Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мне вельмі шкада Каліноўскага нашага часу – Севярынца”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 28 траўня, панядзелак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Мікалай Мельнікаў: “Дык паслухайце, што хочуць сказаць вэтэраны Вялікай Айчыннай вайны. Мы з вышыні пражытых гадоў гаворым, што кангрэсе дэмакратычных сілаў павінен быць абраны адзіны лідэр дэмакратычных сілаў. Ім, на нашу думку, павінен стаць Аляксандр Мілінкевіч. Гэты чалавек увасобіў у сабе чалавечыя і грамадзкія якасьці так неабходныя кіраўніку дзяржавы. Аляксандр Мілінкевіч – ляўрэат Сахараўскай прэміі, пэдагог і вучоны. Раім дэлегатам Кангрэсу яшчэ раз перагледзець пытаньні аб абраньні лідэра дэмакратычных сілаў і абраць Аляксандра Мілінкевіча. Ён прывядзе народ да перамогі. Так лічым мы, удзельнікі Айчыннай вайны”.

Спадар: “Мне вельмі шкада Каліноўскага нашага часу – Севярынца”.

Дзед Міхась, Бяроза: “Паважаная “Свабода,” у мяне пытаньне да аднаго слухача, які казаў “Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка – наш настаўнік і правадыр. Куды ён нас павядзе, туды мы і пойдзем”. А калі ён зьбяжыць ад эканамічных нестыковак да свайго сябра Чавэса ў Вэнэсуэлу, Вы таксама за ім? Але ж, даражэнькі, ён на Боінгу, а Вы на чым?”

Ільля Копыл, Менск: “Прысутнічаў на Кангрэсе дэмсілаў у якасьці госьця. Я яшчэ раз упэўніўся ў тым, што ня ведаць родную мову – гэта трагедыя. Так адбылося з камуністам ПКБ Ухналёвым. Ён быў абраны старшынём прэзыдыюма Кангрэсу. Пачаў весьці паседжаньне на беларускай мове, але, як высьветлілася, ён яе ня ведае. Словы вылецелі з галавы, ён стаў дапамагаць сабе рукамі, атрымаўся нейкі сурдапераклад. Ён канчаткова загнаў сябе ў тупік. Меў выгляд варты жалю. Выратаваў становішча Станіслаў Шушкевіч”.

Спадарыня: “Гляджу я на простых грамадзянаў Украіны, якія падтрымліваюць Януковіча, спакойна стаяць каля будынку Вярхоўнай Рады і зусім не задумваюцца над тым, у які бок хоча накіраваць Украіну прарасейскі Януковіч. Калі б перамог Януковіч, простыя грамадзяне не стаялі б спакойна, а як у Расеі, спэцназаўцы разагналі і дубінкамі б пабілі іх. Так што яны яшчэ павінны быць удзячнымі прэзыдэнту Віктару Юшчанку за тое, што ён не карыстаецца такімі расейскімі мэтадамі супраць свайго народу. А Януковіча неабходна тэрмінова адхіліць ад займаемай пасады, іначай ён давядзе да кровапраліцьця, якога ён дамагаюцца і Расея, і Януковіч”.

“Аляксандра Мілінкевіча за мяжой перад любым выступам прадстаўлялі як лідэра беларускай апазыцыі. Але, верагодна, Калякіну, Лябедзьку, Вячорку, Калінкінай і многім іншым гэта вельмі не падабалася. Сыходзячы з гэтага, і зьвілася галоўная мэта Кангрэсу аб’яднаных апазыцыйных дэмакратычных сілаў пазбавіць Аляксандр Мілінкевіча званьня лідэра апазыцыйных дэмакратычных сілаў. Калінкіна на “Экспэртызе” сьцьвярджала, што лідэр павінен аб’ядноўваць, а не разьядноўваць. Хацелася б ад яе пачуць, хто змог бы аб’яднаць расейскае “Яблоко” і СПС, Зюганава і Жырыноўскага, “Единую Россию” з “Другой Россией”. Калінкіна сьцьвярджае, што Аляксандр Мілінкевіч не апраўдаў нейкага даверу. Тым ня менш, ён за год раскруціў беларускую апазыцыю амаль па ўсёй Эўропе, Расеі. А што зрабілі Вы са сваімі Калякіным, Лябедзькам, Вячоркам за 13 год? Толькі дапусьцілі зьнікненьне палітыкаў, журналістаў, перасьлед моладзі, арышты і зьняволеньне Казуліна і гэтак далей. Я думаю, не зусім чыстым быў адбор кандыдатаў на Ваш з’езд, што і дапамагло перамагчы Калякіну, Лябедзьку і іншым”.

“Я хачу запытацца ў пана Мілінкевіча. Калі ён прыйдзе да ўлады, да якой ён рвецца, калі наступіць сьветлая будучыня для Беларусі? Мне ўжо шмат год. Дык ці дажыву я да таго часу, калі на Беларусі наступіць сьветлае будучае, як ён абяцае?”

Васіль Цюхай, Берэзіна: “Калі ў Расеі правялі манэтэрызацыю ільготаў, гэта выклікала грамадзкі пратэст, таму што кожнаму было зразумела, што ўрад падмануў свой народ у чарговы раз. У адным месцы далі, у некалькіх адабралі. У нас усё сумленна і “па-чэснаму”. Усе ільготы адмянілі, і ніякага падману. Лукашэнка хітрэйшы за Пуціна, ён улічвае псыхалёгію народа, у тым ліку і такую: калі ўлада адбірае, значыць, яна моцная, калі выдае, значыць, слабая. У нас улада моцная. А зь нешматлікіх выпадкаў адраснай дапамогі Лукашэнка зробіць сабе піяр”.

Спадарыня: “Хачу сказаць па Кангрэсу, хоць і хвалююся. Мілінкевіч – гэта свабодная Беларусь, гэта шлях у Эўропу. І зразумела, што беларускія Януковічы пастаўленую перад імі задачу выканалі праз Кангрэс. Нібыта выканалі. Але Беларусь, якая абуджаецца, Мілінкевіча не аддасьць. І Кангрэс паказаў яшчэ і другое. Палітычны скон Лябедзькі. Канчаткова скампрамэнтаваны “Народны Фронт” пад кіраўніцтвам Вячоркі. А камуніст Калякін – гэта мы ўжо праходзілі і ня хочам больш. Трохі хачу сказаць на адышоўшую ўжо тэму. Бессаромна тапталі і абменьвалі нашу беларускасьць на расейскую нафту і газ. Але ўсходняй імпэрыі гэтага стала мала. Нават “залатая акцыя” "Газпраму" не ў Беларусі. НЕ дапамаглі не пампэзна ўзьнесены помнік Жукаву, не пасьпешная адмена вывучэньня беларускай мовы на факультэтах студэнтам, ні памыі на Эстонію. Цікава, што будзе цяпер прадавацца новаму сябру нашага кіраўніка. Беларускія грошы на сумесную распрацоўку нафтавых радовішчаў Ірану ўтопчуцца гэтак жа, як і грошы на датацыі калгаснай сыстэме, скалечыўшы побыт і псыхіку беларуса-селяніна. І хто можа растлумачыць, чаму, нягледзячы на вялізныя датацыі, беларускі калгасьнік за сваю цяжкую працу атрымлівае ганебны заробак? Можа, тыя, хто паедзе на нафтавыя працы ў Іран, будуць атрымліваць больш, ім пашчасьціць. Прабачце, трохі хвалявалася”.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “26-27 траўня ў Беларусі адбылася вялікая нацыянальная трагедыя. Кангрэс дэмакратычных сілаў даў нам зразумець: не павінна быць ніякага супрацоўніцтва са злачынным камуністычным рэжымам і яго сустаршынямі. Усім тым, у каго ёсьць у галаве здаровы сэнс і здаровая думка, варта аб’яднацца вакол нацыянальнай ідэі – незалежная Бацькаўшчына, бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня,” беларуская мова. Жыве наша любая родная Беларусь!”.

Анастас Семяновіч: “Закончыў сваю працу ганебны Кангрэс. Вынікі былі даўно вядомыя. Бальшавік Калякін і спадар Лябедзька вельмі пільна падбіралі дэлегатаў, каб іх авантура не правалілася. Ім вельмі хочацца быць на чале дэмакратычных людзей. Я ўпэўнены, што разумныя беларусы за імі ня пойдуць. Яны дайшлі да таго, што адабралі ў гераіні Беларусі мандат, каб не перашкаджала праводзіць сваю авантуру. Яны прыдумалі пра Канстытуцыю. Каму яна патрэбная? Напэўна, лукашыстам. Дык вось для цябе, бальшавік Калякін, і табе, Лябедзька, самаю галоўнаю задачаю стаіць у тым, каб зьмяніць закон аб выбарах. Удзельнічаць у іх няма ніякага сэнсу. Дэпутатаў загадзя прызначаюць. Вы гэта добра ведаеце. Эўропа і Амэрыка, як вяла перамовы з шаноўным Алесем Мілінкевічам, так і будуць весьці толькі зь ім. Я спадзяюся, што Вы прыкладзеце максымум сілаў, Мікола Статкевіч, Павел Севярынец, каб дапамагчы Алесю Мілінкевічу стварыць свой рух за свабоду Беларусі. Жыве Беларусь!”

Спадар: “Кангрэс апазыцыі паказаў яе поўную непрацаздольнасьць. Апазыцыя яшчэ больш аддаляецца ад народу, яго баіцца. Яны падобныя да статак галодных сабакаў, які ў стане загрызьці любога з гэтага статку. А шматлікасьць важакоў, толькі больш ускладняе яе існаваньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG