Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ня варта ўпадаць у эўфарыю і наіўна спадзявацца, што беларускі рэжым заўтра стане “мяккім і пухнатым”


Віталь Цыганкоў, Менск Чаму беларускае кіраўніцтва пайшло на мяккі прысуд актывістам Маладога Фронту? Што азначае гэты крок у кулюарных перамовах з Захадам? Ці не жадае сёньняшняя ўлада гэтым самым пайсьці насустрач апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці? Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць за Круглым сталом Экспэртызы Свабоды палітоляг Аляксандар Класкоўскі і міжнародны каардынатар Хартыі-97 Андрэй Саньнікаў.

“Год таму такога мяккага прысуду мы б не дачакаліся”.

Цыганкоў: “Сярод палітыкаў і аналітыкаў стала ўжо агульным месцам сьцьвярджаць, што ўмоўна-датэрміновае вызваленьне Севярынца і Статкевіча, мяккі прысуд актывістам Маладога Фронту, – гэта крокі беларускіх уладаў у гандлі з Захадам. Ці згодныя вы з такім вызначэньнем і калі так, то якія ўмовы гэтага гандлю, якія пазыцыі ў абодвух бакоў?”

Саньнікаў: “Відавочна, гандаль ідзе. Год таму такога мяккага прысуду мы б не дачакаліся. З беларускага боку галоўныя ўмовы гэтага гандлю – паляпшэньне эканамічных стасункаў з Эўропай. Бо ў Беларусі склалася даволі небясьпечная, калі не сказаць, крызысная эканамічная сытуацыя”.

Класкоўскі: “Менск хоча палепшыць свае стасункі з Захадам і за гэта атрымаць пэўныя бонусы.

Што да гандлю, то мне здаецца, некаторыя заявы выглядаюць схематычна, калі гавораць, што “палітычных вязьняў мяняюць на гандлёвыя прэфэрэнцыі”. Хто ведае гэтую мэханіку, як прымаюцца рашэньне аб скасаваньне прэфэрэнцыяў, то ведае, што крытэр тут найперш– становішча прафсаюзаў, а не палітычныя вязьні. Хаця, натуральна, у любым выпадку розныя міжнародныя інстытуцыі ўлічваць агульным кантэкст беларускага пытаньня.

Беларускі бок хоча зрабіць нейкі мінімум саступак, а потым патрабаваць ад Эўропы “па поўнай праграме”. Такія ноткі ўжо гучалі – “мы далі дазвол на адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўразьвязу, а яны не ідуць нам насустрач”.

Нават калі ўсе палітвязьні на волі, гэта яшчэ не дэмакратызацыя

Цыганкоў: “Калі гаворыцца “А”, трэба казаць і “Б”, выпускаць астатніх палітвязньняў. І галоўнае – знакавую для Лукашэнкі фігуру – Аляксандра Казуліна. Ці выпусьцяць Казуліна і ці пойдзе Захад на перамовы з беларускай уладай, калі Казулін будзе за кратамі?”

Саньнікаў: “Паляпшэньне становішча альбо вызваленьне палітрэпрэсаваных – гэта галоўныя козыры ў гандлі беларускага рэжыму з Захадам. Думаю, улада будзе рабіць усё, каб не вызваляць Казуліна.

Мяркую, тут усё залежыць ад жорсткай і прынцыповай пазыцыі Захаду. Наколькі я ведаю, у Брусэлі ёсьць пакет патрабаваньняў. Калі будзе жорсткае патрабаваньне вызваленьня і спыненьня рэпрэсіяў і толькі потым “давайце рухацца наперад”, тады гэта будзе беларускім бокам выконвацца”.

Класкоўскі: “Я думаю, што пытаньне Казуліна – цяпер галоўны “галаўны боль” для беларускага кіраўніцтва. Бо Казулін самы жорсткі і дзёрзкі апанэнт улады. Таму я мяркую, што па-першае, будуць “цягнуць гумку”, а па-другое, прымуць палавіністае рашэньне – амністыя, зьмяншэньне тэрміну ды іншае.

Што наконт Захаду, то перамовы ўжо ідуць. Кулюарна, але па пэўных сымптомах адчуваецца, што дыялёг адбываецца. І тут вельмі важна, каб Захад не губляў з віду прынцыповыя пытаньні, якія тычацца стварэньня пэўнага абсягу, рэчышча для дэмакратызацыі краіны.

Бо нават калі ўявіць, што заўтра ўсе палітвязьні на волі, прасторы для зьмены сытуацыі ў Беларусі па-ранейшаму няма. Калі мы ад прэзыдэнта чуем пра “вольныя рэчы” з галасаваньнем і падлікам галасоў, то тут самы харызматычны кандыдат ад апазыцыі ня могуць зьмяніць. Таму пытаньні дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства, разьняволеньня мэдыяў – яны найбольш муляюць афіцыйнаму Менску, і тут ён будзе трымацца да апошняга”.

“ А. Саньнікаў: “Ня варта ўпадаць у эўфарыю і наіўна спадзявацца, што беларускі рэжым заўтра стане “мяккім і пухнатым”.


Цыганкоў: “Апазыцыя і экспэртная супольнасьць часта апрыёры не прымае, не давярае ніякім крокам сёньняшняй улады. А можа, Лукашэнка хоча нешта сказаць ня толькі Захаду, але і грамадзянскай супольнасьці. Можа, яна хоча сказаць – “глядзіце, мы зьмяніліся. Давайце разам абараняцца ад расейскага ціску?”

“Такія крокі трэба заўважаць. У атачэньні Лукашэнкі ёсьць розныя групоўкі, і гэта асабліва выявілася апошнім часам. Трэба і самім прапаноўваць крокі па дэмакратызацыі – можа і не вышэйшаму кіраўніцтву, а ў цэлым эліце, сярэдняму зьвяну.

Я згодны і з тым, што трэба дбаць пра незалежнасьць, эканамічнае разьвіцьця краіны, небясьпеку энэргетычную. І гэта найбольш грунтоўная база, каб рухацца наперад і ладзіць дыялёг унутры краіны.

Пакуль я не скажу, што ідзе паўнавартасны дыялёг – Захад высьвятляе пазыцыі бакоў. І пакуль няма празрыстасьці ў тых кроках, якія абмяркоўвае Захад”.

Класкоўскі: “Ня варта ўпадаць у эўфарыю, і наіўна спадзявацца, што беларускі рэжым заўтра стане “мяккім і пухнатым”. Усе гэтыя дзеяньні адбываюцца пад жорсткім ціскам абставінаў, і іншага ня трэба і чакаць.

Часам гучаць закіды ў бок апазыцыі, што яны не падтрымліваюць улады ў абароне незалежнасьці. А як? Самым натуральным было б даць магчымасьць палітычных дзеяньняў, хай у парлямэнце абараняюць, хай пісьменьнікі выказваюцца. Трэба было б даць волю таму, што цяпер заціскаецца.

Калі б гэтыя працэсы пачалі адбывацца, можна было б казаць пра эвалюцыю рэжыму. Пакуль гэтага яшчэ не назіраецца. У любым выпадку прынцыповасьць Эўразьвязу ў тых 12-ці ўмовах прывядзе да таго, што ўладам давядзецца рабіць зьмены ў выбарчае заканадаўства і ў сытуацыю з мэдыямі, што створыць палітычны абсяг для дэмакратызацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG