Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Манаеў: праэўрапейскі выбар дэмсілаў стаў больш выразным


Алесь Дашчынскі, Менск У амбасадзе Літвы ў Менску прэзэнтавалі кнігу “Беларусь і “вялікая Эўропа”: у пошуках геапалітычнага самавызначэньня”. Яна выйшла пад рэдакцыяй сацыёляга прафэсара Алега Манаева. Гэтая кніга завяршае праект “Умацаваньне праэўрапейскіх арыентацыяў у Беларусі”, які ажыцьцявіў зарэгістраваны ў Вільні Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў пры падтрымцы Эўракамісіі.

Прафэсар Алег Манаеў падаў зьвесткі нацыянальнага апытаньня, якое правялі ў першай палове траўня.

47 працэнтаў рэспандэнтаў выказаліся за аб’яднаньне у той ці іншай форме з Расеяй і 35 працэнтаў — за ўступленьне ў Эўразьвяз. Гэтыя суадносіны фактычна не мяняюцца цягам апошняга часу. Аднак прарасейскія арыенціры і прарасейская сыстэма каштоўнасьцяў памяншаецца.

Шэсьць гадоў таму за аб’яднаньне ў адну краіну з Расеяй выказваліся 21,2 працэнта, а цяпер толькі 8,3 працэнта. За саюз незалежных краін раней было 51,7 працэнта, цяпер 43,5.

За стасункі з Расеяй — такімі ж, як і зь іншымі краінамі СНД — раней выказваліся 19,7 працэнта, сёньня каля 42 працэнтаў. Менск, 29.05.2007. Прэзэнтацыя новай кнігі НІСЭПД Алег Манаеў:Сам факт, што прэзэнтацыя кнігі праводзіцца на экс-тэрыторыі, ненармальны. І гэта гаворыць, якую пазыцыю ў пытаньні геапалітычнага самавызначэньня займае беларуская ўлада”.

Якую ж пазыцыю ў пошуках геапалітычнага вызначэньня Беларусі займае ўлада?

Алег Манаеў сказаў:

“У самым мяккім варыянце яе можна назваць непасьлядоўнай, яна хістаецца. А ў больш жорсткім варыянце — гэта шлях не эўрапейскі. Аднак у Беларусі жывуць мільёны людзей, якія падзяляюць эўрапейскія каштоўнасьці. І ў выпадку рэфэрэндуму яны прагаласавалі б “за”.

Паводле прафэсара Манаева, за апошнія тры месяцы праэўрапейскі выбар у дэмсілаў стаў больш выразным:

“Тая лінія разлому, якая зьнешне прагучала на Кангрэсе, была інтэрпрэтаваная як розьніца паміж праэўрапейскім выбарам часткі апазыцыі (Мікалай Статкевіч, “Малады фронт” і рух “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча) і тым, што прадставіла кааліцыя. На самай справе такога супрацьпастаўленьня рабіць нельга.

Амаль усе яны кажуць альбо пра шматвэктарную замежную палітыку, альбо робяць большы акцэнт на стасунках з Эўразьвязам. Ёсьць нюансы ў формах гэтага руху. Напрыклад, у стратэгіі Статкевіча гаворыцца аб пэрспэктыве ўваходжаньня ў Эўразьвяз, а ў стратэгіі кааліцыі гэтага няма. Але паводле самога кантэксту выбар такі ж”.

Менск, амбасадар Нямеччыны Марцін Хэкер пад час прэзэнтацыі новай кнігі НІСЭПД Амбасадар Нямеччыны Марцін Хэкер пад час прэзэнтацыі новай кнігі НІСЭПД: “Беларусь геаграфічна знаходзіцца па суседзтву з Эўразьвязам. І таму ўвага да Беларусі будзе расьці”.

Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў быў ліквідаваны беларускімі ўладамі ў 2005 годзе. Але інстытут зарэгістравалі з той жа назвай і статутам у Літве. У Беларусі былыя супрацоўнікі ўстановы працягваюць дасьледчую і аналітычную дзейнасьць як незалежныя экспэрты (група прафэсара Манаева).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG