Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паўплывае кангрэс на палітычную будучыню дэмсілаў і асобных палітыкаў?


Алена Радкевіч, Прага Магчымыя наступствы Кангрэсу дэмакратычных сілаў аналізуюць нашы аглядальнікі – Валер Карбалевіч і Юры Дракахруст.

Радкевіч: “Які вынік Кангрэсу дэмакратычных сілаў, які скончыўся ўчора? Ці можна сказаць, што гэтым вынікам стаў раскол апазыцыі – раскол ідэйны, раскол паводле тактыкі дзеяньняў, нарэшце раскол арганізацыйны? Валер, Вам першаму пытаньне”.

“Кангрэс арганізацыйна аформіў і замацаваў падзел, які існаваў”

Карбалевіч: “Пачнём з тэрмінаў. Слова "раскол" я разумею так, што бакі канфлікту разьдзяляюцца і кожны бок ідзе сваім самастойным шляхам. Рух "За свабоду" на чале з Мілінкевічам фармальна застаўся ў кааліцыі, хаця і дыстанцыяваўся ад яе.

Па-другое, нельга сказаць, што гэтае супрацьстаяньне стала вынікам працы Кангрэсу. Яно было і да Кангрэсу. Іншая справа , што Кангрэс ня здолеў яго пераадолець, то бок, адна з задач, якія стаялі перад гэтым форумам, ня выкананая – Кангрэсу не ўдалося стварыць больш эфэктыўны мэханізм кіраваньня кааліцыяй, які б дазволіў пераадолець супярэчнасьці і зрабіць апазыцыю больш дзеяздольнай.

Ёсьць сумненьні, што гэтая задача выкананая. Трэба паглядзець, як будуць разьвівацца падзеі пасьля гэтага форуму. Кангрэс арганізацыйна аформіў і замацаваў падзел, які існаваў, зрабіў яго адкрытым і выразным”.

Радкевіч: “Юры Дракахруст, а ці бачыце Вы раскол, як вынік Кангрэсу дэмсілаў?”

“Гэта два падыходы, дзьве палітычныя філязофіі”

Дракахруст: “Я згодны з Валерам у тым, што Кангрэс агаліў яго, давёў да лягічнай, усім відавочнай формы. Прычынаў тут намяшана шмат, але мне здаецца, што галоўная прычына – ідэалягічная. Гэта два падыходы, дзьве, калі хочаце, палітычныя філязофіі. Паводле адной, каб перамагчы, трэба заваяваць, пераканаць, павесьці за сабой ня менш як палову грамадзтва. Дзеля гэтага можна і трэба ісьці на, так бы мовіць, кампрамісы з рэчаіснасьцю. Паводле іншага падыходу ўсё вырашае актыўная, самаахвярная меншасьць, якая можа накінуць усяму грамадзству свою волю, свае каштоўнасьці толькі тады, калі будзе фарумуляваць свае погляды выразна і бескампрамісна.

Мне здаецца, што ўсе астатнія чыньнікі расколу – вытворныя. Зразумела, каго падтрымала палітычная моладзь, моладзі бліжэй тэорыя актыўнай меншасьці, якая стварае гісторыю. Пры гэтым моладзь не абавязкова мае рацыю.

Таксама зразумела, чаму не была прынятая альтэрнатыўная стратэгія, прапанаваная Міколам Статкевіча, у прыватнасьці, дэкляраваная ў ёй выразная арыентацыя на Эўропу. Дарэчы, зусім не таму, што гэта непрымальна для камуністаў, а таму, што ў партыяў ёсьць вялікія сумневы, ці прымальная такая арыентацыя для большасьці беларусаў.

З той жа прычыны для адных удзельнікаў Кангрэсу рэжым – гэта аднародная варожая сіла, а для іншых – вельмі розныя людзі, некаторыя зь якіх могуць быць і саюзьнікамі, і без дапамогі якіх аднымі вулічнымі акцыямі нічога ня вырашыш.

Дарэчы, і падчас выбарчай кампаніі 2006 году бакі паказалі, так бы мовіць, хто на што вучыўся. На Кастрычніцкай плошчы ў сакавіку сапраўды стаялі пераважна людзі, якія не былі ні ў якіх партыях. Але збор подпісаў і агітацыйную кампанію за Мілінкевіча вялі пераважна арганізаваныя партыйныя стуктуры.

Які з гэтых падыходаў, якая з гэтых філязофіяў мае рацыю – адказ на гэтае пытаньне невідавочны. Але супярэчнасьці паміж прыхільнікамі кожнай зь іх сталі настолькі вострымі, што пэўны час ім, відаць, давядзецца адным ад адных адпачыць”.

Мілінкевіч ужо не прэтэндуе на статус агульнанацыянальнага лідэра правых і левых

Радкевіч: “А зараз пагаворым пра палітычны лёс Аляксандра Мілінкевіча. Аляксандар Мілінкевіч з учорашняга вечара перастаў быць старшынём Палітрады дэмакратычных сілаў, ён адмовіўся ад пасады сустаршыні Рады. Якой Вам бачыцца ягоная палітычная будучыня, Валер?”

Карбалевіч: “Найперш трэба зафіксаваць, што Мілінкевіч сапраўды пазбавіўся фармальнага статусу лідэра дэмакратычных сілаў Беларусі, статусу старшыні Палітычнай рады аб''яднаных дэмакратычных сілаў. Больш таго, падчас свайго апошняга выступу на Кангрэсе Мілінкевіч сказаў, што ён і ягоны рух кіруюцца такімі каштоўнасьцямі, як незалежнасьць, дэмакратыя і інтэграцыя ў Эўропу. Апошнім пунктам, – наконт інтэграцыі ў Эўропу, – Мілінкевіч дыстанцуецца ад левых палітычных сілаў, у прыватнасьці, ад камуністаў, ня толькі арганізацыйна, але і ідэалягічна, чаго дагэтуль не адбывалася.

Адначасова ён такім чынам фактычна адмаўляецца ад статусу лідэра ўсіх дэмакратычных сілаў – і правых, і левых, а робіцца лідэрам толькі адной палітычнай арганізацыі і палітычнай плыні. То бок, ягоны статус паніжаецца, і ён нават не прэтэндуе на статус агульнанацыянальнага лідэра дэмакратычных сілаў. У такой сытуацыі ягоны лёс у значнай ступені будзе залежыць ад посьпехаў ці няпосьпехаў руху "За свабоду", які ён узначальвае”.

“У рэшце рэшт усё скончыцца па-беларуску”

Радкевіч: “Юры, а якім Вам бачыцца далейшы палітычны лёс Аляксандра Мілінкевіча?”

Дракахруст: “Я згодны з Валерам, што зараз лёс Мілінкевіча наўпрост зьвязаны зь лёсам руху “За свабоду”. Пры ўсё скандальнасьці і, так бы мовіць, “раскольнасьці” Кангрэсу , у яго ёсьць адін плюс. Зараз і пераможцы, і тыя, хто прайграў, будуць пазбаўленыя апраўданьня, што ім нехта перашкаджае – усё ясна і адказна. Перашкаджаў партыям кепскі лідэр Мілінкевіч, які ня здолеў зрабіць таго і гэтага – няма больш лідэра Мілінкевіча. Строіла партыйная бюракратыя інтрыгі супраць нацыянальнага лідэра, зьвязвала яго па руках і нагах, перашкаджала ствараць рух “За свабоду” – ня будзе зараз аніякіх партыйных перашкодаў і інтрыгаў.

Хоча Мілінкевіч ствараць рух “За Свабоду” – сьцяг у рукі. Лічаць партыйныя правадыры, што без “прэзыдэнта апазыцыі”, асабліва ў асобе Мілінкевіча, будзе лепш – і ім сьцяг у рукі.

У гэтым сэнсе, зразумела, выклік, які сытуацыя, а дакладней кажучы, параза на Кангрэсе, кінула Мілінкевічу, больш крытычны. Але не сьмяротны. Больш таго, менавіта гэтая параза можа стаць зародкам ягонай сапраўднай перамогі. Калі ягоныя апанэнты – адно замшэлая партыйная намэнклятура, калі ён здолее аб’яднаць усе жывыя сілы, якія прагнуць пераменаў, у рух “За свабоду”, тады ўчорашняя параза і стане перамогай, прычым перамогай, якой па вялікім рахунку ён будзе абавязаны толькі самому сябе і якую не павінен будзе ня з кім дзяліць.Ну а калі не атрымаецца – значыць не атрымаецца.

Тым больш, калі хто не заўважыў, зараз у спадара Мілінкевіча на ролю лідэра яшчэ ня створанага руху зьявіўся сур’ёзны канкурэнт – Мікола Статкевіч, які бліскуча скарыстаў Кангрэс для вяртаньня ў актыўную палітыку і які, як мне падаецца, зусім не зьбіраецца рабіцца сьціплым лейтэнантам Мілінкевіча.

Але я ня выключаю, што ў рэшце рэшт усё скончыцца па-беларуску. Адпачнуць людзі адзін ад аднаго, упэўняцца, што і апанэнты маюць рацыю, а самае галоўнае, што бязь іх не атрымліваецца нічога талковага, а тут і парляменцкія выбары падасьпеюць. І будзе наступны Кангрэс – Кангрэс сапраўднага аб’яднаньня дзеля агульнай справы. Справа ж агульная, як і Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG