Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра стан здароўя шпіталізаванага Андрэя Клімава нічога не вядома


Алег Грузьдзіловіч, Менск Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Андрэй Клімаў болей за два дні знаходзіцца ў турэмным шпіталі, куды яго паклалі з-за пагаршэньня здароўя. У міліцыі дакладных зьвестак пра здароўе апазыцыйнага палітыка не даюць.

Начальнік мэдычнай службы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Васіль Завадзкі кажа:

“З Андрэем Клімавым не адбылося нічога надзвычайнага, інакш я б пра гэта ведаў”.

Гэтак Васіль Завадзкі адказаў на маё пытаньне пра прычыны зьмяшчэньня палітвязьня ў турэмны шпіталь. Як цяпер пачуваецца Андрэй Клімаў, міліцыянт паведаміць таксама адмовіўся, спаслаўшыся на мэдычную таямніцу.

“Гэтыя зьвесткі канфідэнцыйныя, толькі калі ён сам дазволіць... Яшчэ сваякам мы нешта кажам пра здароўе, а журналістам — не. Кодэкс карае за раскрыцьцё мэдычнай таямніцы”.

Паводле маці палітыка Алы Клімавай, яе сын апошнім часам скардзіўся на галаўны боль і боль у сьпіне. Таксама апазыцыянэр пісаў сваякам, што яму не хапае сьвежага паветра ў камэры, дзе ўсе вязьні паляць.

Маці Клімава згадвае, што сын неаднаразова патрабаваў шпіталізацыі. Новыя зьвесткі пра здароўе Андрэя Клімава сваякі змогуць атрымаць ад турэмных дактароў у будучую сераду, 30 траўня.

Чаму Аляксандр Казулін сышоў з футбольнага поля?

Тым часам другі палітвязень, Аляксандар Казулін, які знаходзіцца ў зьняволеньні ў Віцебску, даслаў з калёніі ліст, у якім пацьвердзіў, што дагэтуль не ачуняў пасьля леташняй галадоўкі. Дачка палітыка Юля апавяла:

“Ён учора прыслаў ліст, у якім піша, што ў футбол гуляў усяго два разы і больш не гуляе, бо баляць нага і сьпіна”.

Як адзначаюць адвакаты Аляксандра Казуліна, дактары дагэтуль не абсьледавалі яго з дапамогай адмысловага дыягнастычнага абсталяваньня. Адвакатаў турбуе тое, што ўжо некалькі месяцаў Аляксандар Казулін не набірае вагі.

Нагадаю, Аляксандар Казулін галадаў 53 дні. Нядаўна зь віцебскай калёніі прадстаўнік адміністрацыі паведаміў, што “Казулін пачуваецца ўсё лепей”. • Андрэю Клімаву раяць забыцца, што ён быў дэпутатам”, 24.04.2007 • Ірына Казуліна праверыць праўдзівасьць адміністрацыі калёніі”, 17.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG