Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ініцыяваў раскопы ў месцах сталінскіх расстрэлаў пад Гомелем?


Ігар Карней, Менск На ўскрайку Гомелю ў Шчакатоўскім лесе пачаліся раскопкі на месцы масавых сталінскіх расстрэлаў. Грамадзкасьць занепакоеная, што ўлады паспрабуюць адкарэкціраваць гістарычную праўду і падаць прамінулыя падзеі як зьнішчэньне мірных жыхароў нямецкімі фашыстамі. Гісторыкі ж сьведчаць, што эксгумацыя, праведзеная ў пачатку 1990-х, дала адназначныя вынікі: расстрэлы палітычна неляяльных, ці “ворагаў народа” тут адбываліся ў 30 гадох ХХ стагодзьдзя.

Як расказвае актывіст дэмакратычнага руху Гомелю Алесь Карніенка, яшчэ пры канцы 1980-х грамадзкія актывісты спрабавалі атрымаць ад мясцовых уладаў тлумачэньне: хто насамрэч пахаваны ў брацкіх магілах за нейкі кілямэтар ад гораду? Адказ заяўнікаў не задаволіў – маўляў, пахаваньні сапраўды ёсьць, аднак у іх ляжаць парэшткі не ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, а крымінальнікаў.

Адзін з самых аўтарытэтных спэцыялістаў у справе сталінскіх чыстак, гісторык Ігар Кузьняцоў кажа, што захаваньні блізу Гомелю адназначна клясыфікаваныя як месца расстрэлу перадваенных гадоў. Гэта стала вядома на падставе вынікаў эксгумацыі, якая праводзілася тут у пачатку 1990-х:

“Гэта Чарнігаўская шаша, раён, які называецца ў Гомелі Шчакатоўскі лес. Там праводзіліся раскопкі яшчэ раней, афіцыйна, калі да гэтай тэмы было адпаведнае стаўленьне. Гомельскія прадстаўнікі выступалі зь інфармацыяй на канфэрэнцыі “Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагодзьдзі”, якая адбылася ў лютым 1998 году. Але пасьля гэтага ніякіх яўных раскопаў ніхто не праводзіў. Ні “чорныя” капальнікі, ні ўлады. І толькі ўчора паступіла інфармацыя пра раскопы. Але што насьцярожвае: на звароты ў пракуратуры і іншых інстанцыях заявілі, што ніякага дачыненьня да ўсяго гэтага яны ня маюць. Але само месца агароджана стужкай, якую звычайна выкарыстоўваюць праваахоўныя органы для агароджы месцаў здарэньняў. І малаверагодна, каб “чорныя” капальнікі абносілі такія месцы стужкай”.

На якой падставе пачатыя раскопы масавых пахаваньняў, пакуль невядома. Як кажа Алесь Карніенка, цяпер тэрыторыя плошчай болей за гектар агароджаная, а зямлю варочаюць салдаты. Зь іх словаў, раскопкі вядзе 52-гі асобны пошукавы батальён, падпарадкаваны Міністэрству абароны. Пакуль не ўдалося высьветліць, куды вывозяцца парэшткі ахвяраў камунізму:
”У пракуратуры і іншых інстанцыях заявілі, што ніякага дачыненьня да ўсяго гэтага яны ня маюць”
“Адназначна, што людзі былі забітыя не падчас нейкіх баявых дзеяньняў, а менавіта расстраляныя. Бо стралялі дакладна ў галаву, тут жа знойдзеныя гільзы. Грамадзка-актыўныя людзі занепакоеныя тым, што пад выглядам сьцьвярджэньня, што быццам фашысты тут учынялі расстрэлы, насамрэч могуць прыкрыць злачынствы савецкага рэжыму. Раскопкі рэальныя толкам тут ніколі не праводзіліся, каб высьветліць гістарычную праўду, і сёньня гэтыя косткі вывозяцца невядома куды. Дарэчы, салдаты сказалі, што нібыта 20 парэшткаў ужо адкапалі і яшчэ дзесьці 40 яны спадзяюцца знайсьці менавіта ў гэтым месцы. Спадзяемся, што на кантролі будзем трымаць гэтую справу, каб гістарычная справядлівасьць не была ўпушчаная”.

Гісторык Ігар Кузьняцоў зьдзіўлены, што да раскопаў прыцягнутае Міністэрства абароны. Паводле экспэрта, дагэтуль пошукаваму батальёну забаранялася капаць на месцы палітычных рэпрэсій:

“Чаго раптам пачаў раскопваць 52-гі асобны пошукавы батальён? Яны ўвогуле маюць указаньне ўсе месцы масавых пахаваньняў абыходзіць бокам. Яны раскопваюць толькі пэрыяды вайны. Проста не магу сказаць дакладна, ці насамрэч яны там і ў зьвязку з чым тады вядуць раскопы. Бо ў іх дакладна вызначана – пэрыяд І і ІІ Усясьветных войнаў, і толькі. То бок, ахвяры масавых рэпрэсій ў іх поле дзейнасьці не трапляюць. Аналягічная сытуацыя была, калі яны вялі раскопы ў раёне Трасьцянца, і тады я ім якраз сказаў: вы тут раскопы робіце, а праз 400 мэтраў сумна вядомыя расстрэлы НКВД 25 чэрвеня. А яны адказваюць: нам забаронена, мы толькі можам капаць “ваенны пэрыяд”.
“Пад выглядам сьцьвярджэньня, што быццам фашысты тут учынялі расстрэлы, насамрэч могуць прыкрыць злачынствы савецкага рэжыму.”
Як расказваюць відавочцы, у Шчакатоўскім лесе пад Гомелем людзей забівалі так шмат, што перасталі нават капаць ямы. Паводле Алеся Карніенкі, у лесе стаіць гэткі 200-мэтровы “гарбыль” – расстраляных урэшце проста завальвалі зямлёй. У канцы 1980-х афіцыйнай вэрсіяй яго існаваньня тлумачылі расстрэлам тут крымінальнікаў. Як кажа спадар Карніенка, у сучасным разуменьні крымінальнікамі можна лічыць і цяперашніх палітзьняволеных.

Паводле гісторыкаў, у адным толькі Менску ня меней за дзясятак месцаў масавых расстрэлаў у пэрыяд 1920-1940-х гадоў. Расстрэлы праводзіліся ва ўрочышчах Курапаты і Благоўшчына, у раёне Лошыцы, на тэрыторыі цяперашняй прамысловай зоны “Шабаны”. Асобныя прысуды прыводзіліся ў выкананьне на Кальварыйскіх могілках. Невядомае пахаваньне было знойдзенае падчас будаўніцтва станцыі мэтро “Пушкінская”. Мэтанакіраванае зьнішчэньне іншадумцаў адбывалася ў 40 населеных пунктах Беларусі. Але пра існаваньне многіх месцаў масавых расстрэлаў невядома дагэтуль.

Гл. таксама

• “Дарогу на Курапаты” пакажуць па беларускім тэлебачаньні?

На здымках: 1. Ахвярам стралялі ў галаву. 2. Месца раскопаў агароджана. 3. Рэчавыя доказы забойстваў – гільзы. 4. Косьці складваюць без асаблівага разбору

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG