Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эратычная прадукцыя пераведзеная ў катэгорыю татальнага дэфіцыту


Ігар Карней, Менск У Жодзіне адключылі тэлеканал, які па начох трансьляваў эратычныя праграмы. Бацькі паскардзіліся, што немагчыма ўключыць мясцовы кабэльны канал, каб не нарвацца на “непрыстойнае відовішча”. Аднак цяпер пратэстуе іншая палова – пакрыўджаная, якая пазбавілася звыклай порцыі эротыкі.

Апроч нядаўняга выпадку ў Жодзіна, дзе мясцовыя ўлады палічылі нямэтазгодным начныя трансьляцыі эратычных праграмаў, летась кабэльны канал, на якім уначы дэманстравалася эротыка, быў адключаны ў Бабруйску. А сёлета пры канцы красавіка беларускія тэлегледачы былі пазбаўленыя магчымасьці глядзець начны эфір каналу TV 1000. Рэспубліканская экспэртная камісія палічыла: уначы на TV 1000 ідзе паказ “эратычных праграмаў з элемэнтамі парнаграфіі”. Да гэтага TV 1000 трансьляваўся ў кабэльных сетках Беларусі без усялякіх купюр цягам трох гадоў.

На якіх умовах у Беларусі можна распаўсюджваць эратычную прадукцыю? Прадукцыя эратычнага зьместу ў Беларусі рэгулюецца Часовымі правіламі, прынятымі 10 гадоў таму, у чэрвені 1997 году, і пастановай Саўміну “Аб дадатковых захадах на папярэджаньне прапаганды парнаграфіі, культу гвалту і жорсткасьці”. Так, забаронена прадаваць друкаваную прадукцыю, не зарэгістраваную ў адпаведнасьці з Законам “Аб друку”, і відэакасэты з запісам эратычных фільмаў і відэапраграм без клясыфікацыйных пасьведчаньняў Дзяржрэгістру кіна- і відэафільмаў.

Эратычныя часопісы дазволена прадаваць толькі ў непразрыстых пакетах. Кінастужкі дзеляцца паводле ўзроставых абмежаваньняў, а па тэлеканалах іх можна дэманстраваць толькі з 23.00 да 4.00 раніцы.

Што не эротыка – усё парнаграфія?

Па словах старшыні Рэспубліканскай камісіі ў справе папярэджаньня прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці Ніны Фральцовай, гандляры дыскамі, касэтамі і часопісамі часам самі просяць камісію вызначыць, ці не парушае закон распаўсюд той ці іншай прадукцыі:

“Эротыка для распаўсюду ніколі не забаранялася. Эратычная прадукцыя на розных носьбітах, дакладна гэтак жа, як і розныя мерапрыемствы, зьвязныя з паказам і публічнай дэманстрацыяй гэткага роду відовішчаў, ніколі не былі забароненыя. Праблему складала розьніца “паміж” эротыкай і чымсьці яшчэ. То бок, калі гэта эротыка – калі ласка. Але калі гэта парнаграфія – то гэта ўжо праблема. І трэба заўсёды пісьмова вызначыць розьніцу паміж эратычнай прадукцыяй і парнаграфічнай”.

Рыгор Курачкін, уладальнік фірмы, якая гандлюе відэапрадукцыяй, аспрэчвае словы спадарыні Фральцовай:
“Вельмі высокія стаўкі. Дзяржава ўзяла пад свой кантроль і, як за савецкімі часамі, атрымалася, што сэксу ў нас фактычна няма”.
“У нас з гэтым вельмі строга, таму што заводзяць адразу крымінальную справу, літаральна з другога разу. Паўторна трапіў – завялі справу. Таму зараз рынак практычна настолькі падпольны, што каравул проста. Прынамсі, мы з гэтым не зьвязваемся, бо вельмі высокія стаўкі. Дзяржава ўзяла пад свой кантроль і, як за савецкімі часамі, атрымалася, што сэксу ў нас фактычна няма. Калі раней мы штосьці яшчэ маглі прапанаваць, то цяпер, канечне, ужо ўсё, завязалі. Менавіта з-за таго, што вельмі суровае пакараньне. Раней – адміністратыўка, а цяпер адразу крымінальная адказнасьць”.

Легалізаваць “эротыку” можна, але за “дорага”

Кінакрытык Ала Бабкова колісь уваходзіла ў Рэспубліканскую камісію ў справе папярэджаньня прапаганды парнаграфіі. Яна кажа, што фільтрацыя рэпэртуару ў шэрагу выпадкаў была цалкам апраўданая:

“Апроч усяго, што трапляла на наш рынак, сапраўды былі фільмы вельмі жорсткія (у адпаведным кантэксьце). Прычым гэта не было абумоўлена сюжэтам. Гэта стужкі, спэцыяльна зьнятыя для адпаведнай мэты – паўзьдзейнічаць на нейкія агрэсіўныя інстынкты чалавека”.

Рэалізатар відэапрадукцыі Рыгор кажа, што ягоная фірма спрабавала легалізаваць продаж стужак і праграмаў эратычнага зьместу. Аднак ён хутка кінуў задуму:
“Прадукцыя лічыцца падвышанага попыту. Таму народ бегае, шукае ўсюды. Дый у нас яе нідзе і няма. Толькі на Жданах можна купіць, ды і тое за шалёныя грошы”.
“У зьвязку з дазволам: там такія падаткі закладзеныя, што з глузду можна зьехаць. Адлічэньне ненармальныя. Прыкладам, і так фільм зарэгістраваць грошай немалых каштуе, а эротыку – у пяць разоў даражэй. Калі ідзе эратычная праграма на некалькі зорачак (прыкладам, на чатыры зоркі), то ў разы ўсё даражэй. А каб легалізаваць порна – нават не ўяўляю, колькі трэба было б заплаціць. І з-за гэтага прадукцыя лічыцца падвышанага попыту. Таму народ бегае, шукае ўсюды. Дый у нас яе нідзе і няма. Толькі на Жданах (рынак “Ждановічы” – РС) можна купіць, ды і тое за шалёныя грошы. Ня кажучы ўжо пра ўсялякія вычварэнствы”.

Міліцыя эратычна адукавалася?

Старшыня камісіі ў справе папярэджаньня прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці Ніна Фральцова перакананая, што цяперашняя сытуацыя на рынку эратычнай прадукцыі павінна ўсіх задаволіць:

“Можна казаць пра тое, што за гэтыя гады зьдзейсьненыя надзвычай сур’ёзныя крокі. У чымсьці нават можна сказаць і асьветніцкая праца праведзеная сярод адпаведных органаў, праваахоўных перадусім. Таму даўно ўжо гэта дае вынікі. Таму што міліцыя сама па сабе не перасьледуе распаўсюд непарнаграфічнай прадукцыі, бо яна ня мае на гэта законных падставаў. Але тое, што зьвязана з парнаграфіяй, натуральна, падвяргаецца пэўнага роду кантролю з боку праваахоўных органаў. І тут роля экспэртнай камісіі ў тым, што яна праводзіць экспэртызу. Мы ж не кантралюем, а праводзім экспэртызу паводле звароту адпаведных структур з адпаведнымі матэрыяламі праваахоўных органаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG