Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды ўладкаваць дзіця на лета?


Іна Студзінская, Менск Наша карэспандэнтка высьвятляла, за якую суму і на якіх умовах можна аддаць дзіця ў дзяржаўны летнік.

Арганізацыяй летняга адпачынку школьнікаў займаюцца разам з аблвыканкамамі міністэрства адукацыі, міністэрства аховы здароўя, Рэспубліканскі цэнтар па аздараўленьні і курортна-санаторным лячэньні. Увесну Савет міністраў прыняў пастанову “Аб фінансаваньні летняга аздараўленьня дзяцей у 2007 годзе”.

Спэцыяліст Рэспубліканскага цэнтру па аздараўленьні Людміла Малочка называе прыкладную колькасьць дзяцей, якія будуць адпачываць у Беларусі:

“445 тысяч дзяцей усяго. У тым ліку ў лягерах з кругласутачным утрыманьнем 213 тысяч дзетак, а з дзённым перабываньнем – 232 тысячы дзяцей”.

Штогод закрываецца каля дзясятка летнікаў

Сёлета на рамонт летнікаў і новае абсталяваньне ўрад выдаткаваў 1 мільярд рублёў. Але беларускія лягеры будаваліся некалькі дзесяткаў гадоў таму, і многія зь іх не адпавядаюць патрабаваньням бясьпекі і санітарным стандартам. Таму каля дзясятка лягераў штогод закрываецца. Людміла Малочка кажа: плянавалася, што сёлета будзе працаваць 219 загарадных стацыянарных летнікаў (летась іх было 226), але...

“Я баюся, што іх будзе менш. Яны зараз праходзяць прыёмку. Камісія па прыёмцы аздараўленчых лягераў вельмі прадстаўнічая: чыноўнікі з адміністрацыі раёнаў, органы дзяржсаннагляду, МУС, МНС прымаюць лягеры, прыёмка яшчэ не скончаная, а ў самым разгары”.

Раней амаль усе прадпрыемствы, установы мелі сярод аб’ектаў так званага “сацкультбыту” і летнікі. Цяпер многія ня ў стане ўтрымліваць летнікі. Такім чынам, калі фірмы, дзе працуюць бацькі, не займаюцца арганізацыяй летняга адпачынку дзетак сваіх супрацоўнікаў, можна зьвярнуцца ў Рэспубліканскі цэнтар па аздараўленьні альбо ў рэгіянальныя прадстаўніцтвы Цэнтру.

“У летніку належнага кантролю і нагляду за дзецьмі няма”

Ці падабаецца дзецям адпачынак у беларускіх летніках? Вось уражаньні 14-гадовага падлетка:

“Калі я быў у “Зубронку”, мне вельмі спадабалася. Там смачна кармілі, добрыя пакоі былі (ня ведаю наконт усяго лягера, бо я жыў у адрамантаваным корпусе). А калі едзеш у нейкі звычайны лягер, там умовы ня вельмі добрыя, але калі трапляюць добрыя дзеці, ты гэтага не заўважаеш”.

Пытаюся ў маці іншага падлетка, ці гатовая яна адправіць дзіця ў беларускі летнік:

“Ой... Я, шчыра кажучы, вельмі баюся адпраўляць свайго сына ў беларускі лягер. Ён у мяне вельмі ўражлівы, лёгка паддаецца чужому ўплыву. Ён можа там пачаць і піва піць, і паліць, і ўсё што заўгодна. Там дзеці прадастаўленыя самі сабе, належнага кантролю і нагляду за імі яма”.

Карэспандэнтка: “А ўмовы ўтрыманьня?”

Спадарыня: “Ня ведаю, дзецям, напэўна, усё адно. Мяне не задавальняюць вялізныя палаты, часьцяком ў лягерах няма гарачай вады”.

Поўны кошт пуцёўкі ў “Зубраня” – больш за 700 тысяч

Звычайнаму дзіцяці трапіць у “Зубраня” даволі складана. Міністэрства адукацыі накіроўвае туды па льготных пуцёўках пераможцаў алімпіяд, спартоўцаў, выдатнікаў. Летам лягеру дазволена прадаваць частку пуцёвак за поўны кошт. Але ўсе пуцёўкі былі раскупленыя яшчэ зімой. Дарэчы, поўны кошт пуцёўкі ў “Зубраня” – больш за 700 тысяч рублёў. Што да звычайных летнікаў, Людміла Малочка прыводзіць такія лічбы:

“У лягеры з кругласутачным утрыманьнем кошт пуцёўкі – 360 тысяч. На гэтую пуцёўку ёсьць датацыя зь бюджэту, са сродкаў сацыяльнага страхаваньня. Вось гэтая датацыя складае 185 тысяч, гэта прыкладна палова. Датацыя ў дзённы лягер – 70 тысяч”.

Калі прадпрыемства, так бы мовіць, заможнае, яно можа аплаціць яшчэ нейкую суму, але бацькоўская даплата ня можа быць менш за 10% ад кошту пуцёўкі. 9600 дзяцей, якія пацярпелі ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, будуць адпачываць бясплатна, за кошт дзяржавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG