Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс над маладафронтаўцамі: што адбывалася ў залі суду


Любоў Лунёва, Менск Сёньня пачаўся адкрыты суд над актывістамі “Маладога фронту” Настай Палажанкай, Алегам Корбанам, Зьмітром Хведаруком і Барысам Гарэцкім. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Справу разглядаюць у судзе Савецкага раёну — заля поўная. Некалькі дзясяткаў чалавек, якіх не пусьцілі на працэс, зладзілі шматгадзінны мітынг падтрымкі маладафронтаўцаў. Абвінаваўца папрасіла пакараць хлопцаў штрафамі на 17 мільёнаў рублёў, а Насту — папраўчымі працамі.

Судовая заля не магла ўмясьціць некалькі соцень чалавек, якія прыйшлі падтрымаць маладафронтаўцаў. На судовым паседжаньні дазволілі прысутнічаць амбасадарам краінаў Эўразьвязу й ЗША, кіраўніку і прадстаўнікам місіі АБСЭ, некаторым палітыкам, грамадзкім дзеячам, журналістам і бацькам абвінавачаных.

Судзьдзя Руслан Аніскевіч запытаў, на якой мове жадаюць выступаць абвінавачаныя. Наста Палажанка, Алег Корбан, Зьміцер Хведарук і Барыс Гарэцкі запатрабавалі весьці працэс па-беларуску.

Урэшце судзьдзя, прадстаўнік пракуратуры і адвакаты размаўлялі па-расейску, маладафронтаўцы — па-беларуску. Паслугамі перакладчыцы не скарысталіся.

Усе, акрамя Алега Корбана, прызналі сябе сябрамі “Маладога фронту”. Алег заявіў, што ад 2005 году зьяўляецца сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Усе пагадзіліся разглядаць справу ў адсутнасьць Аляксея Янушэўскага, які цяпер знаходзіцца ў Чэхіі.

Прадстаўніца пракуратуры цікавілася крыніцамі фінансаваньня арганізацыі. Яна запытвала, хто адказваў за сувязі з прэсай і дыпляматамі.

Пяцёра з шасьці выкліканых сьведак адмовіліся адказваць на большасьць пытаньняў. Шосты, 13-гадовы хлопчык, заявіў, што ня будзе даваць паказаньняў без бацькоў і настаўніцы. Ён выйшаў з судовай залі пад воплескі прысутных.

У судовай залі не працавалі мікрафоны, кепска было чуваць выступы, бо мітынг падтрымкі з вуліцы заглушаў выступоўцаў.

Упершыню працэс за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі адбываўся публічна. Таксама ўпершыню спэцназ не разганяў мітынгу падтрымкі каля будынку суду.

Аляксандар Мілінкевіч так пракамэнтаваў гэта “Свабодзе”:
А.Мілінкевіч: “Чыста мэркантыльны інтарэс, лічу. Апошнім часам яны (улады) дэманструюць зусім іншы характар, але ніколі нельга расслабляцца. У кожны дзень гэта можа зьмяніцца”.
“Я думаю, што ў Эўропу страшэнна хочацца. Калі не ў Эўропу, то хочацца грошай эўрапейскіх, бо стан эканомікі ня просты. Чыста мэркантыльны інтарэс, лічу. Сапраўды, апошнім часам яны дэманструюць зусім іншы характар, але ніколі нельга расслабляцца. У кожны дзень гэта можа зьмяніцца. Калі Эўропа ўсё роўна жорстка скажа: “Не!”, то ўсё адменіцца. Але нават саступкі вымушаныя – гэта таксама добра. Значыць, мы сабой нешта ўяўляем, значыць дэмакратычныя краіны маюць уплыў. Трэба гэтым карыстацца”.

На судзе прысутнічала амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт. Яна выказала сваё меркаваньне:
К.Ст’юарт: “Спадзяюся, што найгоршая рэч, якая зь імі здарыцца — штраф”.
“Я, відавочна, не магу чытаць думак іншых людзей. Я не разумею ўсіх працэдураў: які парадак, хто мусіць прысутнічаць на паседжаньні. Відавочна, што абаронцы мусілі заняць свае месцы, а колькасьць месцаў абмежаваная. Трэба было вызначыць нейкі парадак. Я вельмі рада, што дазволілі прысутнічаць людзям і каля будынку суду. Я спадзяюся, што найгоршая рэч, якая зь імі здарыцца — штраф”.

Судзьдзя, нягледзячы на тое, што не прыйшлі ўсе выкліканыя сьведкі, перайшоў да агляду пісьмовых матэрыялаў справы і адразу пасьля гэтага — да спрэчак.

Абвінаваўца папрасіла пакараць хлопцаў штрафамі на 15 з паловай мільёнаў рублёў, ці 7 200 даляраў, а Насту Палажанку — папраўчымі працамі.

Судзьдзя Руслан Аніскевіч агалосіць прысуд маладафронтаўцам заўтра, 29 траўня, у 15 гадзінаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG