Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы: “Пакуль Лукашэнка ва ўладзе, дачыненьні з апазыцыяй ня зьменяцца”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Як пасьля Кангрэсу дэмакратычных сілаў могуць зьмяніцца дачыненьні ўлады і апазыцыі? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы.

Студэнт: “Зьмяніцца нічога ня можа, паколькі прэзыдэнтам у нас Лукашэнка. І пакуль ён ля ўлады, нічога ня зьменіцца. Бо ў нас няма дэмакратыі. Ён лічыць, што апазыцыі ў нас няма, што гэта проста людзі, якія для яго — ніхто”.

Другі студэнт: “Я лічу, што Беларусь цяпер знаходзіцца на пераходным этапе, а на такім этапе патрэбная моцная ўлада. Беларусь яшчэ не гатовая да дэмакратычных пераменаў. Каб перайсьці да іх, патрэбны час. І да таго ж, у нас вельмі слабая апазыцыя, яна ня можа дастукацца да народу й ня робіць таго, што патрэбна рабіць. Таму я лічу, што ёй трэба яшчэ шмат працаваць, каб нешта зьмянілася”.

Трэці студэнт: “Дачыненьні могуць зьмяніцца, але ня ведаю ў які бок. Разумееце: улада адно, народ — другое. Ня ўсё трэба будаваць, зыходзячы зь нейкіх кантактаў з уладай, трэба ж і бліжэй да народу быць, прадпрымаць нейкія дзеяньні, разьвязваць праблемы. Я лічу, што праблемай самой беларускай апазыцыі, асабліва цяпер, пасьля гэтага кангрэсу, зьяўляецца тое, што яна ў існасьці пазбавілася свайго адзінага лідэра. Раней у апазыцыі быў адзін лідэр, а цяпер іх некалькі, па-мойму, чатыры”.

Спадар: “Рэч у тым, што калі абодва бакі знойдуць тэму для гутаркі, дачыненьні паміж імі можна зьмяніць. Але цяпер грэх можа нават хутчэй на апазыцыі, яна не шукае агульных тэмаў з уладай”.

Малады спадар: “Я думаю, што нешта памяняецца — магчыма, пачнуцца перамовы. Я спадзяюся, што нарэшце нейкія зьмяненьні будуць”.

Спадар: “Зьмены немагчымыя. Я не скажу, што я супраць гэтай улады ці супраць апазыцыі. Наадварот, я лічу, што кожны чалавек мае права выказацца, трэба ўсіх слухаць. Калі знаходзяцца кампрамісы, тады ёсьць і вынік, а калі няма кампрамісу, выніку ня будзе”.

Студэнт: “Пакуль што, здаецца, кампраміс немагчымы, маё асабістае меркаваньне. І гэта з-за абедзьвюх пазыцыяў: пазыцыі прэзыдэнта, які мо ня хоча на кампраміс з заходнімі краінамі ісьці ў некаторых пытаньнях, а што датычыць апазыцыі, дык яна, магчыма, занадта рэзка ставіцца да прэзыдэнта”.

Малады спадар: “Не, я лічу, што зьмены ў дачыненьнях немагчымыя. Улада не дае раскрыцца цалкам апазыцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG