Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафтавыя страты адбіліся на фінансах Беларусі


Уладзімер Глод, Менск Адмоўнае сальда Беларусі ў замежным гандлі за першы квартал году перавысіла 850 мільёнаў даляраў. Пра гэта паведаміў першы намесьнік кіраўніка беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка. Ён таксама дадаў, што да 23 ліпеня Беларусь мусіць пагасіць запазычанасьць 400 мільёнаў даляраў перад “Газпромам”.

Вялікую стратнасьць замежнага гандлю першы віцэ-прэм’ер патлумачыў скарачэньнем беларускага экспарту. Асабліва гэта адчуваецца пры продажы за мяжу бэнзіну, мазуту ды іншых вырабаў з нафты.

Гэтыя словы пацьвярджаюць высновы тых экспэртаў, якія казалі, што Беларусь на нафце панясе большыя страты, чым на газе.

Уладзімер Сямашка нагадаў, што Аляксандар Лукашэнка сёлета патрабуе станоўчага, а не адмоўнага замежнаэканамічнага сальда:

“Аднак мы яшчэ вельмі далёкія ад таго, каб сёлета атрымаць у зьнешнім гандлі станоўчы балянс памерам 500—600 мільёнаў даляраў ЗША. А менавіта такую задачу нам паставілі ў асноўных паказчыках вынікаў гэтага году, калі іх пашыралі з 16 да 19. І мы павінны гэта зрабіць.

Адна з галоўных прычынаў скарачэньня нашага экспарту — гэта значнае зьніжэньне ў першым квартале экспарту нашых нафтапрадуктаў”.

Уладзімер Сямашка паведаміў: ад 1 ліпеня пачне працаваць Беларуская нафтавая кампанія.

Яна будзе набываць нафту оптам у Расеі. І яна ж будзе валодаць манаполіяй на продаж нафтапрадуктаў на замежным рынку. Гэта, паводле першага віцэ-прэм’ера, павінна прынесьці прыбытак да 15 даляраў на тоне нафтапрадуктаў.

Эканаміст Леанід Злотнікаў ня лічыць гэтыя захады выйсьцем з сытуацыі:

“Якаясьці вельмі невялікая эканомія ад такога вялікага опту будзе. Але яна значна, істотна сытуацыі не зьмяняе. Хутка Расея павялічыць сваё мыта на продаж нафты ў Беларусь. І нікуды нам не падзецца. Будзім плаціць”.

Былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч ацэньвае перавагу імпарту над экспартам у беларускім гандлі як сур’ёзную праблему:

“Гэта вельмі дрэнны паказчык. І зьвязаны ён найперш зь неканкурэнтаздольнасьцю беларускіх вытворцаў. У нас жа колькасьць затаваранай прадукцыі на складах узрасла ў пачатку году, мабыць, ужо ў паўтара разу”.

Прафэсар Багданкевіч працягвае:

“Гэта можа скончыцца і абвалам рубля, і грашовай сыстэмы. Так званым дэфолтам. Але такім, так бы мовіць, унутраным, паколькі Беларусь амаль ня мае зьнешняга доўгу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG