Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці было забойства Літвіненкі палітычным?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Вялікая Брытанія працягвае настойваць на выдачы Андрэя Лугавога, якому Каралеўская пракурорская служба зьбіраецца выставіць абвінавачаньні ў забойстве летась у Лёндане былога афіцэра ФСБ Расеі Аляксандра Літвіненкі. Пра гэта заявіў сёньня прадстаўнік прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Тоні Блэра.

Расейскія ўлады ўжо заявілі, што, паводле яе законаў, экстрадыцыя Лугавога ў Вялікую Брытанію немагчымая, бо канстытуцыя Расейскай Фэдэрацыі не дазваляе выдачу яе грамадзянаў іншай дзяржаве.

Прадстаўніца Генэральнай пракуратуры Расеі Марына Грыднева таксама сказала, што грамадзянін Расеі, які зьдзейсьніў злачынства на тэрыторыі іншай дзяржавы, можа быць прыцягнуты да адказнасьці ў Расеі, але толькі пры ўмове, што расейскім заканадаўствам прадугледжаная адказнасьць за аналягічнае злачынства.

Андрэй Лугавой адмаўляе сваю віну

Сам Андрэй Лугавой – расейскі бізнэсовец, былы супрацоўнік спэцслужбаў – катэгарычна адмаўляе сваю датычнасьць да забойства Аляксандра Літвіненкі. Камэнтуючы заяву брытанскай пракуратуры пра гатовасьць выставіць яму абвінавачваньні, Лугавой заявіў:

“Сваю пазыцыю мы, напэўна, выкажам у найбліжэйшы тыдзень. Падрыхтуемся, запросім журналістаў, магчыма, правядзём прэсавую канфэрэнцыю, і зробім нейкія заявы, якія тычацца ўсіх падзеяў за апошні год вакол мяне і вакол Літвіненкі. Мне здаецца, што я змагу прывесьці некаторыя факты, якія выклічуць сэнсацыю ў грамадзкай думцы Вялікай Брытаніі”.

Барыс Беразоўскі вінаваціць Крэмль

Тым часам расейскі алігарх Барыс Беразоўскі, які пражывае ў Лёндане і быў блізкім да Аляксандра Літвіненкі, зноў заявіў, што да забойства мае дачыненьне Крэмль. Беразоўскі ў інтэрвію BBC таксама сказаў, што быў шакаваны, калі Літвіненка ў шпіталі сказаў яму, што падазрае Лугавога. Беразоўскі дадаў, што спрабаваў схіліць Лугавога прыехаць у Англію і даць паказаньні, і нават прапаноўваў яму аплаціць адвакатаў, бо быў перакананы, што калі той не вінаваты, дык яго абавязкова апраўдаюць. Але Лугавой адмовіўся. На падставе гэтага Беразоўскі цяпер выказвае перакананасьць у віне Лугавога.

Алег Гардзіеўскі – за высылку амбасадара і рэзыдэнтаў

Многія аналітыкі лічаць, што спрэчка паміж Лёнданам і Масквой у пытаньні выдачы Андрэя Лугавога брытанскаму правасудзьдзю можа нашкодзіць брытанска-расейскім дачыненьням увогуле. Так, у інтэрвію нашаму радыё былы рэзыдэнт савецкай выведкі ў Вялікай Брытаніі Алег Гардзіеўскі заявіў:

“Усе адносіны будуць моцна падмарожаныя. Я асабіста буду настойваць на высылцы амбасадара на паўгода і на высылцы галоўных кэгэбэшных дзеячоў, а менавіта -- рэзыдэнта і кіраўніка лініі Н (гэта значыць, нелегалы). Таму што гэтая апэрацыя была відавочна зробленая пры дапамозе нелегальнай службы. А ў іх ёсьць работнік. Вось гэтых дваіх супрацоўнікаў трэба выслаць. А амбасадара– як дэманстратыўны жэст”.

Аднак, сёньня першы намесьнік прэм’ер-міністра Расеі Сяргей Іваноў заявіў, што гэта не паўплывае на стасункі Масквы з Брытаніяй.

У Канах пакажуць фільм пра Літвіненку

Тым часам ў праграму Канскага міжнароднага кінафэстывалю, які адбываецца гэтымі днямі, уключылі паказ дакумэнтальнага фільма пра Аляксандра Літвіненку. Фільм “Бунт: справа Літвіненкі” толькі што завяршылі Андрэй Някрасаў і Вольга Конская. Някрасаў падтрымліваў сяброўскія адносіны зь Літвіненкам.

У інтэрвію нашаму радыё Някрасаў сказаў, што наўрад ці падазраваныя апынуцца ў судзе. Аднак, на ягоную думку, “важна, каб працэс не спыняўся. Гэта не звычайнае забойства. Гэта – палітычнае забойства, пра якое трэба казаць адкрыта. І праўда пра гэта пойдзе на карысьць і брытанскаму грамадзтву, і расейскаму грамадзтву незалежна ад шанцаў экстрадыцыі”.

Удава Літвіненкі Марына зьбіраецца прысутнічаць у Канах на паказе фільма. Яна ж заявіла BBC, што хоча, каб суд у справе забойства яе мужа адбываўся ў Вялікабрытаніі.

Аляксандар Літвіненка – былы афіцэр ФСБ Расеі і жорсткі крытык расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна – быў атручаны ўвосень летась у Лёндане рэдкім радыёактыўным рэчывам “палёній-210”. 23 лістапада 2006 году Літвіненка памёр ва ўзросьце 43 гадоў у лёнданскім шпіталі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG