Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Канфлікт прынцыпаў і пакаленьняў?</B>


Віталь Цыганкоў, Менск Першы дзень Кангрэсу паказаў: супярэчнасьці зайшлі настолькі глыбока, што ў апазыцыі ўжо няма ані сілаў ані жаданьня іх хаваць.

Што сёньня аб''ядноўвае Малады Фронт і Партыю камуністаў?

Бадай, даўно апазыцыя не гаварыла пра сябе настолькі шчыра і крытычна. Палітыкі “па вызначэньні” часта выкарыстоўваюць эзопаву мову, “словы ім дадзеныя для таго, каб схаваць свае думкі”, але сёньня ўсё гаварылася адкрытым тэкстам. “Я буду шчыра казаць пра тое, што ў апазыцыі глыбокі крызіс...Змаганьне за ўладу ў краіне мы падмянілі змаганьнем за ўладу ў апазыцыі... Стратэгія, распрацаваная аналітыкамі партый, – гэта стратэгія чаканьня” – гаварыў Аляксандар Мілінкевіч. “У гэтай залі няма агульнага лідэра. У краіне няма агульнапрызнанага лідэра.. Калі на вагі шаляў паставіць – лідэр ці аб’яднаная кааліцыя – я выбяру кааліцыю”, -- гэта Анатоль Лябедзька.

“Калі заганяць хваробу ўнутр, яна толькі пашыраецца”, --сказаў Станіслаў Шушкевіч. А калі выпусьціць яе вонкі, яна адразу зьнікне?

У кулюарах ужо загучала слова “раскол”.

Ці трэба лішні раз даказваць, што апазыцыя сёньня не настолькі моцная, каб дэманстраваць уладам раздоры ў сваіх сілах? Але супярэчнасьці зайшлі настолькі глыбока, што, здаецца, ні ў каго ўжо няма ані сілаў ані жаданьня іх хаваць. Калі разважаць шчыра, то, сапраўды, цяпер (калі няма выбарчай кампаніі) цяжка ўявіць, што можа аб’яднаць, напрыклад, Малады Фронт і Партыю камуністаў.

Калі я гаварыў з палітычнымі лідэрамі “не для запісу”, зьдзіўляўся , наколькі глыбока “зашкальвала” тэмпэратура ўзаемных крыўдаў, што цягнуцца з прэзыдэнцкай кампаніі.

Канфлікт прынцыпаў і пакаленьняў?

“Афіцыйна” ж галоўныя пункты разыходжаньня відочны. Першае, пытаньне лідэра. Многія прыхільнікі Мілінкевіча ўпэўненыя, што ідэя з пяцьцю “сустаршынямі” прыдуманая толькі дзеля таго, каб пазбавіць Аляксандра Мілінкевіча ягонага статусу адзінага лідэра. Зь іншага боку, уявіць, што партыйныя кіраўнікі, найперш Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін, зноў стануць пад штандары (падпарадкаваньне) Мілінкевічу – ня вельмі рэальна. Для чаго тады завадзілася ўся эпапэя з сустаршынямі?

Другое. Эўрапейская кааліцыя выразна выказала свой геапалітычны вэктар, заявіўшы пра неабходнасьць для Беларусі ўступіць у Эўразьвяз. У стратэгіі Палітрады (і пра гэта казаў Сяргей Калякін) такога пункту няма.

І трэцяе разыходжаньне – маё чыста суб’ектыўнае назіраньне. Калі я глядзеў па падзеі Кангрэсу “з вышыні”, з балкону, то назіраў процістаяньне – паводле ўзросту. Было відаць, што моладзь галасавала, вітала і падтрымлівалі прапановы Мілінкевіча і Статкевіча, выступы Калякіна і Лябедзькі падняцьцём рук і воплескамі сустракалі дэлегаты больш сталага ўзросту. Канфлікт пакаленьняў уражваў красамоўнасьцю сваёй “карцінкі”.

Наўрад ці палітычны і духоўны раскол апазыцыі будзе зацьверджаны “афіцыйна”. Але відавочна, што адна частка апазыцыі схіляецца да больш асьцярожнай "парлямэнцкай" стратэгіі з элемэнтамі кампрамісу з уладай і спадзяваньняў на яе эвалюцыю, іншая – да больш актыўнай і бескампраміснай "вулічнай" барацьбы. Пасьля Кангрэсу ня выключана, што абедзьве часткі пойдуць кожная сваім шляхам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG