Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 19.05.2007 – 25.05.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“З расейскага боку мяне вінавацяць у тым, што я падмануў усіх і дамогся вельмі высокай цаны. Зь беларускага боку мяне вінавацяць, што я ня ўсё давёў. Напэўна, я прайшоў па лязу нажа, пасярэдзіне. Напэўна, я знайшоў тую сярэдзіну, якая ўсіх задаволіла. І ў выніку, задаволіла Беларусь. А ўсё прадугледзець немагчыма. Жыцьцё пакажа”.

Уладзімер Сямашка, першы віцэ-прэм’ер Беларусі – пра ўмовы продажу “Газпрому” пакету акцыяў “Белтрансгазу”

“А сёньня кангрэс ператвараецца ў кангрэс партыйных сілаў. Я вельмі паважаю партыйных актывістаў, але ж гэта толькі маленькая частка дэмсілаў. І калі не далучаюць да форуму пісьменьнікаў, прысутнасьць якіх у залі — гэта ж гонар для самога кангрэсу, пра што тады казаць? Сумна гэта, нават вельмі сорамна”.

Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Палітрады дэмакратычных сілаў – пра фармаваньне складу Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

“Іран хоча давесьці, што ён мае сяброў, што ён не самотны ў сьвеце. ...Для Ірану лепшым сябрам зьяўляецца той, хто мае такія самыя праблемы, як і ён. Для Ірану Расея зьяўляецца больш партнэрам, чым сябрам. А Вэнэсуэла – больш сябар чым партнэр, Беларусь таксама больш сябар, чым партнэр. Ірану патрэбныя сябры”.

Тумадж Табаз, аналітык “Радыё Фарда” – пра матывы зьбліжэньня Ірану і Беларусі.

“У першую чаргу – духовая складовая. Таму што Бог ведае, дзе нам трэба быць, і тут, па шчырасьці, усе гэтыя 2 гады былі гадамі роздуму, малітваў у першую чаргу, а затым ужо – пісаньня нейкіх працаў, нейкіх кантактаў... Быць нейкі час на самоце пайшло мне, здаецца, толькі на карысьць”.

Павал Севярынец, хрысьціянска-дэмакратычны палітык, былы палітвязень – пра высновы, якія ён зрабіў падчас двухгадовага пакараньня абмежаваньнем волі.

“Я думаю, што гэта проста гандаль людзьмі. Закладнікаў спачатку бяруць, а потым спрабуюць прадаць за грошы. Бедным нігерыйцам такое й ня сьнілася – яны толькі мільён даляраў узялі за скрадзеную беларуску, а тут хочуць 400 мільёнаў эўра. Усё гэта вельмі паскудна”.

Мікола Статкевіч, сацыял-дэмакратычны палітык, былы палітычны вязень – пра прычыны ягонага вызваленьня.

“Міліцыянты хадзілі па дамах і загадвалі жыхарам не адчыняць вокны і форткі, калі картэж Ахмадзінэжада будзе ехаць па горадзе. Паколькі некаторыя менчукі не падпарадкаваліся загаду, спэцслужбы выклікалі пад''ёмныя краіны і зачынялі вокны самі”.

Расейскае выданьне “Газэта” – пра візыт прэзыдэнта Ірану ў Беларусь.

“Ведаеце, ёсьць такая прыказка: “Чым надоі адрозьніваюцца ад удояў? Тым, што ў слове “надоі” прысутнічае слова “надо”. У нас жа гэтая карова пастаўленая ў такія ўмовы, што дояць дзьве, а пішуць надой быццам ад адной”.

Андрэй Юркоў, былы супрацоўнік Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі – пра ўмовы жывёлагадоўлі ў Беларусі.

“Я лічу, што “бацька” наш павінен аб’ядноўваць болей нашыя славянскія народы. А наконт кантактаў з Кітаем ці Іранам — я лічу, што туды надта ж далёка езьдзіць цалавацца, разумееце”.

Гарадзенец сталага веку – у адказ на пытаньне “Свабоды” “Як вы ставіцеся да таго, што Беларусь умацоўвае дачыненьні з краінамі-ізгоямі — такімі, як Іран?”.

“Аднак гвалтоўным чынам, канечне, ніхто Аляксандра Мілінкевіча зрабіць сустаршынём ня можа. На сёньня для Аляксандра Мілінкевіча дзьверы заўсёды адкрытыя”.

Сяргей Калякін, старшыня Партыі камуністаў – пра адмову Аляксандра Мілінкевіча заняць пасаду сустаршыні Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

“Калі паглядзець на гэтыя рэкамэндацыі — зарэгістраваць структуры незалежных прафсаюзаў, аднавіць на працы звольненых актывістаў, — відавочна, што для іх выкананьня спатрэбіцца некалькі дзён”.

Стэн Тофт Пэтэрсан, галоўны спэцыяліст субрэгіянальнага бюро Міжнароднай асацыяцыі працы (МАП) у Маскве – пра патрабаваньні МАП да Беларусі, невыкананьне якіх стала падставай рашэньня аб выключэньні Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцый Эўразьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG