Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фотаконкурс Свабоды: першыя пераможцы


З аглядам фотаскрыні вядучы Валер Дранчук Здымайце... паводле Уладзімера Караткевіча

Шчыра вітаю ўсіх, хто завітаў на нашу конкурсную старонку.

У Інтэрнэце гэты агляд зьявіцца ў суботу, але пішу я яго ў чацьвер -- надалей гэта і будзе дзень майго пісьмовага бюро, калі падводзіцца рыса тыдня (умоўная, для зручнасьці), -- і я раблю чарговы фотаагляд. Гэта значыць, што пошта серады дакладна і цалкам трапляяе ў мае абоймы. Магчыма, штосьці пасьпеецца і ў чацьвер, калі не – набытак наступнага тыдня. Дамовіліся.

Найперш, каб не было сумневаў, я назаву ўсіх удзельнікаў, чые адбіткі мы атрымалі з пазнакай “На фотаконкурс”. Гэта:

Алесь Асіпенка з Ваўкавыску (геаграфію пазначаем толькі ў выпадку, калі адпаведныя зьвесткі маем з ліста), Зьнічка, Аляксандар Кушнер, Ніка Лазоўская, Павал Місуна (Мядзел), Арсен Пахомаў з Менску, Міхал Румянцаў, Надзея Сычугова, Кася Штырліц і Smike.

Ад першых прысланых фотаздымкаў у мяне аптымістычнае ўражаньне: конкурс заўважаны, удзельнікі робяць выдатны выбар, ёсьць грунт, што конкурсная тэматыка з кожным днём і кожным тыднем будзе ўвасабляцца ў новыя ды ўсё больш нечаканыя сюжэты. Менавіта эфэкт нечаканасьці я і паставіў сёньня ў якасьці крытэру.

Самыя першыя

Неўзабаве, як толькі прагучала абвестка пра новы конкурс Свабоды, мы атрымалі і першыя зваротныя лісты -- ад Нікі Лазоўскай, Аляксандра Кушнера і Алеся Асіпенкі. Такая аператыўная Ваша падтрымка, сябры, вартая асаблівай падзякі.

Краявід, дзе ціха і ўтульна

Гэта пра адну з работ Нікі Лазоўскай. Яна слушна зьвярнула ўвагу на рубрыку “Краявід” і паказала цікавыя адбіткі. У іх ёсьць добрае сьвятло, паэтычны настрой і маляўнічасьць. Нават там, дзе побач храма на бэтонных апорах разьвешаны “гірлянды” электраперадачаў. Чалавечая эрозія “ўраўнаважваецца” блізкім плянам зялёнай аздобы пад хустачкай белых аблокаў. Шкада, ніводная праца Н.Л. ня мае геаграфіі.







Чарнобыльскі шлях 2007 З гэтага цыклю Арсеня Пахомава я вылучаю два сюжэты – зямны і нябёсны. Зьнічы на зямлі (1) і сьветлы малады месячык высока ўгары над Сьвятою капліцаю(2)... Зьвярну ўвагу і на працу Smike пад тою ж назвай, у якой аўтару несумненна ўдалося падаць знак на духоўнасьць традыцыі, на Шлях да Малітвы праз памяць, пакуты і... “чарнобыльскія ходнікі”.







Дарэчы, на сёлетнім Шляху я заўважыў, што многія ўдзельнікі (пераважна моладзь) шмат фатаграфавалі і рабілі гэта часам вельмі азартна. Дзякуй нашым аўтарам, якія “нагадалі” пра 26 красавіка.

Zьnichka любіць ноч?

Адна з удзельніц назвалася Зьнічкай. У лісьце абнадзеіла: “Дасылаю некалькі здымкаў. Хутка будзе яшчэ”. З дасланых ставім два – краявід вечаровага Менску і вятрак непадалёку Нарачы. Другі датаваны 2002 годам. У гэты краявід варта ўгледзецца і аддаць належнае аўтару, што яна занесла яго ў “архівы ўбачанага”. Праўда, Зьнічка мусіла патлумачыць падставу гэтага здымка. Менавіта як прапанаванага на конкурс. Магчыма, паміж “ілюмінацыямі” сталіцы і новым (выцягнутым з “архіву”) дызайнам беларускай раўніны ў ваколіцах Нарачы ёсьць актуальная сувязь?..





Што да Менску ў “агнях”, дык гэта, на маю думку, малапэрспэктыўны пошук “маёй Беларусі”. Прынамсі, штучнае сьвятло, як і вітрына ці рэклямны біг-борд, толькі адцягвае нашу ўвагу.

Надоўга не разьвітваемся, Зьнічка.

Будзем зь мёдам!

Несумненна, цікавы аўтар Павал Місуна з Мядзела. Ставім дзьве ягоныя фатаграфіі з дзьвюх дасланых. Ён іх выразна, хоць і сьцісла, падпісаў:

·

Свабода веравызнаньня. Здымак зроблены на Баклаёскай гары каля Мядзела. ·

·

Маленькі пчаліны карабель. Збор рою ў вёсцы Калінаўка Мядзельскага раёна. ·

Абодва здымкі вартыя ўвагі як зробленыя ў блізкім натуральным краявідзе, аднак апошняму я аддаю безумоўную перавагу. Тое, што ня ўбачыш кожны дзень, варта асабліва цаніць. І асабліва – калі гэта абяцае Беларусі быць і заставацца зь мёдам, з пчольнікамі і пчалярамі. Адчуваньне асацыяцый надзвычай пазытыўнае.





Дэталь, выхапленая з-пад мяча

Наступны здымак даслаў Міхал Румянцаў. Ён падае дэталь гардэробу як істотную, на яго погляд, аздобу сьвяточнага асяродзьдзя (падчас фэсту “Меч Лідзкага замку”). Нагадаю, што адна з умоў конкурсу – паказаць, разгледзець праз камэру прадметны сьвет чалавека ў нацыянальнай прасторы. Здаецца, Міхал ці не першы зрабіў такую спробу. Ацэнім?



Усьмешка скрозь расчараваньні

Подпіс пад здымкам Надзеі Сычуговай: “Самотная рука галасуе за свабоду”. А можа, гэта голас – ці немы крык? -- за ўратаванне нашых культурна-гістарычных помнікаў, што апынуліся ў пастцы дыктатуры?



Здымак тыдня (Першы прыз)

“ДЗЯЎЧЫНКА, ЯКАЯ ПЛЁХАЕЦЦА Ў ФАНТАНЕ...

...і сваёй непадробнай радасьцю выклікае ўсьмешкі мінакоў”.

Аўтарка фатаграфіі Кася Штырліц называе і месца гэтай цудоўнай “падзеі” – наша вядомая Камароўка, што ў Менску. Я аддаю перавагу гэтаму здымку таму, што на ім канцэнтруецца дабрасьвет -- спакой засяроджанага дзіцяці; што нарэшце ў Беларусь завітала цяпло і нават сьпякота; і таму, што ў здымку ёсьць і мой асабісты неспакой: асланіць плянэту ад катаклізмаў, пакінуць нашчадкам не ржавыя пустыя “фантаны” сярод асфальтабэтону, а поўныя рэкі з чыстай крынічнай вадой.



Ставім таксама яшчэ колькі працаў Касі Ш. зь ліку яе ФОТА-АРТаўскіх кампазыцый.





Рапсавае поле пад Ваўкавыскам (Другі прыз)

Так назваў свой сюжэт Алесь Асіпенка. Здымак надзвычай мажорны, яркі і маляўнічы сваім каларытам і што вельмі важна – адлюстравана пара вяснова-летняга росквіту, яе моцных каляровых плямаў. “Гэта не сланэчнікавы ўкраінскі краявід, а наш – беларускі рапсавы...” – з эмацыйнымі ноткамі заўважае аўтар. Алесь не раіць сядзець дома і запрашае ў бліжэйшыя выходныя выпраўляцца ў вандроўку адкрываць фарбы Беларусі. Прыслухаемся!



Рабіце нечаканае! (Трэці прыз)

Аляксандар Кушнер падае вытрымку з Уладзімера Караткевіча: “Рабі нечаканае, рабі, як ня робіць ніхто, -- і тады пераможаш... Толькі дурні разважаюць па правілах разумнага сэнсу” (“Ладдзя роспачы”).

Дзякуй, Аляксандар! Гэта добрыя словы і для нашага фотаконкурсу: рабі нечаканае, здымай нечаканае, дасылай нечаканае... Нават калі б Вы, Аляксандар, не прышчапілі да свайго ліста здымак, я, пэўна ж, аддаў бы Вам трэці прыз, адкінуўшы ўсе правілы разумнага сэнсу. Што да Вашага “нечаканага” здымка, на якім руіны замка ў Навагрудку, ён прыстойны і... нечаканы. Заахвочваем таксама Вашу рэакцыю на наш фатаконкурс – Вы адзін з першых даслалі конкурсную працу.



Я віншую нашых сёньняшніх пераможцаў і нагадаю, што ў якасьці прыза яны атрымаюць радыёпрымачы, усе астатнія – кнігі зь бібліятэкі “Свабоды”. Шчыра прызнаюся, што прымяраў лаўры шмат каму яшчэ, аднак суцяшаю сябе тым, што кожны ўдзельнік – гэта патэнцыйны пераможца. Наш конкурс працягваецца, а лета, калі глянуць у каляндар, яшчэ не пачыналася.

Наапошку дзве парады:

падпісвайцеся выразна, называйце сябе так, каб можна было да Вас зьвяртацца, па магчымасьці падавайце і свае адрасныя зьвесткі; другая парада, блізкая да ўмовы: геаграфія зьнятага – гэткая краязнаўчая даведка, дзе і што. На гэты конт хачу паўтарыцца: зроблены камэнтар можа падвысіць вартасьць спыненага імгненьня і паспрыяць Вашаму посьпеху.

Такім чынам, згодна з умовамі конкурсу, тры першыя пераможцы атрымліваюць радыёпрымачы, астатнія – кнігі Бібліятэкі Свабоды (просім даслаць свае адрасы).

Загадзя ўдзячны. Да наступнай сустрэчы ў фотагасьцёўні Свабоды!

Чакаем новых здымкаў на адрас svaboda@rferl.org

З Вамі быў Валер Дранчук

Гл. таксама: • Валер Дранчук прадстаўляе ўмовы конкурсу “Мая Беларусь”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG