Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзяне Беларусі зьвярнуліся да Папы Рымскага


Галіна Абакунчык, Менск Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, праваабаронцы і вернікі склалі адкрыты ліст да Папы Рымскага Бэнэдыкта XVІ. Яны просяць пантыфіка дапамогі ў зьберажэньні кляштарнага комплексу і касьцёлу Сьвятога Язэпа ў Менску.

У лісьце гаворыцца, што “на сёньняшні дзень у Менску пражывае каля двух мільёнаў жыхароў, а дзейнічае ўсяго чатыры касьцёлы”. Што больш за два гады людзі штодзённа моляцца перад будынкам касьцёлу, які неўзабаве можа быць зьнішчаны”. Гаворыць адзін з падпісантаў ліста, мастак Аляксей Марачкін:

“Я лічу, што гэта маральная неабходнасьць. Бо ёсьць пагроза зьнішчэньня нашай гістарычнай спадчыны і гэтых бэрнардынскіх муроў, у прыватнасьці. Мы ж ведаем, што адбываецца ў Горадні і іншых гарадах. Таму мы б’ем у званы і выказваем сваю трывогу і занепакоенасьць”.

Удзельнікі вулічных набажэнстваў каля касьцёлу сьвятога Язэпа нічога ня ведаюць пра зварот да пантыфіка, але ўхваляюць ўсялякую ініцыятыву ў абарону храму, кажа адна зь верніц Ганна Сіўчык:

“Шмат хто гэтым займаецца: былі ініцыятывы з боку архітэктараў, інтэлігенцыі. Мы проста ня можам усё адсачыць. Я лічу, што вельмі добра, што людзі падключаюцца да гэтай справы, што гэта не абыякава людзям. Бо для каталікоў гэта спадчына духоўная, а для ўсіх беларусаў гэта спадчына культурная”.

Ініцыятары звароту сабралі каля 20 подпісаў вядомых у Беларусі асобаў. У тым ліку, намесьніка старшыні партыі БНФ Віктара Івашкевіча, старшыні камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць" Іны Кулей, старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяны Процькі ды іншых. Ліст перададзены ў афіцыйнае прадстаўніцтва Ватыкану ў Беларусі. Адзін зь ініцыятараў звароту, каардынатар “Хартыі-97” Зьміцер Бандарэнка гэтак тлумачыць зварот на імя папы рымскага:

“Спрабуем і тут вырашаць: большасьць людзей, якія падпісалі ліст, удзельнічаюць у грамадзянскіх акцыях па абароне касьцёлу. Ну а мы яшчэ паказваем людзям, што мы каталікі і мы зьвяртаемся да ягонай сьвятасьці і просім аб малітоўнай дапамозе. Бо гэта наш агульны абавязак – ратаваць касьцёл”.

Супрацоўнік каталіцкага выдавецтва “Про Хрысто” Мікола Гракаў кажа:

“Зварот да папы – гэта зварот крыху не па адрасе. Якім чынам кіраўнік касьцёлу можа паўплываць на беларускія ўлады? Я ведаю ўвогуле адзіны выпадак, калі папа заклікаў Франка, які лічыў сябе каталіком, перагледзець сваю палітычную пазыцыю. У прынцыпе, ня выключана такая форма рэакцыі, калі больш ніякай надзеі не засталося. Але здаецца дзіўным, што яны не зьвяртаюцца да касьцельных уладаў Беларусі. Ні да біскупа Аляксандра Кашкевіча, ні да біскупа Антонія Дзям’янкі ніхто афіцыйна не зьвяртаўся”.

Як паведаміў спадар Гракаў, паводле міжнароднай практыкі, помнікі гісторыі і культуры, у тым ліку культавыя будынкі, мусяць абараняць і захоўваць урады краінаў. Паколькі гэта зьяўляецца набыткам і спадчынай усяго народу.

Касьцёл сьвятога Язэпа і кляштар ордэну бэрнардынцаў у Менску быў заснаваны ў XVII стагодзьдзі. Яны ўваходзілі ў кляштарны комплекс, дзе ў розныя гады працавала пачатковая школа, школа філязофіі, бібліятэка на паўтары тысячы тамоў. У 1863 годзе манахі-бэрнардынцы падтрымалі паўстаньне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Пасьля яго здушэньня на загад Мураўёва-вешальніка ўсе яны былі гвалтоўна выселеныя ў Магілёў, а кляштар зачынены.

У касьцёле некаторы час мясьцілася праваслаўная царква, а ў 1872 годзе ён быў перабудаваны пад архіў. Сёньня тут месьціцца "Архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі", а таксама "Архіў літаратуры й мастацтва Беларусі". Будынак былога кляштару да нядаўняга часу займалі вайсковая камэндатура й пракуратура. Два гады таму вернікі-каталікі распачалі вулічныя набажэнствы за вяртаньне каталіцкіх сьвятыняў. Аднак гэтае пытаньне па-ранейшаму застаецца ня вырашаным. А нядаўна стала вядома, што ўлады прынялі рашэньне пабудаваць на месцы кляштарнага комплексу забаўляльны цэнтар з гатэлем і падземнымі гаражамі.
• Грамадзкасьць зьвярнулася па дапамогу да БНФ”, 2.05.2007 • Менскі кляштар бэрнардынаў можа стаць пяцізоркавым гатэлем”, 20.03.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG