Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Шоў беларушчыны” – з “Маладым фронтам”


Галіна Абакунчык, Менск Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” пачалі сэрыю пазнавальных конкурсаў “Шоў беларушчыны”. Акцыі разьлічаныя на моладзь і школьнікаў Менску, а таксама іншых гарадоў і мястэчкаў Беларусі. На адной з імпрэзаў пабывала нашая карэспандэнтка.

Юнак: “Беларушчына – гэта ня толькі лапці, цымбалы і дудачка. Давайце на вачох ува ўсіх разбурым гэтыя стэрэатыпы і ўпадніцкія настроі, а таксама падумаем, як мы зможам перамяніць гэтую Беларусь. Адказы прымаюцца – чуеце – выключна па-беларуску. Ну што ж, пачынаем”.

Гэтак адбываўся конкурс у адной зь менскіх школаў. Юнакі і дзяўчаты з “Маладога фронту” пачалі яго пад завяршэньне навучальнага году, але пасьпелі правесьці каля 30 акцыяў.

Юначка: “Назавіце, калі ласка, дату і год аднаўленьня дзяржаўнасьці Беларусі пасьля 200 год панаваньня Расейскай імпэрыі. Гэта дата абвяшчэньня незалежнасьці БНР пад бел-чырвона-белым сьцягам. Хто назаве?”

Юнак: “25 красавіка”.

Юначка: “Дакладна – 25 сакавіка 1918 году”.

Барыс Гарэцкі: “Каб людзі разумелі, дзеля чаго іхнае жыцьцё: каб валадарыць на сваёй зямлі”.
“Шоў беларушчыны” – гэта сьціслая гісторыя Беларусі ў пытаньнях і адказах. Актывісты “Маладога фронту” праводзяць акцыі паводле прыватных дамоўленасьцяў.

Настаўнікі асьцерагаюцца таго, што іхная ініцыятыва стане вядомая за межамі школы. Але ідэю нацыянальных шоў-віктарын падтрымліваюць.

“Вядома, я лічу, што ў сучаснай праграме шмат недахопаў, – гаворыць настаўніца гісторыі Сьвятлана Алегаўна. – Трэба прыбраць некаторы матэрыял непрадуманы, нецікавы. А дзецям цікава менавіта тое мінулае, якое паўстае жывымі фарбамі. І гісторыя павінна выкладацца па-беларуску. Гэта і ёсьць патрыятычнае выхаваньне нашай моладзі – веданьне культуры, веданьне сваёй гісторыі”.

Конкурс “Шоў беларушчыны” некалькі гадоў таму распрацаваў Павал Севярынец, а цяпер яго праводзяць больш маладыя паплечнікі.

Дзеля чаго гэта робіцца, гаворыць адзін з актывістаў “Маладога фронту” Барыс Гарэцкі:

“Дзеля таго, каб абудзіць пачуцьцё нацыянальнай сьвядомасьці ў маладзёнаў. Каб людзі разумелі, дзеля чаго іхнае жыцьцё: не дзеля таго, каб зьехаць адсюль, а каб валадарыць на сваёй зямлі”.

Як паведамляюць арганізатары, пераможцы конкурсу “Шоў беларушчыны” атрымліваюць у падарунак кампакт-дыскі з запісамі песьняў беларускіх выканаўцаў, а таксама кнігі вядомых беларускіх літаратараў.

“Шоў беларушчыны” актывісты “Маладога фронту” праводзяць таксама ў Горадні і Салігорску. Ад наступнага навучальнага году яны плянуюць арганізоўваць конкурсы і ў іншых гарадох Беларусі.

• Польскі Сэнат патрабуе спыніць перасьлед маладафронтаўцаў, 24.05.2007 • Кангрэс выкажа салідарнасьць з “Маладым фронтам”, 24.05.2007 • Суд над маладафронтаўцамі перанесьлі на 28 траўня , 18.05.2007 • Маладафронтаўца ўсю ноч трымалі ў міліцыі, 18.05.2007 • Ад Насты Азаркі патрабавалі назваць прозьвішчы й адрасы актывістаў , 17.05.2007 • А.Мілінкевіч абмеркаваў пашырэньне праграмаў для рэпрэсаваных , 16.05.2007 • Пісьменьнікі і лідэры партый выступаюць у падтрымку “Маладога фронту”, 15.05.2007 • "Малады фронт" падаў дакумэнты на рэгістрацыю, 08.05.2007 • Маладафронтаўцы намагаюцца зарэгістраваць менскую арганізацыю, 07.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG