Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У італьянскім фільме пра Віку Мароз беларусы сталі ўкраінцамі


Алена Струвэ, Менск У гэтыя дні ў Кіеве здымаецца італьянскі мастацкі фільм “У імя Марыі”. У аснове сюжэту рэальная гісторыя пра беларускую сірату Віку Мароз і сямейную пару Джуста й Барначын з Кагалета. Паводле рэжысэра Франка Д’яфэрыя (Franco Diaferia), новая стужка выкліча палеміку ў Італіі. Пра леташні ўчынак італьянскіх сужэнцаў спрачаюцца дагэтуль. Аўтары вызначаюць карціну як драму. Галоўная ідэя фільму — дзеля каханьня да аднаго чалавека нельга быць абыякавым да лёсу іншых.

Як сьведчыць Франка Д’яфэрыя, італьянскі рэжысэр, які апошнім часам працаваў у ЗША, аднымі з ключавых кадраў у ягоным будучым фільме стануць здымкі ў кіеўскім дзіцячым анкалягічным шпіталі. Там італьянскі сьвятар наведвае безнадзейна хворых дзяцей…

Крыху пра фабулу карціны.

Пасьля таго, як італьянскія карабінэры знаходзяць схаваную ў Альпах маленькую Марыю (Віку Мароз) і адпраўляюць яе самалётам дадому, італьянская сям’я Пародзі (Джуста й Барначын) траціць надзею зноў убачыць дзяўчо.

Мясцовы сьвятар Віторыё, які на баку сужэнцаў, жадае дапамагчы Пародзі. Ён накіроўваецца на радзіму Марыі й пачынае шукаць яе сярод чарнобыльскіх дзяцей. Сьвятар сутыкаецца зь не знаёмай для яго рэальнасьцю — болем, хлусьнёй, карупцыяй. Учынак Пародзі, як высьвятляецца, адбіваецца на лёсах некаторых вельмі хворых і адзінокіх дзяцей.

Паводле Франка Д’яфэрыя, гісторыя, якая адбылася летась зь беларускай дзяўчынкай, не магла ня ўразіць яго. Ён пачаў вывучаць матэрыялы, сустракацца з рэальнымі героямі, у тым ліку і з Джуста й Барначын.

“Гэта выдатныя людзі, якія вельмі шчыра любяць беларускую сірату, — кажа рэжысэр. — Але... дзеля сваёй любові яны забыліся пра патрэбы іншых няшчасных дзяцей. Наш фільм, безумоўна, выкліча палеміку, аднак гэта і добра”. У новай карціне, якая ад наступнага тыдня будзе здымацца ў Італіі, удзельнічаюць вядомыя ў Італіі акторы, у тым ліку папулярная мілянская тэлевядоўца расейскага паходжаньня Наташа Стэфаненка. У здымках таксама занятыя ўкраінскія дзеці.

На пытаньне, чаму замест Беларусі вырашана здымаць Украіну, рэжысэр адказвае:

“Хацелася б у Беларусі. Аднак Украіна больш адкрытая для нас краіна. Сюды грамадзянам Эўразьвязу можна трапіць бязь візы. У Беларусь жа візы патрэбныя”.

Гл. таксама: • Для Вікі Мароз прыёмныя бацькі – “дзядзя” і “цёця” 6.04.2007

• Сям’я Джуста і Барначын чакае сына і па-ранейшаму змагаецца за дачку 17.04.2007
XS
SM
MD
LG