Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На беларускай мяжы трэба прад’яўляць пашпарт і прэзэрватывы?


Алена Струвэ, Аляксей Дзікавіцкі, Менск-Варшава Учора цягам дня супрацоўнікі Берасьцейскай мытні адказвалі на пытаньні супрацоўнікаў замежных амбасадаў у Менску. Спасылаючыся на інфармацыю, зьмешчаную ў шэрагу італьянскіх ды польскіх СМІ, дыпляматы пыталіся: ці сапраўды на беларускай мяжы цяпер трэба прад’яўляць ня толькі пашпарты зь візай, але і прэзэрватывы?

У публікацыях прыводзяцца сьведчаньні непасрэдна тых, хто сутыкнуўся з праблемай. Каталіцкі сьвятар Пётр Мрозік, які ехаў у беларусь на ўласным аўтамабілі для таго, каб правесьці імшу, паводле ягоных словаў, мусіў на патрабаваньне беларускіх мытнікаў тэрмінова купляць кантрацэптывы на аўтазапраўцы. “Я адчуваў сябе вельмі няўтульна. Вы можаце ўявіць мой стан, калі мне прыйшлося купляць камплект прэзэрватываў?” – прыводзіць словы сьвятара польская газета “Dziennik”.

Зямляк ксяндза, кіроўца грузавога транспарту Марцін Златніцкі кажа, што новыя патрабаваньні выклікалі ў ягоных калегаў шмат ўсьмешак. “Навошта мне іхныя прэзэрватывы? – пытаецца кіроўца.– Я еду ў Беларусь зусім не дзеля сэксу”.
Ксёндз Мрозік: “Вы можаце ўявіць мой стан, калі мне прыйшлося купляць камплект прэзэрватываў?”
Паведамляецца, што адпаведны камплект вырабаў сэксуальнай бясьпекі патрабуюць толькі ад аўтамабілістаў. У тых, хто прыбывае ў Беларусь на цягніку ці самалёце, пра прэзэрватывы не пытаюць.

Мы зьвязаліся зь Берасьцейскай мытняй. Вось што адказаў нам дзяжурны мытнік:

“Ды ўжо ўсе падняліся з гэтай нагоды. З амбасадаў да нас увесь час тэлефануюць: што там здарылася ня мяжы? Ды нічога ня здарылася. Ніхто нічога такога не патрабуе”.

Супрацоўнік берасьцейскай мытні дзеліцца ўласнай вэрсіяй, чаму і на якой падставе ў замежных мэдыях магла зьявіцца падобная інфармацыя:
Беларускі мытнік: “Ды каму патрэбны гэты ксёндз са сваімі гэтымі вырабамі?”
“У свой час Міністэрства аховы здароўя патрабавала, каб у кіроўцаў на тэрыторыі Беларусі была адзіная аптэчка. Я ня ведаю, хто яе фармаваў, чаму паклалі туды гэтыя вырабы, навошта. Напэўна, тыя, хто прапанаваў, самі ня ведалі. Аднак ДАІ пачала патрабаваць, каб у аптэчцы было ўсё ў адпаведнасьці са сьпісам. Напэўна, карэспандэнту не было больш пра што пісаць. Пішуць, быццам бы сьвятара прымусілі купляць... гэта самае... Ды каму патрэбны гэты ксёндз са сваімі гэтымі вырабамі?”

На пытаньне, ці праўда, што на беларускай мяжы створаны пасьпяховы бізнэс па продажу прэзэрватываў, наш суразмоўца адказваў:

“Супакойцеся, ды нікому гэта не патрэбна!“

Польскія памежнікі і мытнікі прызнаюцца, што некалькі чалавек ужо скардзіліся ім на “дзіўныя патрабаваньні беларусаў”, аднак пра масавы характар такіх скаргаў пакуль нельга казаць.
Гжэгаш Гарчыца: “Яны міжволі выстаўляюць у дрэнным сьвятле беларускіх жанчынаў”
Сьмехам Гжэгаж Гарчыца – старшыня аўтаклюбу ва ўсходнепольскім горадзе Хэлм зарэагаваў на інфармацыю пра выпадкі на беларуска-польскай мяжы.

“Гэтае патрабаваньне сьведчыць пра надзвычайную асьцярожнасьць беларускіх памежнікаў, але яны, можа міжволі, сваімі паводзінамі выстаўляюць у дрэнным сьвятле беларускіх жанчынаў!”

Калі больш сур’ёзна, дык спадар Гарчыца кажа, што сутыкнуўся з такім патрабаваньнем на польска-украінскай мяжы:

“Я ня ведаю, якая сытуацыя на польска-беларускай мяжы, але ва Ўкраіну езьдзіў. На польска-украінскай мяжы такое патрабаваньне выкарыстоўвалася выключна для таго, каб выцягнуць у замежнікаў грошы”.
Анджэй Пачобут: “Магчыма, у Дзень памежніка проста пажартавалі так з чалавека?”
Між тым беларускі карэспандэнт “Gazety Wyborczej” Анджэй Пачобут кажа, што нідзе ў адпаведных афіцыйных установах Беларусі ня змог знайсьці пацьверджаньня, што замежнікі абавязаныя мець прэзэрватывы ў аптэчках.

Спадар Пачобут мае ўласнае тлумачэньне сытуацыі.

“28 траўня – дзень памежніка. Дык, магчыма, адзначалі яшчэ напярэдадні, ды вось і пажартавалі так з чалавека, ці можа пазьдзекваліся, што мусіў, як піша “Dziennik”, ехаць ды купляць прэзэрватывы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG