэнс стварыць што-небудзь кшталту Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру. Ён павінен зьбіраць палітычную ды іншую інфармацыю, кампрамат на вышэйшых чыноўнікаў, зьвесткі пра масавыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. На сёньня гэта – галоўнае, паколькі менавіта гэта надзвычай небясьпечна для рэжыму.

Увогуле, я лічу, што Лукашэнка зь нецярпеньнем чакае сакавіка 2008-га году, калі будзе абраны новы прэзыдэнт Расеі. А раптам яму ўдасца знайсьці агульную мову з новым расейскім лідэрам і вярнуць ільготныя кошты на нафту і газ?”

Бяз подпісу:

“Камуністы – гэта не апазыцыя. Вельмі сумняюся, што ў іх прысутнічае нейкая дэмакратыя. Калі б Аляксандар Мілінкевіч аб’яднаўся з камуністамі і БНФ, ён насамрэч перастаў бы быць лідэрам апазыцыі, то бок апазыцыя – гэта тыя, каго судзяць, каго саджаюць у турмы, хто спрабуе рэальна дзейнічаць супраць рэжыму Лукашэнкі. Апазыцыя там, дзе моладзь, дзе няма камуністаў... Можна сказаць, што ён ужо праглынуў БНФ разам зь Лябедзькам, Вячоркам, якія ці не жадаюць часам стаць камуністамі?”

Бяз подпісу:

“Ад Кангрэсу дэмакратычных сілаў, які нядаўна адбыўся ў Менску, ствараецца ўражаньне, што пракамуністычныя Калякін, Лябедзька, Вячорка піхаюць родную Беларусь і шчыра сумленнага беларуса Мілінкевіча на задворкі, бо самі хочуць вызначыцца”.

Ларыса, Менск:

“Мы бачым, што зь цягам часу жыцьцё становіцца ня лепш, як абяцаў урад, а наадварот. Але і апазыцыя нам нічога ня можа абяцаць, бо калі ў дзяржавы няма сродкаў, дык у апазыцыі тым больш няма. Гэты Кангрэс паказаў, што ў іх няма ніякіх пэрспэктываў адносна ўсяго гэтага. Яны толькі спрачаюцца паміж сабой. І кожны хоча быць першым. А каб быць першым, трэба гэта даказаць. Пакуль вынікаў мы ня бачым”.

Бяз подпісу:

“Вывела з раўнавагі прапанова Лябедзькі. Няўжо ён забыў, як Лукашэнка праводзіць свае рэфэрэндумы? То яго крытыкавалі, што ён іх праводзіць зашмат, то самі прапануюць правесьці рэфэрэндум. Нібыта ня ведаюць, як усе рэфэрэндумы выйграе Лукашэнка. І забыліся нават на свае прапановы па перайменаваньню вуліцаў у Менску. Таксама ж былі нейкія рухі, каб зьвярнуцца да народу. Але з гэтага атрымаўся пшык, і яны зноў наступаюць на тыя самыя граблі. Так што ўжо гэтая апазыцыя (Лябедзькі, Калякіны) сябе дыскрэдытуе ў вачах народа. Трэба змагацца з лукашызмам, а не зьвяртацца яшчэ раз да народа, якім маніпулюе гэты самы лукашызм”.

Бяз подпісу:

“Лябедзька прапануе рэфэрэндум правесьці наконт кантрактаў і дамоваў. Ні ў якім разе нельга адмяняць іх. Калі гэта толькі адняць, гэтая п’янь, падонкі ўсялякія будуць сядзець, звольніць іх нельга будзе. Ён прапіў усё ня сьвеце, паўцэха свайго прапіў, а зь ім усё няньчыліся. А тут кантракт. Калі ты ня будзеш выконваць тое, што ў кантракце напісана, табе проста кантракт не працягнуць. І слушна робяць. Іначай мы бяз портак хадзіць будзем. Лябедзька нават не ўяўляе сабе, якую страшную міну ён падкладае пад беларускую вытворчасьць. Такое мы бачым у Расеі....”

Анастас Семяновіч:

“Шаноўная Вольга Абрамава, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацянальнага Сходу. Вы кажаце, што трэба працягваць удзельнічаць у выбарах. Наіўная вы спадарыня. Ніякіх выбараў апошнія 10 год няма. Выбарчы закон дасканалы – каго трэба, таго і абяруць. Вас усіх прызначылі, вы сама гэта вельмі добра ведаеце”.

Пра адмену льготаў

Лявон Мазанік, Стоўбцы:

“Аляксандар Рыгоравіч, не чапайце вы нашы льготы! А калі вам надта спатрэбіліся некалькі мільёнаў даляраў, дык скараціце хоць бы на траціну тую незьлічоную колькасьць кагэбістаў, спэцназаўцаў ды амонаўцаў, якія вас ахоўваюць. Няўжо ня бачыце, што карысьці ад іх – нуль. Яны толькі злуюць людзей ды калечаць дзяцей ды жанчын на мітынгах.

А яшчэ лепш – пашукайце гэтыя мільёны ў сваіх падначаленых. Бо крадуць яны якраз мільёнамі – гэта ўсе людзі добра ведаюць і бачаць на ўласныя вочы, ідучы і едучы міма новых маёнткаў начальнікаў. Гэта не тая скрынка цьвікоў, за якую ў свой час зьнялі Шушкевіча”.

Ганна Сяргееўна:

“Дазвольце ад свайго імені і ад імені інвалідаў зьвярнуцца да прэзыдэнта, да ўраду, да дэпутатаў. Адумайцеся, спадарства! Здыміце ўсе вялікія ільготы зь сябе, з былых чальцоў ураду і былых дэпутатаў, працаўнікоў аблвыканкамаў і выканкамаў, кабінэтных працаўнікоў арміі і міліцыі, а потым можаце здымаць мізэрныя даплаты, якія атрымліваюць інваліды. Яны ледзь выжываюць і з гэтай мізэрнай даплатай”.

Пра жыцьцё на вёсцы

Кастусь Сырэль, Вушачы:

“Навошта яны, тыя прэзыдэнцкія домікі, патрэбныя? Хто ў іх жыць будзе? Сабакі? Ты пойдзеш у калгас працаваць за трыццаць тысяч у месяц? Ідзі, мо й палучыш той домік, калі раней з голаду не апухнеш разам зь дзецьмі! Э-э-э, браток! “Бацька” наш убіў сабе ў галаву гэтыя домікі, як той Хрушчоў кукурузу, і хоць ты яму кол на галаве чашы. Ты заплаці мне – я палатку пастаўлю, і буду там жыць, і працаваць буду, і слова не скажу. Сам сабе хату пабудую, такую, якую я хачу, а не яны. Ды й на чорта мне што будаваць, я лепей дзе-небудзь куплю. Іх цяперака поўна, і купіш за капейкі. А якія дамы! Бярвеньні – “званок”! Ну, калі толькі ніжні вянец памяняць, ды падмурак падняць троху, ну, перакрыць. Там жа і пуні, і хлявы, і сад, і лазьня, і зямля добрая, нават, бываець, што і гараж ёсьць. А што пры гэтым прэзыдэнцкім доміку? Нічога, толькі хлявочак, як сабачая будка. Ровар паставіш, а другі ўжо ня ўлезе”.

Павал Сац, вёска Асавая Маларыцкага раёну:

“Народ у нас цікавіцца: чаму ў апошнія месяцы не падвысілі пэнсіі? Газэты маўчаць, тэлебачаньне таксама. Яны ўсё больш посьпехі і цудоўнае жыцьцё апісваюць. А нас пэнсія цікавіць. Ці вось зноў хлеб ды іншыя прадукты падаражэлі. Людзі кажуць: “Лукашэнка забыў нас…” А я ім на гэта: “Вы ж за яго галасавалі – дык патрабуйце…” – А мы і трэці, і чацьверты раз пойдзем галасаваць за яго. – Ну, дык тады і маўчыце, што хлеба няма за што купіць. Навошта абураецеся? У мяне адна нэрвовая сістэма, і я пра гэта не хвалююся – нічога іншага і не чакаў. Я хвалююся за “Свабоду”, бо ад яе атрымліваю духоўную ежу”.

Пра грамадзкі транспарт

Мікола Корбут:

“У Бабруйску ўсе прыгарадныя аўтобусы і нават маршруткі возяць пасажыраў у працоўныя дні па адным кошце, а па суботах, нядзелях і ў сьвяточныя дні на 40-50% даражэй. Гарбату і каву не даюць. Бэнзін і дызэльнае паліва каштуе ва ўсе дні аднолькава, дык за што ж церпіць пасажыр? Праўда, некаторыя работнікі аўтапарку асьцярожна сьцьвярджаюць: “У нас свая мафія”. Але пасажырам ад гэтага не лягчэй”.

Юрась Навіцкі, Менск:

“Часта езджу трамваем. На канцавым прыпынку ў Серабранцы нярэдка назіраю адну і тую ж цікавую сцэнку: высадзіўшы пасажыраў, вагонаважатая бярэ ў рукі лом і ідзе “пераключаць” гэным ломам рэйкі – ну, кшталту “самастрэлачніца”. Вось вам цудоўная ілюстрацыя так званага “беларускага эканамічнага цуду”, аб якім столькі распавядаецца на ўладным тэлебачаньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG