Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча і Расея спрачаюцца наконт паставак мяса


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Спрэчка паміж Масквой і Варшавай вакол забароны на экспарт польскага мяса ў Расею абвастраецца – польскі бок заявіў, што Расея “пашырае эмбарга”.

Прамаўляючы ў Маскве, прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што Варшава павінна “заўважыць пазытыўны сігнал з расейскага боку”, а менавіта гатоўнасьць Расеі адкрыць свой рынак для экспарту з Польшчы жывой жывёлы.

Між тым міністар замежных спраў Польшчы Ганна Фатыга заявіла, што падобныя заявы Пуціна сьведчаць аб пашырэньні эмбарга.

“Я хачу выразна заявіць – дагэтуль расейскае эмбарга не ахоплівала жывых жывёл, таму словы Пуціна – гэта фактычна пашырэньне эмбарга, а не нейкі “пазытыўны сыгнал”,– заявіла спадарыня Фатыга.

Між тым польскі віцэ-прэм’ер і міністар сельскай гаспадаркі Анджэй Лепэр, камэнтуючы словы расейскага прэзыдэнта, сказаў, што “Пуціна альбо дрэнна інфармуюць, альбо гэта проста зьдзек з Польшчы”.

Эмбарга на экспарт у Расею польскіх прадуктаў мяснога, а потым і расьліннага паходжаньня было ўведзенае Масквой восеньню 2005 году адразу пасьля таго, як у Польшчы да ўлады прыйшлі правыя сілы. У Польшчы лічаць, што санкцыі Расеі маюць выключна палітычны характар.

У адказ Варшава заблякавала пачатак перамоваў паміж Эўразьвязам і Расеяй ў справе новага пагадненьня аб партнэрстве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG