Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх “міратворцаў” пакідаюць на пэрспэктыву


Ігар Карней, Менск Сёньня адзначаецца Міжнародны дзень міратворцаў. Абвешчаны Генэральнай Асамблеяй ААН пяць гадоў таму, ён прысьвечаны працы падразьдзяленьняў “блакітных касак”, чыя місія скіраваная на прымірэньне варагуючых бакоў у сьвеце. Звычайна гэта таксама нагода для падагульненьня зробленага Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый у розных гарачых кропках. Беларускія міратворцы фармальна хоць існуюць, але знаходзяцца ў “міжнародным запасе”.

Беларускія вайскоўцы не бяруць удзел у міратворчых акцыях ААН. Аднак, як паведаміў прадстаўнік Міністэрства абароны Вячаслаў Раменьчык, у будучым беларускі ўдзел у місіі “блакітных касак” тэарэтычна не выключаецца:

“На гэты момант мы не прымаем удзелу ў міратворчых апэрацыях. Тым ня меней, беларускае заканадаўства гэта дазваляе, таму ў нас ажыцьцяўляецца падрыхтоўка ваеннаслужачых для ўдзелу ў міратворчых апэрацыях. Але цяпер мы ні ў якіх гуманітарных акцыях ня ўдзельнічаем”.

Беларусы на міратворцаў пакуль ня “цягнуць”

Аляксандр, былы ваеннаслужачы беларускай арміі, сьведчыць: перадусім у Афрыцы нямала беларускіх спэцыялістаў, якія дапамагаюць асвойваць тэхнічныя азы мясцовым арміям. Апошняя ягоная камандзіроўка была ва Ўганду. Але, як кажа Аляксандр, на “чорным кантынэнце” амаль усе знаходзяцца ў стане ваеннага супрацьстаяньня з суседзямі:

“Такія паездкі звычайна пад эгідай Міністэрства абароны ніколі не праходзяць. Я ня думаю, што вайскоўцы, якія нясуць службу ў беларускім войску, дзесьці за мяжой працуюць. Акрамя, магчыма, некалькіх кантрактаў. Звычайна гэта адбываецца больш на прыватным узроўні, дамаўляюцца пераважна з адстаўнымі вайскоўцамі ці вайскоўцамі, якія служаць, але яны дзеля будучай працы звальняюцца з арміі. І едуць туды”.

Карэспандэнт: “А вы самі доўга былі ў такой камандзіроўцы?”

“Я ўвогуле быў некалькі разоў, і працягласьць была ад месяца да паўгоду”.

Карэспандэнт: “І ў вашы абавязкі ўваходзіла навучаньне вайскоўцаў?”

“Так, гэта былі вайскоўцы рэгулярнай арміі”.

Сьлед беларускіх наймітаў – ад Балканаў да Чачні

Факты сьведчаць: падчас узброеных канфліктаў апошняга часу беларусы гэтаксама не заставаліся ў ролі статыстаў. Цягам Балканскай кампаніі беларускія спэцыялісты праз Расею ехалі на югаслаўскую вайну. Адзін з кіраўнікоў парлямэнту Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя ў выгнаньні Турпал-Алі Каімаў, які цяпер жыве ў Нарвэгіі, наўпрост сьцьвярджае: цягам двух чачэнскіх кампаній беларусы на баку расейскіх фэдэральных войскаў ваявалі ў Чачні. Пацьверджаньнем таму – асуджэньне спэцназаўцаў на чале з Валерыем Ігнатовічам, датычных да выкраданьня тэлеапэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, якога кіраўніцтва тэлеканалу камандзіроўвала ў Чачню:

“Так, у мяне ёсьць з гэтай нагоды адпаведная інфармацыя. Яна правяраецца...”

Карэспандэнт: “Можаце хоць бы сказаць, у якіх раёнах яны былі? Ці ў прынцыпе па ўсёй Чачні?”

“Не, у іх цэнтар фактычна знаходзіўся ў Ханкале. Але ў асноўным яны дзейнічалі ў горных масівах. Гэта перадусім у Шатоі і ў Ведзяно”.

Карэспандэнт: “Гэта вы кажаце і пра першую кампанію, і пра другую? То бок, у двух чачэнскіх войнах беларусы бралі ўдзел?”

“Так, відавочна, што быў якісьці кантракт”.

Карэспандэнт: “То бок, справа ў грошах?”

“Натуральна. Любая вайна не абыходзіцца бяз грошай”.

Міністэрства абароны на вайну не камандзіруе

Прадстаўнік Міністэрства абароны Вячаслаў Раменьчык ня выключае: праз розныя расейскія структуры былыя беларускія вайскоўцы выяжджаюць на заробкі ў іншыя краіны. Аднак ведамства ў такія камандзіроўкі не выпраўляе:

“Мы ўдзел у такіх акцыях не бяром. Магчыма, асобныя людзі дзесьці й былі. Але такімі сьведчаньнямі Міністэрства абароны не валодае. Прынамсі, дзейныя ваеннаслужачыя Ўзброеных сілаў у апэрацыях ня ўдзельнічаюць, і рэгулярныя вайсковыя часткі такой місіяй не ахопленыя”.

Для многіх беларусаў досьвед ваенных канфліктаў запачаткаваў Аўганістан. Але дагэтуль удзельнікі тых падзеяў зь цяжкасьцю разумеюць, дзе пачыналася міратворчая місія, а дзе – сапраўдная вайна.

Пад эгідай ААН падтрыманьнем міру ў 18 рэгіёнах сьвету займаюцца болей за 72 тысячы вайскоўцаў і 15 тысяч цывільных асобаў.


Гл. таксама

• Мікалай Чаргінец абвяргае, што Беларусь прадае зброю краінам, якія ваююць
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG