Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітрада прапусьціла на кангрэс дваццаць дзьве вядомыя асобы


Алесь Дашчынскі, Менск Да Кангрэсу дэмсілаў, які пройдзе ў Менску 26—27 траўня, засталіся два дні. На сёньняшнім паседжаньні Палітрады аб’яднаных дэмсілаў разглядалі пытаньні, зьвязаныя зь яго правядзеньнем.

Станіслаў Шушкевіч прапанаваў паставіць на парадак дня паседжаньня палітрады пытаньне “аб утаймаваньні інтрыгаў”. Яно было зьвязанае, між іншым, з тым, што на мінулым паседжаньні Партыя камуністаў Беларуская заблякавала вылучэньне дэлегатамі на кангрэс вядомых асобаў.

Падчас паседжаньня спадар Шушкевіч асабіста складаў сьпіс вядомых у Беларусі асобаў, якія, як ён лічыць, мусяць быць на кангрэсе дэлегатамі. Сябры Палітрады галасавалі наконт кожнай кандыдатуры.

Урэшце прайшлі 22 асобы. Сярод іх Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Радзім Гарэцкі, Іван Нікітчанка, Сяргей Законьнікаў, Вольга Іпатава, Алесь Пашкевіч, Віктар Скорабагатаў ды іншыя.

Старшыня Палітрады Аляксандар Мілінкевіч пракамэнтаваў “Свабодзе” гэтае рашэньне:

“Зь вялікім скрыпам, зь цяжкасьцямі ўсё ж такі некалькі асобаў уключаныя. І тое шчасьце — бо ня мы ім патрэбныя, а яны нам патрэбныя, каб кангрэс выглядаў больш-менш прадстаўніча. Добра, што прайшло хоць крышку. Але я шкадую, што няма большасьці тых людзей, якія не заангажаваныя ў нашы палітычныя справы, але вельмі актыўныя, грамадзкія, вядучыя, сапраўды пэрсоны вельмі вядомыя. Вось іх ня будзе хапаць на кангрэсе”.

Таксама на Палітрадзе абмеркавалі, як будуць афармляць залі кангрэсу. Тут выказваліся часам процілеглыя думкі. Калі “Малады фронт” прапанаваў лёзунг “Беларусь для Хрыста”, то лідэр ПКБ Сяргей Калякін прапанаваў “Беларусь за сацыялізм”.

Маладафронтавец Барыс Гарэцкі патлумачыў:

“Мы прапаноўвалі аргкамітэту разьмясьціць на бальконе ў залі, дзе пройдзе кангрэс, лёзунг “Беларусь для Хрыста”. Але прадстаўнікі камуністычнай партыі й іншых левых партыяў выказаліся канкрэтна супраць. Яны ня лічаць, што Беларусь для Хрыста. Што ж, мы прынясем, безумоўна, гэты лёзунг, бо хрысьціянская ідэалёгія — тое, на чым трымаецца наша арганізацыя. І, безумоўна, сьцягі бел-чырвона-белыя. Я спадзяюся, што гэта будзе самая масавая сымболіка ў залі”.

Сябры Палітрады выказаліся за тое, што кожны можа прынесьці сваю сымболіку ў залю. Але сцэна будзе аформленая больш строга.

Культуроляг Вацлаў Арэшка сказаў:

“Асноўны сымбаль, які будзе паўтарацца і на ўваходзе ў будынак, і на сцэне, і ў залі — гэта сымбаль аб’яднаных дэмсілаў, дрэва ў выглядзе Беларусі, якое было на мінулым кангрэсе. З дадатковай сымболікі будзе толькі адзін транспарант з дрэвам на сцэне і другі на бальконе. З бакоў будзе дададзеная сымболіка, якая выкарыстоўвалася падчас кампаніі, якая ішла зь мінулага кангрэсу, гэта сэрца ў Беларусі — “Люблю Беларусь” і “За свабоду” — птушка. Ніякіх іншых лёзунгаў ня будзе”.

Палітрада ўхваліла праекты зваротаў кангрэсу да народу, міжнароднай супольнасьці, да супрацоўнікаў усіх органаў улады. А таксама праект рэзалюцыі аб спыненьні перасьледу грамадзянаў за меркаваньні, аб вызваленьні палітвязьняў і рэабілітацыі ахвяраў рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG