Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рэжым Лукашэнкі на нашых вачах набывае чалавечае аблічча”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Кангрэс дэмакратычных сілаў і супярэчнасьці ўнутры дэмакратычнай апазыцыі — тэма многіх лістоў, якія атрымлівае “Свабода” ў гэтыя апошнія дні траўня.

Наш слухач Уладзімер Сідарэня зь Менску лічыць, што для апазыцыі ў Беларусі ў апошні час склаліся прынцыпова новыя ўмовы, а яна іх не выкарыстоўвае:

“Улада дазволіла апазыцыі правесьці ў Менску кангрэс, і нават не наладжвала ніякіх правакацыяў. Адзін за другім выходзяць на волю палітвязьні, якія не даседзелі свайго тэрміну: Статкевіч, Севярынец, Садоўская…

На апазыцыянэраў апошнім часам не заводзяць новых крымінальных справаў, а калі і караюць, дык штрафамі, а не арыштамі. Рэжым на нашых вачах набывае чалавечае аблічча. Лукашэнка яўна мяняе стратэгію й тактыку, і ўжо ня можа лічыцца дыктатарам.

А вось апазыцыя гэты новы паварот у палітыцы Лукашэнкі не выкарыстоўвае, як належыць. Лідэры грызуцца паміж сабой, спрачаюцца за тое, хто зь іх галоўны. Відаць, дзеля гэтага ўлада і дазволіла ім кангрэс, каб яны канчаткова перасварыліся паміж сабой”.

Так, спадар Сідарэня, некаторыя прыкметы зьмякчэньня рэжыму заўважныя. Улада яўна імкнецца паказаць міжнароднай (найперш заходняй) супольнасьці, што гатовая на некаторыя саступкі ў кірунку лібэралізацыі.

Прычыны гэткіх мэтамарфозаў відавочныя: палітыка самаізаляцыі прывяла да таго, што краіна апынулася на парозе вялікіх эканамічных выпрабаваньняў. І цяпер улада спрабуе зьмякчыць магчымыя наступствы.

Але казаць пра нейкія кардынальныя зьмены ў палітыцы рэжыму пакуль заўчасна. Улада вызваліла толькі тых палітвязьняў, якім і так заставалася да выхаду на волю некалькі месяцаў. У той жа час, у турме застаюцца Аляксандар Казулін, Андрэй Клімаў, Зьміцер Дашкевіч ды іншыя.

У Беларусі па-ранейшаму судзяць за іншадумства, арыштоўваюць за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, не дазваляюць друкавацца незалежным газэтам.

Адзін з тых, хто даўно расчараваўся ў магчымасьцях апазыцыі ў яе цяперашнім выглядзе, — наш слухач Барыс Руцько зь Менску:

“На сёньняшні дзень для мяне відавочна: стварыць новую апазыцыю немагчыма, паколькі старыя апазыцыянэры ўсяляк супраціўляюцца зьяўленьню новай палітычнай сілы. Апазыцыя ж, якая існавала дагэтуль — гэта псэўдаапазыцыя, а яе лідэры — псэўдалідэры.

Таму ёсьць сэнс стварыць што-небудзь кшталту інфармацыйна-аналітычнага цэнтру. Ён павінен зьбіраць палітычную ды іншую інфармацыю, кампрамат на вышэйшых чыноўнікаў, зьвесткі пра масавыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. На сёньня гэта — галоўнае, паколькі менавіта гэта надзвычай небясьпечна для рэжыму.

Увогуле, я лічу, што Лукашэнка зь нецярпеньнем чакае сакавіка 2008 году, калі будзе абраны новы прэзыдэнт Расеі. А раптам яму ўдасца знайсьці агульную мову з новым расейскім лідэрам і вярнуць ільготныя кошты на нафту і газ?”

У Беларусі, спадар Руцько, дзейнічае даволі шмат рознага кшталту грамадзкіх арганізацыяў, праваабарончых і дасьледчых цэнтраў, якія вядуць маніторынг палітычнай сытуацыі, становішча з правамі чалавека, зьменаў у грамадзкіх настроях… Зьяўленьне яшчэ аднаго інфармацыйнага цэнтру наўрад ці што-небудзь істотна зьменіць.

Што да карэктываў у расейска-беларускіх дачыненьнях, якія могуць адбыцца пасьля 2008 году… Цяжка ўявіць, што новы гаспадар Крамля (хто б гэта ні быў) пагодзіцца выдаткаваць мільярды даляраў, каб вярнуць Беларусі танныя газ і нафту.

Нават калі здарыцца неверагоднае — прыход да ўлады, напрыклад, лідэра камуністаў Зюганава — прынцыповая пазыцыя Масквы ў гэтым пытаньні наўрад ці зьменіцца. Пуцін прапаноўваў Беларусі ўвайсьці ў склад Расеі шасьцю губэрнямі. Зюганаў, магчыма, пагодзіцца на аўтаномную рэспубліку. У любым выпадку размова ідзе і будзе ісьці пра ліквідацыю беларускай незалежнасьці.

Многіх нашых слухачоў сталага веку, а таксама студэнтаў і навучэнцаў турбуе хуткая адмена льготаў, якую ініцыявала ўлада. Размова ідзе пра значныя зьніжкі пры аплаце грамадзкага транспарту, лекаў і камунальных паслугаў.

Эмацыйны ліст на гэту тэму даслаў пэнсіянэр са Стоўпцаў Лявон Мазанік:

“Зьвяртаюся да прэзыдэнта. Аляксандар Рыгоравіч, не чапайце вы нашых ільготаў!

А калі вам надта спатрэбіліся некалькі мільёнаў даляраў, дык скараціце хоць бы на траціну тую незьлічоную колькасьць кагэбістаў, спэцназаўцаў ды амонаўцаў, якія вас ахоўваюць. Няўжо ня бачыце, што карысьці ад іх — нуль. Яны толькі злуюць людзей ды калечаць дзяцей ды жанчын на мітынгах.

А яшчэ лепш — пашукайце гэтыя мільёны ў сваіх падначаленых. Бо крадуць яны якраз мільёнамі — гэта ўсе людзі добра ведаюць і бачаць на ўласныя вочы, ідучы і едучы міма новых маёнткаў начальнікаў. Гэта ня тая скрынка цьвікоў, за якую ў свой час зьнялі Шушкевіча”.

Прэзыдэнт Лукашэнка, спадар Мазанік, ужо адрэагаваў на гэтыя папрокі. У мінулыя выходныя ў Берасьці ён сказаў, што сацыяльная тэмпэратура пасьля скасаваньня льготаў у Беларусі не падвысіцца.

А пэнсіянэры, як бы ні крыўдзіліся, свайму прэзыдэнту “ня здраджвалі і ня здрадзяць”. Думаю, калі б кіраўнік дзяржавы ня быў упэўнены ў гэтым, пэнсіянэрскія ды студэнцкія льготы ніхто не чапаў бы.

Многія нашы слухачы зьвярнулі ўвагу на нядаўняе зьяўленьне так званага “Менскага маніфэсту беларуска-расейскага яднаньня”. Яго аўтары — былы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Леанід Сініцын і былы дэпутат Вярхоўнага Савету Ўладзімер Парфяновіч — па сутнасьці заклікалі да ўваходжаньня Беларусі ў склад Расеі, зьнішчэньня беларускай незалежнасьці.

Адзін з водгукаў на гэты зварот палітыкаў, якія яшчэ нядаўна лічылі сябе апазыцыйнымі й дэмакратычнымі, даслаў наш даўні сябар Міхаіл Лысевіч зь Ліды:

“Вось і дачакаліся мы сваіх ваўкоў-здраднікаў, якія адкінулі ўсялякую асьцярожнасьць і выйшлі да нас у сапраўдным абліччы. Многія, напэўна, скажуць: што тут недарэчнага ці сэнсацыйнага: мы ж даўно будуем так званую “саюзную дзяржаву”.

Дык чым жа адрозьніваюцца ад Лукашэнкі спадары Сініцын ды Парфяновіч? А тым, што, датычна Лукашэнкі, пакуль няма альтэрнатыўнай краіны для кіраваньня (вядома, гаворка пра Расею) — няма і пытаньня пра зьнішчэньне незалежнасьці. Таму й гаворыць наш “усенароднаабраны” паўсюдна: “Незалежнасьць мы не аддамо”. Ну, і на тым дзякуй.

Сініцын і Парфяновіч — асобы іншага складу. Лукашэнка за ўладу супраць каго заўгодна пойдзе і ніхто яму ня ўказ. Гэтыя ж гатовы прадаць радзіму выключна за халуйскае месца маскоўскіх стаўленікаў. Відаць, ляўры Паскевічаў ды Мураўёвых не даюць спакою. Як не дае спакою і жаданьне гэтак жа выслужыцца перад “вялікай матухнай Расеяй”…

А што: прадамо Беларусь — нам расейцы і пасады, і багатую старасьць дадуць… А астатняе — філязофія”.

Відавочна, многім палітычным сілам у Расеі даспадобы маніфэст Сініцына — Парфяновіча, паколькі ў ім агучаныя імпэрскія пляны, якіх Маскве не ўдалося ажыцьцявіць з Лукашэнкам. Зусім магчыма таксама, што ініцыятары маніфэсту атрымаюць шчодрае фінансаваньне з Усходу і яшчэ доўга будуць мільгаць на расейскіх тэлеэкранах і прымацца на нейкім узроўні ў крамлёўскіх кабінэтах.

Але генэрал-губэрнатарамі новай расейскай правінцыі ім наўрад ці суджана стаць. Уваходжаньне ў склад Расеі перастала быць заманлівай мэтай для большасьці беларускага грамадзтва. Незалежнасьць сваёй радзімы як адну з галоўных каштоўнасьцяў успрымае ўжо больш як палова насельніцтва, і гэты працэс няспынны.

Цягнік даўно сышоў, а гэтыя двое ўсё яшчэ працягваюць бегчы па рэйках, спрабуючы дагнаць тое, чаго дагнаць немагчыма.

Аўтар наступнага кароткага ліста — Юрась Навіцкі зь Менску:

“Часта ежджу трамваем. На канцавым прыпынку ў Серабранцы нярэдка назіраю адну і тую ж цікавую сцэнку: высадзіўшы пасажыраў, вагонаважатая бярэ ў рукі лом і ідзе “пераключаць” гэным ломам рэйкі — ну, кшталту “самастрэлачніца”. Вось вам цудоўная ілюстрацыя так званага “беларускага эканамічнага цуду”,, аб якім столькі распавядаецца на ўладным тэлебачаньні”.

Гэтую карцінку, спадар Навіцкі, дзесяцігодзьдзямі назірае не адно пакаленьне жыхароў Менску. Пры гэтым і большасьць трамваяў на вуліцах беларускай сталіцы — тыя самыя старыя савецкія вагоны вытворчасьці Рыскага заводу, якія бегалі па менскіх вуліцах і ў 60-я, і ў 70-я гады.

Дарэчы, у самой Рызе, дзе яны вырабляліся, іх не куплялі — каб не псавалі выгляду эўрапейскага гораду.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG